63
Беларускія футбольныя клубы правядуць матчы кваліфікацыі Лігі канферэнцый
30.07.2026 | 11:05
Беларускія футбольныя клубы правядуць паядынкі ў адказ другога кваліфікацыйнага раўнда Лігі канферэнцый, паведаміла БелТА.
У балгарскім горадзе Стара-Загора футбалісты мінскага «Дынама» згуляюць з азербайджанскім «Нефтчы» (пачатак матчу ў 20:00; прамая трансляцыя на тэлеканале «Беларусь 5»). Гэту сустрэчу абслужыць паўночнаірландская брыгада арбітраў на чале з Цімам Маршалам. На мінулым тыдні ў Баку дынамаўцы атрымалі валявую вікторыю з вынікам 4:2. Калі мінчане пройдуць у наступны этап, то іх сапернікам будзе пераможца пары «Жалезнічар» (Панчава, Сербія) — «Брага» (Партугалія). У Сербіі партугальцы выйгралі з мінімальнай перавагай у ліку — 1:0. На старце цяперашняга еўракубкавага сезона мінскія дынамаўцы перамаглі паўночнамакедонскі «Сілекс».
Барысаўскі БАТЭ будзе сапернічаць на выездзе з футбалістамі швейцарскага «Сьёна» (пачатак матчу ў 21:15). Галоўным арбітрам прызначаны шведскі рэферы Юакім Эстлінг. Тыдзень таму ў азербайджанскім Сумгаіце сапернікі разышліся мірам — 1:1. У выпадку поспеху ў гульнях са швейцарскай камандай барысаўчане пазмагаюцца з пераможцам пары «Зімбру» (Кішынёў, Малдова) — «Ноа» (Ерэван, Арменія). Іх матч у малдаўскай сталіцы таксама завяршыўся ўнічыю — 1:1. У першым крузе кваліфікацыі барысаўчане аказаліся мацнейшымі за албанскі «Эльбасані».
Чэмпіён Беларусі «МЛ Віцебск» у сербскім Нікшычы сустрэнецца з мясцовай «Суцьескай» (пачатак матчу ў 22:00). Гэты паядынак будзе судзіць турэцкая брыгада арбітраў, якую ўзначаліць Агузхан Чакыр. На мінулым тыдні ў намінальным дамашнім матчы ў венгерскім Мезекевешдзе віцябчане разграмілі сербскую каманду з сухім лікам 3:0. Калі «МЛ Віцебск» выйграе ў «Суцьескі» па суме дзвюх сустрэч, то выйдзе на пераможцу пары «Борац» (Баня-Лука, Боснія і Герцагавіна) — «Петракуб» (Хынчэшты, Малдова). У першай сустрэчы баснійцы ў сябе дома перамаглі сапернікаў з вынікам 3:0. «МЛ Віцебск» дэбютаваў на еўрапейскай арэне ў кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў, саступіўшы чэмпіёну Румыніі «Універсітаце».