Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт упершыню прыме рэспубліканскую алімпіяду па тапаграфічнай анатоміі і аператыўнай хірургіі, паведамляе БелТА.
Рэспубліканская алімпіяда студэнтаў і маладых вучоных з міжнародным удзелам пройдзе 26-27 лютага. Удзельнікамі стануць студэнты 3-6-х курсаў медыцынскіх спецыяльнасцяў усіх медыцынскіх ВНУ Беларусі, а таксама прадстаўнікі Расіі.
Камандам трэба прайсці сур’ёзныя іспыты, якія складаюцца з тэарэтычнай і практычнай частак, у пяці найскладанейшых намінацыях, якія адлюстроўваюць сучасныя напрамкі хірургіі: «Лапараскапія», «Сардэчна-сасудзістая хірургія», «Чэраўная хірургія», «Таракальная хірургія», «Пластычная хірургія».
Будучым спецыялістам трэба будзе прадэманстраваць віртуозную тэхніку выканання такіх умяшанняў, як аортакаранарнае шунтаванне, рэзекцыя страўніка, татальная рэканструкцыя вонкавага носа і іншыя найскладанейшыя аперацыі, на сімуляцыйным абсталяванні і біялагічным матэрыяле.
У фінал выйдуць тры наймацнейшыя каманды. Іх чакаюць рэальныя хірургічныя этапы — пункцыя ярэмнай вены пад ультрагукавой навігацыяй і правабаковая гемікалэктамія — на эксперыментальнай жывёле (трусе) ва ўмовах сапраўднай аперацыйнай кафедры пад назіраннем строгага журы.
Арганізатарамі маштабнага спаборніцтва выступаюць Міністэрства аховы здароўя Беларусі і Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Гэта будзе ўнікальнай пляцоўкай для дэманстрацыі прафесійных ведаў і практычных навыкаў будучых хірургаў з розных універсітэтаў краіны і блізкага замежжа.