Пры пажары ў Наваполацку выратаваны бацька і сын, паведамляе БелТА.
Сігнал аб задымленні ў кватэры па вул.Маладзёжнай ратавальнікі атрымалі ўвечары 21 сакавіка. Калі падраздзяленні МНС прыбылі да месца выкліку, назіраўся дым з акна кватэры на першым паверсе шматкватэрнага жылога дома.
Пры разведцы ўнутры ратавальнікі знайшлі гаспадара-пенсіянера і яго сына. «Абодва былі ў прытомнасці, аднак пакінуць небяспечную зону самастойна не маглі», — удакладнілі ў МНС.
Работнікі МНС вывелі мужчын на свежае паветра і перадалі медыкам. Пенсіянера шпіталізавалі, ягоны сын ад шпіталізацыі адмовіўся.
Эвакуацыя жыхароў дома не спатрэбілася. Прычыну і абставіны здарэння высвятляюць. На месцы пажару працавала шэсць адзінак тэхнікі МНС.