"Мінск" не змог у другі раз абгуляць баскетбалістаў екацярынбургскага "Уралмаша" ў дамашнім паядынку Адзінай маладзёжнай лігі ВТБ, паведамляе БелТА.
Сёння падапечныя Дзмітрыя Калтунова саступілі гасцям з розніцай у два ачкі — 75:77. Самым выніковым у складзе мінчан стаў Даніла Семянюк, які набраў 19 ачкоў, на два балы менш у актыве Паўла Рабушкі. У панядзелак, 12 студзеня, беларусы адолелі ўральскую каманду з перавагай у тры балы — 71:68. Два наступныя матчы «Мінск» таксама правядзе на сваёй арэне — 16 і 17 студзеня супраць пермскай «Пармы».
У актыве беларускай каманды зараз 40 ачкоў, набраных у 28 паядынках. Лідзіруе маскоўскі МБА-МАІ, у якога 55 ачкоў, на два балы адстае піцерскі «Зеніт», у актыве маскоўскага ЦСКА 50 ачкоў, у краснадарскага «Лакаматыва-Кубані» 47 заліковых балаў.
У рэгулярным чэмпіянаце выступаюць 14 клубаў, якія праводзяць чатырохкругавы турнір (па два матчы дома і ў гасцях), а затым васьмёрка лепшых выходзіць у плэй-оф. Пераможцы чвэрцьфінальных пар згуляюць на вырашальным этапе — у «фінале чатырох». Маладзёжная каманда «Мінска» ў сваім дэбютным сезоне прабілася ў чвэрцьфінал, саступіўшы МБА-МАІ, які ў выніку стаў пераможцам маладзёжнай лігі.