Ужо ў гэту суботу, 21 лютага, на базе «Барысаў-Арэны» адбудзецца абласное спартыўнае свята «Мінская лыжня — 2026». Сёлета мерапрыемства ўпершыню пройдзе на гэтай пляцоўцы, сабраўшы аматараў лыжнага спорту з усяго рэгіёна.
Як паведамілі ў прэс-службе Мінаблвыканкама, удзел у спаборніцтвах прымуць каманды з усіх раёнаў Міншчыны. За перамогу будуць змагацца спартсмены ва ўзросце ад 30 гадоў і старэйшыя.
Праграма свята
11:00 — пачатак рэгістрацыі ўдзельнікаў
12.30 — урачыстае адкрыццё
13:00-16:00 — спаборніцкая частка
16.30 — цырымонія закрыцця і ўзнагароджанне пераможцаў.
Гастранамічны антракт
Арганізатары паклапаціліся аб тым, каб ніхто не застаўся галодным. На пляцоўцы разгорнецца маштабны выязны гандаль. У меню: духмяныя шашлыкі, гарачыя чай і кава, прысмакі, галоўны хіт: румяныя бліны — абавязковы атрыбут падчас Масленіцы.
«Мінская лыжня» — гэта не толькі секунды на дыстанцыі, але і вялікі сямейны фестываль.
У праграме свята — забавы для дзяцей і дарослых на любы густ. Гэта зімовы дартс, кёрлінг з чайнікамі, стральба з лазернага пісталета, кірмаш майстроў і фотазона з хаскі і інш. Добры настрой удзельнікам і балельшчыкам падораць творчыя калектывы Мінскай вобласці.
Уваход на мерапрыемства вольны. Прыходзьце ўсёй сям’ёй, каб злавіць рытм адыходзячай зімы і зарадзіцца выдатным настроем!
