Бабруйскія кніжнікі адзначаюць сёлета 125-годдзе з дня заснавання Бабруйскай гарадской бібліятэкі імя А. С. Пушкіна.
І згадваючы старонкі гісторыі вядомай кніжнай скарбніцы рэгіёна, успамінаюць у сваіх лічбавых рэсурсах тых, хто стаяў каля вытокаў. Адна з яркіх асоб — Іосіф Бенцыянавіч Сіманоўскі, які з 1918-га па 1921 год узначальваў гарадскую бібліятэку імя А. С. Пушкіна. І пасля амаль чатыры дзесяцігоддзі быў на чале Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У. І. Леніна. У бабруйскай кніжніцы працавала легендарны, вядомы ўсёй Беларусі бібліёграф Юлія Іосіфаўна Бібіла. Менавіта яна стварыла ў Бабруйскай бібліятэцы імя А. С. Пушкіна першы ў рэспубліцы аддзел краязнаўства. Гэта Юлія Іосіфаўна арганізавала выпуск выдання «Летапіс беларускага друку».
Вельмі яркая асоба — Надзея Аляксандраўна Нямкевіч (1937 — 2025), якая ўзначальвала ўсю бібліятэчную сістэму ў Бабруйску з 1976 па 2022 гады. Яна была арганізатарам першай на Магілёўшчыне цэнтралізаванай сеткі бібліятэк горада. У маі 2026-га ў Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя М. Горкага адбыўся вечар памяці Надзеі Нямкевіч «Жыццё маё — бібліятэка».
Што цікава, бабруйскія гісторыкі бібліятэчнай справы вырашылі падаць на сваёй платформе і жыццяпісы легендарных бібліятэкараў з іншых куткоў постсавецкай прасторы. І адзін з такіх расповедаў — пра лёс легендарнага кастрамскога бібліятэкара Ганны Аляксееўны Вінаградавай, якая працавала ў Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя А. С. Пушкіна горада Кастрама.
Мікола БЕРЛЕЖ