У Бабруйскай цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя М. Горкага прайшла імпрэза «Гучы, беларускае слова».
Размова пра беларускую літаратуру, знаёмства з кніжнай скарбніцай — усё было прысвечана 105-годдзю з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Пятровіча Шамякіна.
У бліжэйшы час грамадскасць краіны адзначыць і другі літаратурны юбілей — 105-годдзе з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа. У старэйшай бабруйскай бібліятэцы разгарнулі кніжную выстаўку «Шамякін і Мележ: дзве эпохі, два жыцці, два погляды».
У час імпрэзы наведвальнікі разам з бібліятэкарамі расказвалі пра свае ўражанні ад прачытаных твораў класікаў, згадвалі ўрыўкі з раманаў Шамякіна і Мележа.
Іван Пятровіч Шамякін і Іван Паўлавіч Мележ добра ведалі Бабруйск, Бабруйшчыну, неаднойчы праязджалі мясцовымі дарогамі да сябе, на родную Гомельшчыну. Бабруйскія бібліятэкары надаюць асаблівую ўвагу літаратурнаму краязнаўству. У горадзе і сёння памятаюць, што ў XIX — першай палове XX стагоддзяў з Бабруйскам былі звязаны лёсы пісьменнікаў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Міхася Лынькова, Васіля Віткі, Валерыя Маракова, Сяргея Грахоўскага, Уладзіміра Кандрацені, Фёдара Куляшова і іншых паэтаў, празаікаў, літаратуразнаўцаў.
Мікола БЕРЛЕЖ