Двойчы за гэта жніво на гаспадарцы пабываў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Вядома, за значнымі паказчыкамі стаіць работа прафесіяналаў, людзей, якія добра ведаюць сваю справу і аддалі рабоце ў сельскай гаспадарцы не адзін дзясятак гадоў. Многія работнікі гаспадаркі перадалі любоў да прафесіі сваім дзецям і стварылі сямейныя працоўныя дынастыі. Мы пазнаёміліся з адной такой дынастыяй — камбайнераў Федарэнкаў.
Пачынальнік працоўнай дынастыі Іван Пятровіч Федарэнка з’яўляецца механізатарам вось ужо 29 гадоў. Па прыкладзе бацькі стаў механізатарам і яго сын Аляксандр, які працуе ў ААТ «Азярыцкі-Агра» тры гады. Выдатнае сонечнае надвор’е, якое ўстанавілася ў апошнія дні, дае магчымасць камбайнерам працаваць без замінак, яны выкарыстоўваюць кожную хвіліну.
— Для таго каб дасягнуць высокіх паказчыкаў, вельмі важна любіць сваю справу. Упэўнена, што ў рабоце механізатара вы знайшлі сваё прызванне... — пачынаю размову з Іванам Пятровічам.
— Так. Я нарадзіўся ў вёсцы Кунцаўшчына Мінскага раёна, а затым мае бацькі пераехалі жыць у вёску Акцябр Лагойскага раёна. Паколькі яны працавалі ў мясцовай гаспадарцы, я добра ведаў, што такое нялёгкая вясковая праца. Разам са сваімі братамі дапамагаў бацькам і разумеў, як шмат часу патрабуе работа ў калгасе.
Скончыўшы дзевяць класаў акцябрскай сярэдняй школы, Іван паступіў у Смалявіцкае дзяржаўнае прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 204, дзе набыў спецыяльнасць механізатара. Свой працоўны шлях хлопец пачаў у родным калгасе. Шчыраваў слесарам, механізатарам. Рабоце ў гэтай гаспадарцы Іван Пятровіч аддаў 22 гады. І вось ужо сем гадоў працуе ў ААТ «Азярыцкі-Агра».
— Вядома, што работа на жніве не з лёгкіх. Што дапамагае вам у працы? — пытаюся ў перадавіка.
— Канешне, вельмі дапамагае тое, што працую на сучасным высокатэхналагічным камбайне «Палессе GS2124». У кабіне заўсёды падтрымліваецца аптымальная тэмпература, працэс работы камп’ютарызаваны, таму збояў практычна не бывае. Адзінае, што можа замарудзіць ход уборачнай, — пагаршэнне надвор’я, — кажа суразмоўца.
— Калі пачынаецца ваш працоўны дзень?
— Выходзім у поле ў восем гадзін, а заканчваем каля 22 гадзін і пазней, — адказвае механізатар. — Скажу шчыра: за працай час заўсёды пралятае вельмі хутка. Наша галоўная мэта — своечасова ўбраць ураджай, таму працуем не звяртаючы ўвагі на час сутак. Калі сваю работу выконваць шчыра і самааддана, яна заўсёды прынясе станоўчы вынік.
Так лічыць і сын Івана Пятровіча Аляксандр.
Пасля школы ён таксама адвучыўся ў Смалявічах (цяпер там аграрна-тэхнічны ліцэй). Вярнуўшыся з арміі, паўтара года працаваў на пілараме, а затым стаў работнікам гаспадаркі, дзе ўжо не першы год шчыруе бацька.
— Спачатку, канешне, было нялёгка, — расказвае малады механізатар. — Трэба было дэталёва вывучыць спецыфіку работы камбайна. Аднак паступова ўсё стала зразумелым. На работу заўсёды прыходжу з задавальненнем. Працую на камбайне «Палессе GS16». Калі і далей будзе такое выдатнае сонечнае надвор’е, увесь патрэбны аб’ём работ выканаем хутка.
Дарэчы, сямейную справу механізатараў прадоўжылі і два браты Івана Пятровіча — Сяргей і Пётр. Сяргей Пятровіч 20 гадоў быў кіроўцам трактара, камбайнерам на дзяржаўным прадпрыемстве «Спутник-Агра», не адзін год аддаў рабоце механізатара на гэтым прадпрыемстве і Пётр Пятровіч. Цяпер ён працуе трактарыстам у ААТ «Азярыцкі-Агра».
У перыяд уборачнай вольнага часу ў механізатараў практычна няма. Іван Пятровіч падзяліўся, што пасля заканчэння самай гарачай для хлебаробаў пары будзе займацца добраўпарадкаваннем дома, які набыў у вёсцы Арэшнікі. Грошай, якія заробіць на ўборачнай, якраз хопіць, каб давесці ўсё да ладу. А вось Аляксандр у вольны час любіць пагуляць у футбол.
— Вельмі важна, каб моладзь укладвала ў сваю работу душу, — кажа Іван Пятровіч. — Хочацца, каб маладыя работнікі працавалі лепш за нас.
— Рабіць сваю справу заўсёды трэба шчыра і самааддана, тады абавязкова ўсё атрымаецца, — дадае Аляксандр.
Ніхто і не сумняваецца, што будзе менавіта так.
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ
Фота: Віктар ІВАНЧЫКАЎ