Эканамічны дабрабыт Еўропы ў найбліжэйшыя месяцы залежыць ад волі божай: якое надвор’е нябёсы пашлюць гэтай зімой. Калі зіма будзе звычайнай, то газу будзе проста не хапаць. Калі халоднай — выбухне энергетычны крызіс глыбіні 2022 года. Да маразоў яшчэ далёка, але біржавыя цэны ўжо надзейна перавысілі 800 долараў за тысячу кубічных метраў. Еўрачыноўнікі спасылаюцца на абставіны непераадольнай сілы. Перш за ўсё — канфлікт на Блізкім Усходзе. Што праўдай з’яўляецца толькі часткова. Не менш значны суб’ектыўны фактар — з-за сваёй своеасаблівай рэгуляторыкі еўрапейскія пакупнікі не могуць канкурыраваць за дэфіцытныя сёння энерганосьбіты з азіяцкімі пакупнікамі.
Еўракамісар па энергетыцы Дан Ёргенсэн, як і належыць добрапрыстойнаму чыноўніку, выпраменьвае аптымізм, запэўніваючы еўрапейцаў: пагрозы бяспецы паставак не праглядваюцца. Але адначасова заклікае краіны ЕС скараціць спажыванне і газу, і электрычнасці. У прыватнасці, еўракамісар прапануе абмежаваць ацяпленне грамадскіх будынкаў, па магчымасці адключаць вулічнае асвятленне па начах. Занепакоенасць адказнага за энергетыку ў Еўропе зразумелая: на канец верасня сховішчы запоўненыя газам толькі на 70 %: на 12 працэнтных пунктаў менш, чым летась. А пастаўкі звадкаванага прыроднага газу, на які зрабіла стаўку ЕС у пачатку 2020-х, сёння ў вялікім дэфіцыце. Праўда, той жа Дан Ёргенсэн пераконвае: да энергетычнага крызісу саюз падрыхтаваўся лепш, чым у 2022 годзе.
У прыватнасці, уклаў вялізныя сродкі ў тэрміналы прыёму ЗПГ. І еўрачыноўнік не хлусіць. Праблема ў іншым: гэтыя тэрміналы няма чым запаўняць.
Звадкаваны прыродны газ цяпер у дэфіцыце. Перш-наперш з прычыны вельмі абмежаваных паставак з Катара і Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў: Армузскі праліў так поўнасцю і не адкрыўся. Праўда, доля газу з Блізкага Усходу ў еўрапейскім балансе складала менш за 5 % і ЗПГ — 7-8 %.
Асноўнымі спажыўцамі энерганосьбітаў з узбярэжжа Персідскага заліва з’яўляліся азіяцкія дзяржавы ў сілу сваёй геаграфічнай блізкасці і зручнай лагістыкі. Ключавым пастаўшчыком газу ў ЕС апошнія гады з’яўляюцца ЗША: закрываюць больш за палову імпарту. А ў Штатах здабыўная галіна, быццам бы, ніяк не пацярпела. Наадварот — квітнее, лічыць прыбыткі і развіваецца. Але ці будуць амерыканцы пастаўляць газ у Еўропу ў неабходнай колькасці? Пакуль дакладна невядома. У жорсткую канкурэнцыю за пастаўкі вуглевадародаў уступілі азіяцкія спажыўцы.
Высветлілася, што рынак ЕС далёка не такі прэміяльны, якім здаваўся яшчэ нядаўна, — еўрапейцы крыху збяднелі.
І з прычыны сваіх бюракратычных інавацый не могуць прапанаваць больш цікавыя ўмовы, чым кампаніі з азіяцкага рэгіёна.
У прыватнасці, яны вядуць перагаворы з пастаўшчыкамі (у тым лікуц і амерыканскімі) аб доўгіх кантрактах — тэрмінам да 20 гадоў. Біржавыя рынкі занадта валацільныя, непрадказальныя, прычым не толькі па цэнах, але і ў прынцыпе па фізічнай магчымасці дастаўкі. Доўгатэрміновыя кантракты больш стабільныя, даюць магчымасць і здабыўным, і лагістычным, і спажывальным кампаніям спланаваць сваю дзейнасць, тым самым мінімізуючы выдаткі і пазбягаючы страт ад ваганняў біржавых каціровак. Да таго ж, доўгія кантракты гарантуюць, наколькі гэта магчыма ў нашым складаным свеце, пастаўкі ў прынцыпе. Таму азіяцкія кампаніі і хочуць гуляць «у доўгую». І нават гатовы прапаноўваць пастаўшчыкам прэмію да базавай цаны.
Еўрапейскія кампаніі пазбаўленыя такой раскошы. Па-першае, ЕС якраз у пачатку 2020-х гераічна адышоў ад доўгіх кантрактаў, што тады і выклікала энергетычны крызіс, а зусім не баявыя дзеянні ва Украіне. Па-другое, у ЕС дзейнічаюць новыя правілы, якія прымушаюць імпарцёраў вымяраць і раскрываць даныя аб выкідах метану. Такое патрабаванне робіць працяглыя дамоўленасці занадта складанымі і не вельмі прывабнымі для пастаўшчыкоў.
Старшыня грэчаскай Aktor Group Аляксандрас Эксарху дапусціў, што Еўрасаюзу давядзецца адступіць ад новых правіл пасля зімовай барацьбы за ЗПГ і ўзмацнення інфляцыйнага ціску па прычыне росту цэн на энергію. Іншае пытанне, што еўрапейская бюракратыя занадта непаваротлівая і нягнуткая. Логіка і рацыяналізм падказваюць: неабходныя нейкія новыя рашэнні. Няхай яны не будуць неардынарнымі, але хоць бы будуць падпарадкоўвацца прагматызму. Тая ж экалагічная тэма не сышла з парадку дня, аднак яна трансфармавалася да непазнавальнасці. Еўропа ўжо не з’яўляецца бясспрэчным аўтарытэтам у гэтай сферы. І ўжо недарэчна змагацца з парніковымі газамі, спрабуючы ў каторы раз пад рознымі прыправамі пракруціць ідэю розных трансгранічных пошлін і абмежаванняў, якія абмяжоўваюць доступ на еўрапейскі рынак. Ён ужо не той, што раней. Не самы моцны і далёка не самы прэміяльны. Захоўвае прывабнасць у моманце, але прагнозы вельмі туманныя і сумнеўныя. І ўжо азіяцкія пакупнікі, на якіх яшчэ адносна нядаўна, да ковіду, буйныя транснацыянальныя энергетычныя кампаніі глядзелі пагардліва, цяпер выйграюць канкурэнцыю ў еўрапейцаў, заключаючы кантракты з амерыканскімі пастаўшчыкамі.
Словам, энергетычны складнік у ЕС выклікае ва ўсіх вялікія асцярогі. Тым больш што з 1 студзеня наступнага года Еўропа вырашыла адмовіцца ад расійскага звадкаванага прыроднага газу, тым самым звузіўшы дыверсіфікацыю і свае магчымасці для манеўру. А ў першым паўгоддзі яго закупілі ў аб’ёмах амаль 10 мільёнаў тон. Нашмат больш, чым на Блізкім Усходзе. Інакш кажучы, зімой ЕС чакае яшчэ адзін энергетычны шок. Зусім рукатворны, а яго аўтары знаходзяцца ў Бруселі. Ці будзе праяўлена гнуткасць — будзем назіраць. Аднак пакуль энергетычны пасьянс у Старым Свеце пагражае не скласціся.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ