Каб надаць дынаміку развіццю гэтага фінансавага інструмента, парламентам цяпер рыхтуецца да разгляду ў другім чытанні праект закона Беларусі «Аб лізінгавай дзейнасці».
Менавіта гэту тэму разгледзелі сенатары на выязным пасяджэнні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па эканоміцы, бюджэце і фінансах.
Як вядома, лізінг як фінансавы інструмент дазваляе простым жыхарам і арганізацыям вырашыць пытанне атрымання неабходнай рухомай і нерухомай маёмасці ў часовае валоданне і карыстанне. Пры тым, што кліент можа выканаць гэту задачу пры адсутнасці адначасова ўсёй фінансавай сумы для куплі гэтых тавараў.
Лізінг дазваляе для арганізацый і грамадзян аптымізаваць (расцягнуць на няпэўны час) свае значныя інвестыцыйныя выдаткі, звязаныя з набыццём дарагой маёмасці.
За кошт лізінгу ёсць магчымасць не толькі адразу атрымаць транспартны сродак, станок або памяшканне, але і размеркаваць выдаткі па іх набыцці на працяглы тэрмін, зыходзячы з чаканых грашовых патокаў. Больш за тое, для выпадку з прадпрыемствамі і прадпрымальнікамі — гэта атрыманая ў лізінг маёмасць можа выкарыстоўвацца для збірання даходу, які накіроўваецца на выплату лізінгавых плацяжоў.
Старшыня Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Раман БРОДАЎ адзначыў, што сёння мы пераходзім да стварэння практычна новай інстытуцыі ў рэгуляванні лізінгавай дзейнасці. З прыняццем Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з устаноўкамі Прэзідэнта мы павінны паступова перайсці ў рэгуляванне сферы ад асобных нарматыўных актаў да сістэмнага вялікага рэгулявання на ўзроўні законаў, упэўнены старшыня.
«Адзін з такіх глабальных законаў — гэта закон аб лізінгавай дзейнасці, які павінен комплексна ўрэгуляваць гэту сферу праваадносін. У чым яе важнасць, у чым яе унікальнасць? Перш за ўсё, лізінгавая дзейнасць — гэта вельмі даступны і зразумелы інструмент, даступны як грамадзянам, так і невялікім прадпрыемствам, малому і сярэдняму бізнесу па розных прычынах, — лічыць сенатар. — Па ўзроўні ставак, па даступнасці, па хуткасці разгляду, па прастаце яго выкарыстання і па тых аб’ектах, якія могуць быць прафінансаваны з дапамогай гэтага інструмента.
Мы на базе нашай практыкі, на базе тых ужо рэалізаваных праектаў, якія бачым, разумеем, што ў краіне рэалізаваны проста цудоўныя праекты і маецца вялікая аддача ад гэтых праектаў менавіта з выкарыстаннем інструментаў лізінгу». Таму для таго, каб гэты інструмент і працягваў заставацца эфектыўным, Нацыянальным банкам сумесна з урадам распрацаваны такі сур’ёзны маштабны закон. Што ён вырашае?
«Перш за ўсё, яго акцэнт зроблены на абарону грамадзян, на тое, каб улічыць напрацаваную практыку, якая атрымана ў ходзе выкарыстання гэтага інструмента ў краіне ўжо на ўзроўні закона, — падкрэсліў Раман Бродаў. — Закон — гэта вышэйшая юрыдычная сіла пасля Канстытуцыі. Вельмі важна, каб менавіта на ўзроўні закона былі вызначаны правілы гульні. Перш-наперш гэта абмежаванне па так званай пераплаце ў перыяд лізінгу. Вызначаны ўзроўні пераплат да года, а таксама, калі лізінг звыш года, колькі арганізацыя можа дадаць звыш кошту аб’екта лізінгу. На ўзроўні Нацыянальнага банка будуць вызначаны ўзроўні штрафных санкцый за невыкананне тых ці іншых абавязацельстваў. Яны таксама будуць абмежаваныя, а гэта значыць, што чалавек не будзе загнаны ў нейкую фінансавую кабалу і пасля будзе плаціць нейкія надмерныя штрафы, пені альбо іншыя фінансавыя санкцыі».
Старшыня камісіі падкрэсліў, што на ўзроўні закона вызначаны колькасці выпадкаў, пасля якіх лізінгавая арганізацыя можа прад’яўляць ужо абгрунтаваныя патрабаванні да неплацельшчыка. Гэта значыць, законам даецца перыяд, калі чалавек у сілу розных жыццёвых абставінаў можа несвоечасова выканаць нейкія абавязацельствы.
Улічаны новыя формы фінансавай падтрымкі і фінансавання аб’ектаў. Гэта жыллё, гэта дамы. Раней з гэтым узнікалі складанасці. Калі дом знаходзіцца на зямельным участку, узнікала пытанне, а што рабіць з зямлёй? Дом можна ўзяць у лізінг, а зямля зусім іншы аб’ект. Таму закон акругліў гэту практыку, прапісаў усе тонкасці, зыходзячы перш за ўсё з інтарэсаў насельніцтва, перш за ўсё тых напрацаваных нюансаў, якія былі выяўлены на працягу папярэдніх дзесяці гадоў. Сёння на ўзроўні камісіі мы разгледзелі гэты законапраект. У цэлым разумеем, што праведзена вялікая работа, усё аднагалосна і не толькі члены камісіі, але і ўдзельнікі, запрошаныя, члены іншых калегіяльных утварэнняў, Палаты прадстаўнікоў і іншых дзяржорганаў. Усе прыйшлі да аднагалоснага меркавання, што гэта сур’ёзны значны крок наперад.
«Але, як заўсёды, трэба будзе дадатковая работа ў тым, каб улічыць дэталі ў падзаконных актах. Мы таксама звярнулі на гэта ўвагу, каб не было нейкіх адкладзеных рэгуляторыкаў, якія праз месяц-два-тры паднясуць сюрпрыз, — лічыць сенатар. — Таму спрабавалі комплексна паглядзець на ўсе праблемы, якія ёсць ва ўдзельнікаў лізінгавага рынку, нават задаючы дзесьці такія правакацыйныя пытанні, мы капалі глыбей, чым норма закона, разумеючы, чым завершыцца рэгуляванне гэтага сегмента эканомікі пасля таго, як закон будзе разгледжаны Саветам Рэспублікі і перададзены на разгляд кіраўніку дзяржавы».
Лізінгавы рынак у нашай краіне развіваецца фенаменальнымі тэмпамі. «Сёння гэта каля 15 мільярдаў рублёў у партфелі лізінгавых арганізацый. Гэта значыць, на такую суму перададзена маёмасць і розных іншых матэрыяльных актываў у карыстанне, фінансавую арэнду грамадзянам і юрыдычным асобам. Прырастаем з тэмпам дзесьці 20 % у год. Мала што так хутка расце ў краіне ў эканамічным плане, як рынак лізінгу. Інструмент запатрабаваны, абгрунтавана зручны і дае проста выдатныя вынікі. Некаторыя праекты растуць у 3–4 разы хутчэй, чым іншыя аналагічныя віды бізнесу», — лічыць спікер.

Мы знаходзілі такія дзіўныя прыклады, калі нават медыцынскія цэнтры з’яўляліся на аснове гэтага інструмента. Або прадпрыемства грамадскага харчавання. «Літаральна з нуля з гэтай фінансавай падтрымкай за год-паўтара 15–20 чалавек у невялікім раёне ўжо працуюць і прыносяць карысць і насельніцтву, і дзяржаве. Прадпрыемствы ў прамысловай сферы па металаапрацоўцы рэгулярна абнаўляюць свае асноўныя фонды і тэхналагічнае абсталяванне і на аснове інструментаў лізінгу перарастаюць па колькасці з 20 да 100 чалавек на працягу 2–3 гадоў. Упэўнены, што новы закон накіраваны, галоўным чынам, на дзве мэты. Сістэматызаваць існуючыя прававыя акты, улічыць напрацаваную практыку, перш за ўсё ў інтарэсах грамадзян, і, другое, стварыць дадатковыя ўмовы для таго, каб лізінг быў у будучыні тым інструментам, які служыць эканамічнаму росту краіны», — падкрэсліў Раман Бродаў.
Сяргей КУРКАЧ