«Тэхналагічны суверэнітэт — найважнейшае пытанне, якое нам трэба будзе ўсім разам вырашыць»
На базе Парка высокіх тэхналогій адбыўся форум «Тэхналагічны суверэнітэт: ІТ-рэсурс для прамысловасці», удзел у якім узяў Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын. Падчас мерапрыемства былі абмеркаваны далейшыя кірункі развіцця ІТ-сферы.
Перад пачаткам работы форуму кіраўнік беларускага ўрада азнаёміўся з выстаўкай распрацовак рэзідэнтаў ПВТ у сферы рабатызацыі і прамысловасці. Усяго было прадстаўлена 14 рэзідэнтаў. Яны маюць шырокую геаграфію супрацоўніцтва са 150 краінамі свету. Прадукты кампаній таксама ўкаранёныя на розных прадпрыемствах Беларусі: ААТ «МТЗ», ААТ «Светлагорскі ЦКК», ААТ «Пеленг», група кампаній GEFEST, ААТ «Беларуськалій», ААТ «Гомсельмаш » і іншыя.

«Мы дадзім старт стварэнню новых прадуктаў, якія будуць запатрабаваныя і ў нас, і за мяжой»
«Мы працягваем добрую традыцыю мерапрыемстваў у Парку высокіх тэхналогій, якую ў свой час называлі Дзень урада ў ПВТ, — звяртаючыся да ўдзельнікаў форуму, падкрэсліў Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын. — Я лічу, тэма нашай сённяшняй сустрэчы — тэхналагічны суверэнітэт — гэта найважнейшае пытанне, якое нам трэба будзе ўсім разам вырашыць».
Аляксандр Турчын патлумачыў, чаму такія сустрэчы ў ПВТ актуальныя для ўрада. «Вельмі важна, каб была камунікацыя паміж машынабудаўнікамі і ІТ-распрацоўшчыкамі, каб яны атрымлівалі патрэбную сінергію і выраблялі прадукты, якія патрэбныя як у нашай краіне, так і на знешнім контуры, — акцэнтаваў увагу Прэм’ер-міністр. — І на ПВТ ускладаецца вельмі вялікая роля. Парк высокіх тэхналогій павінен прыцягваць і вырошчваць кампаніі. Мы павінны мець поўны каталог гэтых кампаній, каб любы суб’ект гаспадарання разумеў, дзе яму знайсці партнёра. Прадстаўнікі рэальнага сектара павінны знаходзіць гэтыя рашэнні і ўвасабляць у жыццё ў сябе на прадпрыемствах».
Кіраўнік урада падкрэсліў, што падчас наведвання выставы распрацовак ужо быў прыняты шэраг рашэнняў. «Не выключаю, што мы дадзім старт стварэнню новых прадуктаў, якія будуць запатрабаваныя і ў нас, і за мяжой. Час вельмі хутка ідзе, і нам трэба прымаць хуткія рашэнні, ацаніўшы нашы магчымасці, рухацца наперад. Хацеў бы ўсіх нацэліць на вельмі актыўную работу ў гэтым кірунку. Мы абмяркуем, што неабходна змяніць, дапоўніць у заканадаўстве, каб даць пэўны імпульс у развіцці ІТ-тэхналогій. Хацелася б, каб вынікам нашай сустрэчы былі канкрэтныя праекты, і мы маглі ў бліжэйшай перспектыве атрымаць адчувальныя вынікі нашай сумеснай работы», — рэзюмаваў Аляксандр Турчын.
«У нас ёсць распрацоўкі, якія актыўна запатрабаваныя ў свеце»
У сваю чаргу начальнік сакратарыята Назіральнага савета ПВТ Ганна Рабава адзначыла, што форум накіраваны на стымуляванне калабарацыі ў сферы прамысловасці паміж рэзідэнтамі ПВТ і рэальным сектарам эканомікі. «У нас ёсць распрацоўкі, якія актыўна запатрабаваныя ў свеце, — канстатавала яна. — Важна, каб нашы прадпрыемствы былі іх першымі карыстальнікамі і атрымлівалі ад іх максімальную выгаду і канкурэнтныя перавагі. Асобная ўвага надаецца развіццю робататэхнікі. На нашай выстаўцы прадстаўлены кампаніі, якія паспяхова вырабляюць як калабарацыйных робатаў, так і чыста тэхналагічных, трэнажорных і гэтак далей. Мы дастаткова багатыя кампетэнцыямі, нам ёсць што паказаць. І мы спадзяёмся, што прадпрыемствы рэальнага сектара, якія яшчэ не ўступілі ў цеснае супрацоўніцтва з намі, зацікавяцца і будуць узаемадзейнічаць».
Паводле яе слоў, калабарацыя ў робататэхніцы ёсць і з расійскімі кампаніямі. «Мы дастаткова сінхронна развіваем свае робататэхнічныя кампетэнцыі. У прыватнасці, ёсць супрацоўніцтва з „Расатамам“, з асобнымі інстытутамі ў рамках праектаў. Але, безумоўна, вельмі прадуктыўна было б вывесці такую праграму на міжкраінавы ўзровень», — дадала Ганна Рабава.
Гаворачы аб дынаміцы развіцця ПВТ, Ганна Рабава адзначыла, што ў парку зарэгістравана 1067 кампаній-рэзідэнтаў, назіраецца ўстойлівы трэнд па росце экспарту паслуг і экспартнай выручкі. Таксама назіраецца ўстойлівы трэнд росту выручкі на ўнутраным рынку.
У прамысловага сектара ёсць попыт на розныя лічбавыя распрацоўкі. «Сярод папулярных — дакладная зварка, дакладная металаапрацоўка. У такіх сферах робат больш выгадны і эфектыўны. Акрамя таго, ёсць высокатэхналагічныя распрацоўкі, якія працуюць на аптычную прамысловасць, на дыстанцыйныя замеры геаметрыі любых прадметаў. Ёсць праект з Беларускай чыгункай па дыстанцыйнай ацэнцы геаметрычных параметраў цягніка, які рухаецца. Сярод іншых праектаў — ацэнка якасці папяровага палатна і сыпкіх рэчываў. Гэта значыць, спектр самы разнастайны», — адзначыла спецыяліст.
«У найбліжэйшы час мы ўбачым вынікі першых пілотных праектаў»
Беларускім заканадаўствам прадугледжана такая працэдура, як рэалізацыя пілотных праектаў. Аб гэтым у размове з журналістамі заявіў міністр сувязі і інфарматызацыі Кірыл Залескі. «Калі ёсць ІТ-прадукт, распрацаваны беларускай кампаніяй, ёсць зацікаўлены бок у выглядзе дзяржаўнага органа або арганізацыі, „пілот“ адпрацоўваецца на невялікім участку — адно прадпрыемства, адзін раён, адзін аб’ект. У далейшым ацэньваецца яго эканамічная эфектыўнасць, і праект можа быць уключаны ў пералік прадуктаў, якія дзяржаўныя органы і арганізацыі змогуць закупляць з адной крыніцы на працягу двух гадоў без працэдуры закупкі», — адзначыў кіраўнік ведамства.
Паводле яго слоў, у нашай краіне даволі шмат перадавых лічбавых і рабатызаваных рашэнняў, але не заўсёды мы ведаем пра іх. «І можа ўзнікнуць сітуацыя, калі рашэнні пастаўляюцца на экспарт, а ўнутры краіны не выкарыстоўваюцца. Наша задача — і праз сістэму пілотных праектаў, і праз падобныя форумы звесці заказчыка і выканаўцу для таго, каб кожнаму праекту была дадзена пуцёўка ў жыццё», — дадаў міністр.
Кіраўнік ведамства падкрэсліў, што пілотныя праекты сёння актыўна рэалізуюцца ў медыцыне, апрацоўцы аб’ёмных даных, сістэмах з выкарыстаннем тэхналогій штучнага інтэлекту і ў іншых сферах. «Перыядычна мы аб’яўляем конкурс на рэалізацыю пілотных праектаў. Як толькі ў нас з’яўляецца свежая тэма, дзе сустракаюцца распрацоўшчык гэтага праекта і патэнцыяльны заказчык, мы адразу ж адпрацоўваем яе ў пілотным рэжыме, — паведаміў Кірыл Залескі. — Я думаю, што ў найбліжэйшы час мы ўбачым вынікі першых пілотных праектаў і зможам прад’явіць іх грамадству».
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА

