Ад лічбавых тэхналогій немагчыма ўжо ні схавацца, ні ўтаіцца. У той ці іншай форме яны прысутнічаюць ва ўсіх вырабах альбо прымяняюцца пры іх вытворчасці. Лічбавыя рашэнні глыбока праніклі ў паўсядзённае жыццё. І цалкам відавочна: канкурэнтаздольнасць эканомікі і соцыуму ў цэлым у найбліжэйшай перспектыве будуць вызначаць характарыстыкі, звязаныя з узроўнем развіцця інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій: як з пункту гледжання іх выкарыстання, так і вытворчасці. Аспекты гэтых працэсаў у Беларусі аналізуюць супрацоўнікі НДЭІ Міністэрства эканомікі Дар’я Квасава і Кацярына Самасюк у артыкуле, апублікаваным у «Эканамічным бюлетэні НДЭІ Міністэрства эканомікі».
Як адзначаюць аўтары, інфармацыйна-камунікацыйная інфраструктура ў Беларусі развіваецца дастаткова дынамічна. Пры гэтым яна застаецца даступнай і для суб’ектаў гаспадарання, і для насельніцтва. Па выніках 2024 года кошт карзіны мабільнай і галасавой сувязі склаў 1 працэнт ад валавага нацыянальнага даходу на душу насельніцтва, у той час як сярэдні сусветны паказчык роўны 2 працэнтам. Ахоп насельніцтва сотавай сувяззю 4G у Беларусі складае больш за 99 працэнтаў. Колькасць абанентаў бесправаднога шырокапалоснага доступу ў сетку Інтэрнэт на 100 чалавек насельніцтва павялічылася з 68 чалавек у 2016 годзе да 107 у 2024-м. За дзесяць гадоў сярэдні трафік фіксаванага шырокапалоснага Інтэрнэту на аднаго абанента вырас амаль у 6 разоў, мабільнага — больш, чым у 16 разоў.
Пры гэтай уражальнай дынаміцы ёсць і пэўныя праблемы. Трэба будзе яшчэ ў поўную сілу разгарнуць тэхналогію 5G, якая з’яўляецца камунікацыйным базісам для інтэрнэту рэчаў, аўтаномнага транспарту, тэлемедыцыны і іншых сучасных лічбавых рашэнняў. Сярэдні сусветны паказчык ахопу 5G насельніцтва склаў у 2024 годзе 64,6 працэнта. І тут нашай краіне неабходна будзе яшчэ зрабіць пэўныя крокі для выхаду на паказчыкі, якія дыктуюцца інавацыйным асяроддзем. Таксама трэба павялічваць прапускную здольнасць і фіксаванага, і мабільнага інтэрнэту: далейшае развіццё лічбавых рашэнняў прадугледжвае кардынальнае павелічэнне нагрузкі на інфраструктуру.
Яшчэ адзін сегмент з шырокімі магчымасцямі для развіцця — цэнтры апрацоўкі даных (ЦАД). У Беларусі зарэгістравана (зыходзячы з адкрытых звестак) больш за 10 аператараў ЦАД. Аднак магутнасці цэнтраў пакуль не вельмі вялікія. Таксама ў краіне мэтазгодна разгледзець пытанне аб стварэнні платформ для продажу даных, арганізацыі біржаў даных. Пакуль не створана і нацыянальная сістэма кіравання данымі. Паколькі мноства сучасных тэхналогій будуюцца менавіта на апрацоўцы і аналізе Bіg Data, то іх збору і абмену яшчэ трэба будзе ўдзяліць значную ўвагу.
З пункту гледжання вытворчасці праграмнага забеспячэння (ПЗ) і лічбавых рашэнняў, то ў цэлым ІT-сектар цалкам паспяхова прайшоў адаптацыю пасля рэзкіх змен на вонкавым контуры. Уклад ІT-індустрыі ў ВУП складае крыху менш за 5 працэнтаў. Стабілізаваўся і экспарт — на ўзроўні 1,8 мільярда долараў у 2024-м.
З аднаго боку, гэтыя паказчыкі ніжэйшыя, чым былі ў 2020-2022 гадах. З іншага боку, сучасны стан хутчэй апісваецца тэрмінам «карэкцыя», чым падзеннем. Несумненна, на дзейнасць нашых высокатэхналагічных кампаній аказалі ўплыў і санкцыі, і фрагментацыя сусветнай эканомікі. З іншага боку, цяпер айчынная індустрыя знаходзіцца на тым жа ўзроўні або некалькі вышэй (у залежнасці ад паказчыка) у параўнанні з 2019-м. Перыяд жа 2020-2022 гадоў быў зусім нетыповы ў сілу кан’юнктурных ваганняў, звязаных з пандэміяй, лакдаўнамі ў многіх краінах і фенаменальным попытам на самыя разнастайныя лічбавыя рашэнні. Пасля драматычных ковідных падзей сусветны рынак пачаў прыходзіць у спакойны і раўнаважкі стан.
У складаных узаемаадносін па заходнім вектары ёсць і адмоўныя, і станоўчыя бакі. Ключавыя заказчыкі прадукцыі нашых праграмістаў знаходзіліся ў ЕС і ў яшчэ большай ступені ў ЗША. І паток запытаў па гэтай лініі значна знізіўся, што негатыўна адбілася на галіне. З іншага боку, архітэктура міжнародных адносін, якая склалася, стварыла попыт на распрацоўкі ў Расіі, а таксама больш дынамічна пачаў развівацца ўнутраны рынак, арыентуючыся на ўласныя рашэнні. У выніку, калі гадоў 10 таму доля беларускіх кантрактаў у рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій у сярэднім займала каля 10 працэнтаў выручкі, то сёння ўжо чвэрць прадуктаў ІT-індустрыі пастаўляецца айчынным заказчыкам.
З гэтага года ў Беларусі пачынаецца рэалізацыя шэрагу дзяржаўных праграм, накіраваных непасрэдна на развіццё ІT: дзяржаўная праграма «Лічбавая Беларусь» (2026–2030 гады), Канцэпцыя забеспячэння суверэнітэту Рэспублікі Беларусь у сферы лічбавага развіцця да 2030 года, Стратэгія лічбавага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2026–2030 гады. Шэраг асобных кірункаў развіцця ў сферы лічбавай трансфармацыі эканомікі змяшчаецца ў галіновых праграмах, а таксама ў Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2026–2030 гады. Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь да 2040 года.
Адзін з сусветных трэндаў — стварэнне органаў дзяржаўнага кіравання для вырашэння асобных аспектаў лічбавага развіцця. У Беларусі ў 2023 годзе быў сфарміраваны інстытут «офісаў лічбавізацыі». Фактычна, гэта спецыялізаваныя падраздзяленні ў рамках дзяржарганізацый, у функцыянал якіх уваходзіць забеспячэнне і развіццё дзяржаўных лічбавых платформ, маштабаванне паспяховых пілотных праектаў, падрыхтоўка прапаноў па лічбавым развіцці для дзяржаўных органаў і падведамасных арганізацый, а таксама арганізацыйна-тэхнічная падтрымка адпаведных мерапрыемстваў.
Адно са значных і сур’ёзных пытанняў — стварэнне прававых умоў для ІT-індустрыі. Цяпер вядзецца распрацоўка нарматыўна-прававых актаў, якія рэгулююць выкарыстанне штучнага інтэлекту, свабоднага праграмнага забеспячэння і іншых важных аспектаў. Неабходна яшчэ сфарміраваць прававую сістэму, якая стымулявала б прыярытэтнае выкарыстанне айчыннага ПЗ і лічбавых рашэнняў. Стварэнне экасістэмы нацыянальнага ПЗ можа з’яўляцца адным з істотных інструментаў падтрымкі ўласных высокатэхналагічных кампаній. У шэрагу дзяржаў для стымулявання ўласных распрацовак ствараюцца рэестры нацыянальных распрацоўшчыкаў ПЗ, даверанага ПЗ, дзяржаўныя маркетплэйсы айчыннага ПЗ. У Беларусі гэтыя інструменты пакуль яшчэ не задзейнічаны.
Але ёсць шэраг кейсаў, якія вызначаюць рух у гэтым напрамку. У прыватнасці, створана Вітрына лічбавых праектаў, на якой размяшчаюцца вынікі рэалізаваных ідэй лічбавага развіцця дзяржавы, галін, арганізацый. У канцы мінулага года на вітрыне меліся звесткі пра больш як 180 ІT-рашэнняў і больш за 540 інфармацыйных сістэм. Таксама дзейнічае Біржа інтэлектуальнай уласнасці Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці. Аднак гэтыя пляцоўкі маюць выключна інфарматыўны характар. Набыць ПЗ ці рашэнне на іх пакуль немагчыма. Між тым логіка развіцця лічбавізацыі падказвае, што неабходна інфраструктура для павышэння даступнасці айчынных распрацовак і дадаткаў. Відавочна, гэтыя задачы знойдуць сваё рашэнне ў бягучай пяцігодцы.
Уладзімір Валчкоў