Top.Mail.Ru
99

Авіякампанія «Белавія», нягледзячы на знешнія выклікі, набывае новыя самалёты і адкрывае новыя маршруты

Сотні тысяч рэйсаў, дзясяткі мільёнаў пасажыраў

За 30 гадоў свайго існавання нацыянальны авіяперавозчык выканаў больш за 476 тысяч рэйсаў і перавез звыш 39 мільёнаў пасажыраў. Маршрутная сетка істотна пашырылася, а авіяпарк быў фактычна поўнасцю абноўлены. Сёння кампанія эксплуатуе сучасныя самалёты, што адкрыла магчымасць выканання працяглых рэйсаў.

Значным выклікам для авіякампаніі стала ўвядзенне ў 2021 годзе санкцый, якія вымусілі адмяніць рэйсы ў заходнім накірунку. Але «Белавія» хутка пераарыентавалася на ўсход, і ўжо ў хуткім часе дзясяткі рэйсаў былі арганізаваны ў рэгіёны Расіі, у іншыя дружалюбныя краіны.

Новы этап развіцця кампаніі пачаўся ў 2024 годзе з набыццём шырокафюзеляжных паветраных суднаў. Летась былі набыты тры далёкамагістральныя Aіrbus A330-200. З’яўленне гэтых лайнераў дазволіла адкрыць далёкамагістральныя напрамкі. У тым жа годзе былі выкананы першыя бесперасадачныя рэйсы ў Кітай, на Шры-Ланку і ў В’етнам.

Пасля зняцця санкцый з боку ЗША паступова аднаўляе супрацоўніцтва з замежнымі партнёрамі і вывучае магчымасці далейшага пашырэння флоту. Пра гэта паведаміў генеральны дырэктар авіякампаніі «Белавія» Ігар ЧАРГІНЕЦ. Кампанія плануе набыццё новых самалётаў і разглядае розныя варыянты ўзаемадзеяння з вытворцамі.

«Спадзяюся, што колькасць самалётаў павялічым ужо ў гэтым годзе», — адзначыў Ігар Чаргінец. Паводле яго слоў, пашырэнне флоту створыць умовы для адкрыцця новых маршрутаў і павелічэння пасажырапатоку. Вывучаюцца магчымасці супрацоўніцтва як з расійскімі вытворцамі, чые новыя мадэлі пакуль праходзяць выпрабаванні і знаходзяцца на этапе сертыфікацыі, так і з кампаніямі іншых краін — пытанні па лайнерах заходняй вытворчасці таксама разглядаюцца, хоць сітуацыя на рынку застаецца нялёгкай.

Кіраўнік авіякампаніі таксама пракаментаваў працэс аднаўлення ўзаемадзеяння з замежнымі партнёрамі пасля зняцця амерыканскіх абмежаванняў. «Юрыдычныя і палітычныя рашэнні прыняты , — сказаў Ігар Чаргінец. — Патрэбны час. Няма падводных камянёў, проста перазапусціць механізм вельмі складана. Кантрактаў пакуль няма. Працэсы ідуць, працэсы пазітыўныя». Паралельна кампанія выводзіць з эксплуатацыі старыя самалёты і працягвае абнаўленне флоту.

Паводле вынікаў мінулага года, «Белавія» перавезла звыш 2 мільёнаў пасажыраў, што на 8, 4% больш, чым у 2024-м. «Рэкордным для нас стаў 2019 год, калі мы перавезлі 4 мільёны пасажыраў», — адзначыў Ігар Чаргінец.

Такім чынам з нагоды 30-гадовага юбілею, «Белавія» падсумоўвае значны шлях развіцця, працягвае абнаўленне флоту, аднаўляе міжнародныя кантакты і захоўвае гнуткасць у складаных умовах глабальнага авіяцыйнага рынку.

Міхаіл Данілковіч

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю