Top.Mail.Ru

Астраномы ацанілі заселенасць галактык

Яны спрабуюць высветліць патэнцыйна заселеную зону галактыкі Млечны Шлях.


Перамяшчэнні зорак па галактыцы павышаюць верагоднасць на ўзнікненне ў іх жыцця, пішуць астраномы Карнэльскага ўніверсітэта, аднаго з найбуйнейшых у ЗША, у сваім нядаўнім артыкуле. Яны прыйшлі да такой высновы пасля параўнання ўмоў у розных частках Млечнага Шляху, у якім занаходзіцца і наша Сонечная сістэма.

Па меркаванні навукоўцаў, паўтарэнне гісторыі Зямлі, гэта значыць стабільнае і доўгатэрміновае існаванне заселенай планеты магчыма далёка не па ўсёй галактыцы, а толькі ў пэўнай зоне.

photo_5303152079679911342_y.jpg

Патэнцыйна заселеная зона галактыкі Млечны Шлях

Варта ўспомніць, што вакол кожнай зоркі існуе так званая зона патэнцыйнай заселенасці — «залатая сярэдзіна», дзе не занадта горача і не занадта холадна.

Дык вось, у маштабе цэлай галактыкі таксама ёсць такая зона — тэрыторыя, дзе, з аднаго боку, міжзоркавае рэчыва хімічна досыць разнастайнае для фарміравання камяністых светаў, а з другога — вакол «спакойна», гэта значыць паблізу не выбухаюць звышновыя зоркі — іх магутныя ўспышкі могуць у самыя кароткія тэрміны загубіць зачаткі жыцця і нават самыя ўмовы для яго зараджэння на планеце.

Да прыкладу, з пункту гледжання хіміі «ідэальна» — ля самага цэнтра галактыкі: там параўнальна цяжкіх элементаў больш за ўсё. Але з-за вельмі шчыльнага скаплення зорак там раз-пораз адбываецца «феерверк»: звышновая — гэта ўспышка зоркі, якая жыве вельмі нядоўга — яна выбухае ўжо праз 10-20 мільёнаў гадоў пасля свайго ўзнікнення. Гэта не дае ніякіх шанцаў на эвалюцыю.

Менавіта таму ў Млечным Шляху «залатая сярэдзіна» — адлегласць на ўзроўні прыкладна 26-32 тысяч светлавых гадоў ад цэнтра галактыкі. Якраз у гэтай зоне, як вядома, і знаходзіцца Сонечная сістэма: ад нашай цэнтральнай звышмасіўнай чорнай дзіркі нас аддзяляе акурат 26 тысяч светлавых гадоў.

Але справа ў тым, што ўнутраная дынаміка ў галактыцы прымушае зоркі ўвесь час міграваць, гэта значыць ссоўвацца бліжэй да цэнтра ці далей ад яго.

І гэта выразна відаць па іх хімічным складзе: у бліжэйшых наваколлях Сонца без малога палова зорак занадта «металічныя» для «мясцовых», гэта значыць у іх занадта шмат элементаў цяжэйза вадарод і гелій. У астраноміі ўсё, што не вадарод і не гелій, умоўна завецца «металамі». Так што, здаецца, усе гэтыя зоркі нарадзіліся значна бліжэй да цэнтра галактыкі. Больш за тое, само наша Сонца — таксама не «ўраджэнец» галактычнай зоны заселенасці: мяркуючы па яго «металічнасці», яно разам з усімі сваімі планетамі калісьці таксама «пераехала» далей ад неспакойнага цэнтра.

Гэтыя перамяшчэнні і павышаюць шанцы на паспяховы выпадак фарміравання патэнцыйна заселенай планеты, а потым узнікненне, захаванне і развіцціё жыцця на ёй, падкрэсліваюць астраномы. Па іх разліках, на ўскраінах галактыкі, дзякуючы зорнай міграцыі, колькасць магчымых сістэм з жыццяпрыдатнымі светамі можа павялічыцца ў пяць разоў.

photo_5303152079679911341_y.jpg

Сутыкненне дзвюх галактык

Акрамя таго, часам можа аказацца карысным і наяўнасць у сістэме газавага гіганта: падчас свайго фарміравання ў пратапланетным дыску ён як бы «вымятае» вакол сябе рэчыва і стварае вакол зоркі больш шчыльныя кольцы, у якіх лягчэй і хутчэй зараджаюцца светы з цвёрдай паверхняй.

Праўда, пры гэтым непажадана інтэнсіўная міграцыя ўсіх гэтых новых светаў: магутная гравітацыя гіганта накшталт Юпітэра здольная проста «выкінуць» копію Зямлі з сістэмы.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю