З пачаткам новага навучальнага года школьнікі традыцыйна акрамя школьных урокаў выбіраюць дадатковыя заняткі для самарэалізацыі, якія дазволяць з карысцю правесці вольны час.
Не губляе сваёй папулярнасці ў дзяцей і падлеткаў мастацкі кірунак — выяўленчае мастацтва, музыка і спевы, тэатр.
У апошнія гады ўсё большую папулярнасць, асабліва ў хлопцаў, набіраюць такія заняткі, як робататэхніка, протатыпаванне, праграмаванне, ментальная арыфметыка, вэб-тэхналогіі, інжынернае канструяванне і мадэляванне і радыёэлектроніка. Побач з традыцыйнымі аўта- і авіямадэляваннем цікавасць выклікаюць новыя кірункі, звязаныя са штучным інтэлектам, нейрасеткамі, вэб-распрацоўкай, графічным дызайнам, лазернымі тэхналогіямі, ландшафтнай архітэктурай. Пра магчымасці дадатковай адукацыі ў новым навучальным годзе расказалі спецыялісты.
Для будучых праграмістаў і не толькі
Аб’яднанні па інтарэсах тэхнічнага, прыродазнаўча-матэматычнага, спартыўна-тэхнічнага профілю функцыянуюць у краіне ў сямі цэнтрах тэхнічнай творчасці, а таксама ў 150 шматпрофільных установах дадатковай адукацыі і складаюць каля 10 % ад агульнай колькасці аб’яднанняў па інтарэсах па ўсіх профілях. Ва ўстановах агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі арганізавана работа 7 490 аб’яднанняў па інтарэсах тэхнічнай накіраванасці, дзе займаецца каля 87 тысяч школьнікаў.
Акрамя таго, для фарміравання ў дзяцей і падлеткаў інжынерна-тэхнічнага мыслення і прыцягнення іх у тэхнічную творчасць і даследчую дзейнасць ва ўсіх рэгіёнах краіны на пачатак навучальнага года функцыянуе 178 інжынерна-тэхнічных цэнтраў на базе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. У іх займаецца каля 13 тысяч навучэнцаў. Там праводзяцца не толькі факультатыўныя заняткі, але і падрыхтоўка для алімпіяд, навукова-практычных канферэнцый, у тым ліку для паступлення на адукацыйныя змены ў Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк.
Як адзначыла намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка Наталля ЛЕПЕСІЙ, установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, а таксама інжынерна-тэхнічныя цэнтры на сёння з’яўляюцца паўнапраўнымі ўдзельнікамі кластэра па рабоце з адоранай моладдзю, цэнтральным звяном якога выступае Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк. У ім рэалізуецца праграма адукацыі адораных дзяцей і моладзі па 15 прыярытэтных для краіны кірунках навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці. Змест праграм пастаянна абнаўляецца з улікам развіцця прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі, а складаюцца яны пры садзейнічанні ВНУ, Нацыянальнай акадэміі навук, прадпрыемстваў і навуковых арганізацый.
У гэтым навучальным годзе ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку будзе рэалізавана 14 новых навучальных праграм для адораных дзяцей і моладзі. Усяго ж тут сёлета адкрыта звыш 70 аб’яднанняў па інтарэсах. Традыцыйна попыт на тэхнічныя і інжынерныя навучальныя праграмы вельмі высокі і дазваляе камплектаваць вучэбныя групы матываванымі і зацікаўленымі дзецьмі і падлеткамі, якія затым могуць паступаць на адукацыйныя змены ў Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк.
Для навучэнцаў аб’яднанняў па інтарэсах праводзіцца шэраг конкурсаў. Сёлета ў лістападзе ўпершыню пройдзе рэспубліканскі конкурс на найлепшы праект навучэнцаў інжынерна-тэхнічных цэнтраў.
— Школьнікі, якія займаюцца ў інжынерна-тэхнічных цэнтрах, што працуюць на базе звычайных школ, распрацоўваюць на факультатыўных занятках і ў аб’яднаннях па інтарэсах праекты па кірунках, якія карэлююць з навучаннем ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку. Гэта праекты па робататэхніцы, інфармацыйных і камп’ютарных тэхналогіях, інжынерна-тэхнічнай, хіміка-біялагічнай накіраванасці. Таму хлопцы і дзяўчаты маюць магчымасць паўдзельнічаць у рэспубліканскім конкурсе, — расказала Наталля Лепесій, дадаўшы, што абавязкова будуць задзейнічаны прадпрыемствы рэальнага сектара эканомікі, якія ў далейшым змогуць матываваць дзяцей на развіццё тэхнічнай творчасці. Конкурс пройдзе паэтапна — спачатку ў раёне, потым у вобласці, фінал адбудзецца ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку ў канцы лістапада.
Што патрэбна дзяржаве?
Наталля Лепесій нагадала, што, згодна з рашэннем, прынятым на нарадзе з удзелам Прэм’ер-міністра краіны аб якасці падрыхтоўкі інжынерных кадраў, якая адбылася ў снежні мінулага года, перад установамі дадатковай адукацыі стаіць задача павысіць якасць прафарыентацыйнай работы для фарміравання ў навучэнцаў матывацыі да атрымання інжынерных спецыяльнасцяў. Акрамя таго, міністрам адукацыі вызначаны новыя прыя-рытэты развіцця сістэмы дадатковай адукацыі. У прыватнасці, да 2030 года неабходна павялічыць ахоп навучэнцаў, занятых тэхнічнай творчасцю, да 25 % ад агульнай колькасці тых, што атрымліваюць дадатковую адукацыю.
Для творчых і крэатыўных
Найбольш папулярнымі ў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі застаюцца гурткі мастацкага профілю. Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі не толькі каардынуе дзейнасць устаноў дадатковай адукацыі і арганізацыю мерапрыемстваў рэспубліканскага ўзроўню, але і забяспечвае работу аб’яднанняў па інтарэсах.
— Адным з найбольш папулярных кірункаў застаецца мастацкі профіль. Творчыя гурткі, студыі прыцягваюць дзяцей, якія жадаюць займацца музыкай, жывапісам, тэатрам і танцамі. Гэтыя заняткі не толькі развіваюць мастацкія здольнасці, але і спрыяюць фарміраванню ўпэўненасці ў сабе, уменню працаваць у камандзе і выказваць свае думкі. Мастацкае выхаванне развівае пачуццё прыгожага, фарміруе светапогляд і крэатыўныя якасці асобы, служыць матывацыяй да любой творчай, стваральнай дзейнасці.
Ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі актыўна працуюць гурткі і студыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці і выяўленчага мастацтва, — расказала намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Ганна Аверына.
Яна дадала, што ў цэнтры таксама з’яўляюцца новыя кірункі, звязаныя з дызайнам, анімацыяй, дзіцячай журналістыкай і блогерствам, модай і мадэлінгам. Запіс у большасць гурткоў і студый працягваецца — педагогі з радасцю чакаюць усіх ахвотных.
Алёна Кравец
Фота Лізаветы Голад