Сфера закупак — гэта мільярдныя абароты і высокія карупцыйныя рызыкі. І ў той жа час гэта інструмент развіцця канкурэнцыі і павышэння эфектыўнасці нацыянальнай эканомікі. Больш за 80 % пазіцый у дзяржзакупках — айчыннай вытворчасці. Як правільна вызначыць пастаўшчыка і атрымаць сумленную цану? Як лічбавізацыя спрашчае працэдуры? Чаму закупкі за кошт уласных сродкаў таксама патрабуюць празрыстасці? Гэтыя актуальныя для эканомікі краіны пытанні абмеркавалі эксперты на пляцоўцы тэлеканала «Першы інфармацыйны».
Баланс інтарэсаў
На старце дыялогу эксперты паспрабавалі разабрацца, чым сфера закупак важная для эканомікі і ці адпавядае сістэма дзейных працэдур інтарэсам дзяржавы і бізнесу? Першы намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Наталля Васілеўская лічыць, што працэс закупак мае прамое дачыненне да развіцця любога бізнесу:
— Сама па сабе сфера закупак — гэта прапанова і попыт. І, вядома, калі ёсць гарантаваны попыт, то і прапанова фарміруецца дастаткова актыўна. У ходзе закупак сустракаецца заказчык і ўдзельнік, прадавец і пакупнік. На мой погляд, любы працэс набыцця тавару дастаткова значны для бізнесу, паколькі граматна планаваць вытворчасць прадукцыі можна толькі з улікам яе запатрабаванасці на рынку.
У сваю чаргу, узаемаадносіны прадаўца і пакупніка павінны быць выбудаваны такім чынам, каб адначасова забяспечыць і эфектыўнасць закупак, і эканомію дзяржаўных сродкаў. Перш за ўсё, дзякуючы дакладна сфарміраваным нарматыўным патрабаванням.
— З практыкі кантрольнай дзейнасці, — акцэнтаваў увагу намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Максім Аляшкевіч, — мы бачым, што нейкіх сур’ёзных цяжкасцяў у выкананні ўстаноўленых патрабаванняў не назіраецца. Што датычыцца дзейнасці камітэта, стаўка робіцца, перш за ўсё, на прэвентыўны кантроль. Гэта значыць, на этапе планавання закупкі глядзім, наколькі яна абгрунтаваная, ці правільна вызначаныя лімітавы кошт і неабходнасць набыцця таго ці іншага тавару.
На думку намесніка дырэктара Нацыянальнага цэнтра падтрымкі экспарту Наталлі Тышкевіч, дзейны механізм правядзення закупак адпавядае мэце дасягнення балансу інтарэсаў бізнесу і дзяржавы:
— Мы як аператары інфармацыйных сістэм спрабуем рэалізаваць іх функцыянал такім чынам, каб імі было зручна карыстацца і заказчыкам, і ўдзельнікам працэдур закупак, і дзяржаўным органам, у тым ліку кантралюючым.
Высокія рызыкі
Адна з вострых праблем у сферы закупак — неабгрунтаванае пасрэдніцтва. «Лішнія звёны» завышаюць цану і разбураюць канкурэнцыю. Кіраўнік дзяржавы неаднаразова звяртаў увагу на гэту праблему. У прыватнасці, гаварылася і пра тое, што трэба правесці дакладную рысу паміж абгрунтаваным і неабгрунтаваным пасрэдніцтвам, бо мелі месца выпадкі, калі ў ланцужку «купля-продаж» аказвалася да пяці «перакупаў», часта фіктыўных. У выніку нацэнкі, якія асядаюць у кішэнях такіх дзялкоў, даводзіцца аплачваць радавым спажыўцам.
Аб тым, якія меры прымаюцца для сістэмнага выкаранення падобных з’яў, расказала Наталля Васілеўская:
— Пытанне барацьбы з неабгрунтаваным пасрэдніцтвам стаіць на парадку дня ўжо не першы год. Гэтай праблемай актыўна займаюцца Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю і нашы кантралюючыя органы. На ўзроўні ўрада распрацаваны план мерапрыемстваў па ўстараненні неабгрунтаванага пасрэдніцтва ў закупках. Асноўны ўпор зроблены на ўдасканаленні заканадаўства. Год назад уступіла ў дзеянне пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 252 «Аб выпадках і парадку правядзення працэдуры закупкі з адной крыніцы на электроннай гандлёвай пляцоўцы». Размова ідзе аб пераводзе працэдур у лічбавы фармат. Гэта крок да празрыстасці. Аднак без правапрымяняльнай практыкі ні адна заканадаўчая норма не дасць эфект. Таму мы праводзім дастаткова вялікую колькасць маніторынгаў. З пачатку года спынена правядзенне сумніўных працэдур дзяржаўных закупак на суму каля 125 мільёнаў рублёў. Гэта значыць прадухілена сур’ёзная шкода дзяржаве. У рамках разгляду скаргаў заказчыкаў і ўдзельнікаў на дзеянні заказчыкаў мы разгледзелі 85 зваротаў, 40 % з якіх знайшлі пацвярджэнне. Што датычыцца абгрунтаванасці пасрэдніцтва ў працэсе закупак, у першую чаргу адказнасць за выбар пастаўшчыка павінен несці заказчык. Набываючы тавар у пасрэдніка, ён павінен тысячу разоў праверыць, наколькі сапраўды гэта неабходна.
Выпадкі няправільнага вызначэння патрабаванняў да закупкі з выкарыстаннем бюджэтных або ўласных сродкаў дзяржаўных прадпрыемстваў, паводле слоў Максіма Аляшкевіча, складаюць асноўную масу парушэнняў:
— Просты прыклад. Адно з прамысловых прадпрыемстваў закупляла пагрузчыкі. Калі пачалі дыстанцыйна маніторыць будучую здзелку, высветлілася, што абсталяванне імпартнае. Закупка па нашай рэкамендацыі была адменена. І будзе праводзіцца нанова. Адпаведна ў працэдуры зможа ўдзельнічаць айчынны вытворца.
У рамках сваіх кампетэнцый Камітэт дзяржкантролю вырашае важнае для краіны пытанне імпартазамяшчэння. Не заўсёды патрабаванні заказчыкаў да абсталявання і тэхнікі, якія закупляюцца, карэлююць з рэальнымі вытворчымі патрэбамі. Па сутнасці, у некаторых выпадках адбываецца яўная дыскрымінацыя беларускіх прадпрыемстваў, а гэта прамы эканамічны ўрон як эканоміцы ў цэлым, так і канкрэтнаму вытворцу, паколькі часцей за ўсё прапановы беларускіх удзельнікаў працэдур закупак больш выгадныя па цэнавым фактары.
Ёсць сферы, якім кантралёры надаюць асабліва пільную ўвагу. Адна з іх — ахова здароўя. Працэдуры набыцця лекаў для бальніц і паліклінік у значнай ступені стандартызаваны. Тым не менш, грань паміж неабходным аб’ёмам медпрэпаратаў і іх лішкамі вельмі тонкая — трэба прадугледзець запас на выпадак эпідэмій. Разам з тым, нерасходаваныя на працягу тэрміну прыдатнасці медыкаменты — прамая страта. Сумесна са спецыялістамі Міністэрства аховы здароўя супрацоўнікі камітэта шукаюць прымальныя варыянты вырашэння пытання.
Роўныя ўмовы
Адміністраванне інфармацыйных сістэм і электронных гандлёвых пляцовак мае галоўную мэту — забяспечыць роўны доступ і зразумелыя ўмовы для ўсіх удзельнікаў закупак.
— Лічбавізацыя ў сферы дзяржзакупак пачалася ў 2012 годзе, — пазнаёміла з гісторыяй пытання Наталля Тышкевіч. — Падкрэслю, што інфармацыйныя сістэмы распрацоўваюцца ў дакладнай адпаведнасці з заканадаўчымі нормамі. Сфера дзяржзакупак на сёння алічбаваная практычна цалкам. Як ужо было сказана, летась алічбавалі таксама працэс закупак з адной крыніцы. Гэта катэгорыя закупак пасля ўступлення ў сілу адпаведнай пастановы набыла прыкметы канкурэнтнай працэдуры. Такім чынам, адкрытасць і празрыстасць працэдур дзяржзакупак забяспечана. З закупкамі за кошт уласных сродкаў — справа больш складаная. Нарматыўны акт, які «алічбаваў» гэтыя закупкі, уступіў у сілу ўсяго толькі месяц таму. Тым не менш, гэта заканадаўчая навацыя дазволіць назапашваць аналітыку, якая неабходна для таго, каб развіваць названую сферу далей. Нароўні з тым, што электронныя сістэмы змяшчаюць функцыянал, прадугледжаны нарматыўна-прававымі актамі, лічбавы фармат у цэлым аблягчае механізм удзелу нашых прадпрыемстваў у працэдурах закупак. Пры гэтым кожная пляцоўка распрацоўвае нейкія свае «фішкі» для ўдасканалення аўтаматызацыі працэсу.
Каб нарматыўныя рэгламенты не станавіліся перашкодай на шляху да набыцця тавараў і паслуг, эксперты раяць спецыялістам прадпрыемстваў дакладна планаваць гэтыя працэдуры і карэктна апісваць патрабаванні да прадмета закупкі.
Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 2026 года № 168 «Аб парадку ажыццяўлення закупак тавараў (работ, паслуг) за кошт уласных сродкаў» устанаўлівае адзіны парадак правядзення гэтых працэдур, пракаменціравала Наталля Васілеўская:
— Дзеянне пастановы распаўсюджваецца на арганізацыі рэспубліканскага і мясцовага ўзроўняў, прадпрыемствы, якія ўваходзяць у склад холдынгаў з доляй дзяржавы, і на юрыдычных асоб, якія ажыццяўляюць закупкі за кошт сродкаў ДУ «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў». Уведзены наступныя навацыі. Да пэўнага часу працэдуры закупак да 1000 базавых велічынь, якія здзяйсняюцца за кошт уласных сродкаў, заставаліся бескантрольнымі. Знізіўшы парогавае значэнне да 100 базавых велічынь, мы атрымалі шэраг незадаволеных водгукаў. МАРГ іх улічыў. У мэтах больш аператыўнага рашэння вытворчых задач з-пад жорсткага кантролю былі выведзены тавары, якія прадпрыемствы закупляюць для ўласнай вытворчасці: матэрыялы, камплектуючыя, сыравіна. Аднак тут узнікае пытанне правільнай уліковай палітыкі. Калі гэтыя расходы аднесеныя на адпаведны балансавы рахунак, парадак, прадугледжаны 168-й пастановай, на такія закупкі не распаўсюджваецца. Наступная навацыя — патрабаванні да ўдзельніка працэдур. Яны сталі больш жорсткімі. Калісьці мы вельмі асцярожна пачалі прымяняць норму адносна ўдзелу ў дзяржзакупках афіліраваных асоб. Сёння мы распаўсюдзілі забарону на ўдзел такіх асоб і на закупкі за кошт уласных сродкаў.
Сярод іншых новаўвядзенняў, паводле слоў Наталлі Васілеўскай, — прывядзенне працэдур закупак у адпаведнасць з патрабаваннямі да лакалізацыі вытворчасці. У новых правілах улічаны нормы пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 80 «Аб пацвярджэнні вытворчасці прамысловай прадукцыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь».
Той факт, лічыць Наталля Васілеўская, што ўсе канкурэнтныя працэдуры пераводзяцца ў электронны фармат, — важны крок да папярэджання карупцыйных праяў. Асноўная мэта прэвентыўных мер, што прымаюцца, — павысіць эфектыўнасць выкарыстання дзяржаўных сродкаў. Алічбоўка працэдур закупак, падкрэслівае Наталля Тышкевіч, істотна павышае кантроль у гэтай сферы:
— У 2022 годзе дзяржаўная інфармацыйна-аналітычная сістэма дзяржаўных закупак (ДІАС) дапоўнена модулем, які дазваляе кантралюючым органам аналізаваць інфармацыю і адсочваць трэнды. Вядома, для аўтаматызацыі «падсвятлення» своеасаблівых рэд-флагаў неабходная распрацоўка спецыяльных методык. Усе краіны з рознай хуткасцю ідуць гэтым шляхам. І мы як аператар ДІАС чакаем ад нашых кантралюючых органаў і МАРГа адпаведныя прапановы па дадзеным пытанні.
Тэндэнцыя да паглыблення лічбавізацыі ў сферы закупак, на думку экспертаў, будзе працягвацца. З пункту гледжання рацыянальнага расходавання сродкаў і павышэння канкурэнцыі сярод удзельнікаў працэдур, мэтазгоднасць далейшага руху па выбранай траекторыі бясспрэчная. Рэгуляванне ў гэтай галіне — жывы працэс і пастаянны пошук аптымальных рашэнняў на аснове сучасных тэхналогій.
Таццяна ШЧАДРАНОК