Да канца жніўня традыцыйна актывізуюцца лжэарэндадаўцы. Яны шукаюць ахвяр, размяшчаючы на папулярных інтэрнэт-пляцоўках аб’явы з прывабнымі ўмовамі арэнды жылля, паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны».
Такія аб’явы-прынады суправаджаюцца фатаграфіямі, узятымі на прасторах Сеткі. Кантактуючы з тымі, каго зацікавіла прапанова, аферысты ўгаворваюць перавесці грошы на карту ў якасці залогу яшчэ да агляду кватэры. Аргументуюць тым, што ахвотных засяліцца шмат. Атрымаўшы перадаплату, ашуканцы знікаюць.
Каб не застацца без здымнага жылля і без сродкаў, рэкамендавана правяраць дакументы на кватэру, асабіста сустрэўшыся з арэндадаўцам ці рыэлтарам. Не варта ўносіць грошы за арэнду без папярэдняга агляду і дамовы. Нялішне таксама ацаніць, наколькі запытаны кошт адпавядае спажывецкім якасцям жылля.
Акрамя таго, нельга ўводзіць даныя банкаўскіх карт на невядомых сайтах. Важна памятаць і аб існаванні фальшывых вэб-рэсурсаў, якія капіруюць дызайн, інтэрфейс афіцыйных сэрвісаў. Распазнаць сайт-падробку можна па неадпаведнасці яго адрасу (URL), у якім могуць адрознівацца асобныя знакі ці даменная зона (напрыклад, .com замест .by).