У праектах бліжэйшага часу — выданне кнігі паэзіі беларускай моладзі на туркменскай мове. Укладальнікам гэтай кнігі з’яўляецца Рагнед Малахоўскі. Аб вартасці выдання нядаўна гаварыла госць Саюза пісьменнікаў Беларусі літаратуразнаўца, празаік і перакладчык Багуль Анабаева, якая падкрэсліла трывалы характар беларуска-туркменскіх літаратурных сувязяў на працягу многіх дзесяцігоддзяў: «У памяці нашых туркменскіх чытачоў выдадзеныя ў Ашхабадзе кнігі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Івана Чыгрынава, Валянціна Лукшы, Максіма Танка і іншых беларускіх творцаў. У Туркменістане жылі і працавалі, служылі беларускія пісьменнікі Аркадзь Марціновіч, Мікола Калінковіч, Міхась Карпенка, Барыс Мікуліч... І новая кніга, якая прадставіць маладую паэзію Беларусі, паспрыяе фарміраванню зацікаўлення беларускай тэмай з боку нашай моладзі. А хіба гэта не важна — перадаваць характар, нацыянальныя адметнасці таго ці іншага народа?! Спадзяюся, што і ў Беларусі не пакінуць без увагі паэзію туркменскай моладзі...»
Беларуска-туркменская літаратурная дыпламатыя набывае шырэйшыя абсягі і ў звязку з публікацыяй твораў беларускіх пісьменнікаў у перакладзе на туркменскую мову. Над гэтым у апошнія гады рупіліся і працягваюць рупіцца туркменскія перакладчыкі Максат Бяшымаў, Анумухамед Кіршэн, Джумагельды Мулкіеў, Чэмен Анабердыева і іншыя літаратары Каракумскага краю.
Мікола Берлеж