Top.Mail.Ru

Асаблівую цікавасць у беларусаў выклікаюць падзейныя мерапрыемствы, палацы і замкі - Нацагенцтва па турызме

Беларускія турысты праяўляюць сур’ёзную цікавасць да наведвання падзейных мерапрыемстваў, палацаў і замкаў. Аб гэтым паведаміў БелТА дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме Кірыл Машарскі.

У Брэсце 24 ліпеня абмеркавалі выкананне даручэнняў кіраўніка дзяржавы па развіцці турызму ў Беларусі і ход рэалізацыі профільнай праграмы на 2026-2030 гады. На сустрэчы старшыні Брэсцкага аблвыканкама Пятра Пархомчыка і Кірыла Машарскага ў цэнтры ўвагі было пашырэнне турыстычных магчымасцей паўднёва-заходняга рэгіёна, будаўніцтва аб’ектаў і з’яўленне новых лакацый для беларусаў і іншаземцаў.

«Мы нацэлены на тое, каб турпрадукт быў больш камфортным і высакаякасным для нашых турыстаў. У гэтай частцы абмеркавалі праблемныя пытанні, зваротную сувязь ад прадпрымальнікаў», — расказаў дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме.

Многія славутасці Брэсцкай вобласці папулярныя ў турыстаў. У прыватнасці, Ружанскі палацавы комплекс, дзе прадаўжаюцца работы па рэстаўрацыі і кансервацыі. Паводле слоў Кірыла Машарскага, у беларусаў ёсць сур’ёзная цікавасць да наведвання гісторыка-архітэктурных аб’ектаў. «Памятаем, якімі яшчэ 15 гадоў таму былі Нясвіжскі і Мірскі замкі, і як ахвотна іх цяпер наведваюць. Папулярны сярод турыстаў і цудоўны Косаўскі палац», — прывёў прыклад ён.

Каляндар турыстычных падзей папоўніцца яшчэ адным падзейным мерапрыемствам. Цяперашняй восенню ў Белавежскай пушчы правядуць «Зубр-фэст».

«У апошнія дзесяць гадоў у беларусаў вырасла цікавасць да падзейных мерапрыемстваў. Людзі хочуць знаёміцца з турыстычнымі прадуктамі ў нашых рэгіёнах у руху: прымаць удзел у спартыўных мерапрыемствах, наведваць розныя фестывалі. Упэўнены, „Зубр-фэст“ стане вельмі перспектыўным флагманам у Брэсцкай вобласці. Нацыянальнае агенцтва па турызме гатова садзейнічаць», — дадаў Кірыл Машарскі.

«Зубр-фэст» задумваецца як шматпрофільнае мерапрыемства, разлічанае на розныя мэтавыя групы турыстаў. У праграму плануецца ўключыць мерапрыемствы для сямейнага адпачынку, музычны фестываль, спартыўныя спаборніцтвы, дыскусійныя пляцоўкі для вучоных.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю