Даступнасць, абгрунтаванасць, эфектыўнасць
У Беларусі вызначаны чатыры тэхналагічныя ўзроўні аказання акушэрска-гінекалагічнай перынатальнай дапамогі. Як адзначыла загадчыца лабараторыі акушэрскай і гінекалагічнай паталогіі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра «Маці і дзіця» Святлана ВІКТОР, яна будуецца на роўнай даступнасці, а ўзровень вызначаецца абгрунтаванасцю і эфектыўнасцю.
— Асноўны пастулат стварэння рознаўзроўневай медыцынскай дапамогі — яна павінна праводзіцца на тым узроўні, дзе маюцца максімальныя для захавання жыцця і здароўя жанчыны і нованароджанага ўмовы, — падкрэсліла Святлана Віктор.
На першым узроўні ажыццяўляюцца дародавае назіранне за цяжарнымі жанчынамі, пастаноўка на ўлік, рэгулярныя агляды, скрынінгі. Дзякуючы дзяржаўным гарантыям і падтрымцы ўсе жанчыны ў Беларусі маюць доступ да дародавага і пасляродавага медыцынскага абслугоўвання. 97 % будучых маці становяцца на ўлік па цяжарнасці да 12 тыдняў і праходзяць абследаванне на выяўленне прыроджаных парокаў развіцця плода.
- Адметна, што ўльтрагукавы скрынінг цяжарных дапамагае штогод выяўляць больш за тысячу выпадкаў прыроджаных парокаў. Сёння ён уключае ў сябе пяць даследаванняў: на прыроджаны гіпатырэёз, фенілкетанурыю, мукавісцыдоз, галактаземію і адрэнагенітальны сіндром. Навуковыя распрацоўкі медыкаў РНПЦ і ўкараненне новых метадаў даследавання ў будучыні дадуць магчымасць выяўляць да 12 спадчынных захворванняў, а да 2030 года — да 36.
Пры выяўленні паталогіі цяжарнасці ці захворванняў у дзяцей пацыенты накіроўваюцца з першага ўзроўню на больш высокія. Задача першага ўзроўню — забеспячэнне даступнасці базавай дапамогі максімальна блізка да месца жыхарства, правядзенне прафілактыкі і прыхільнасці да здаровага ладу жыцця. А вось ужо на другім і трэцім аказваецца дапамога цяжарным пры розных акушэрскіх і саматычных паталогіях. Чацвёрты ўзровень — РНПЦ «Маці і дзіця», куды шпіталізуюцца жанчыны з найбольш цяжкімі захворваннямі. Менавіта тут ажыццяўляецца інтэнсіўная тэрапія выходжвання нованароджаных з усіх рэгіёнаў краіны.
Аперацыя ва ўлонні маці
Штогод у РНПЦ пашыраецца спектр хірургічных аперацый падчас цяжарнасці, у тым ліку высокатэхналагічных. З 2009 года ў цэнтры выконваюцца ўнутрыўлонныя аперацыі. У 2023-м было адкрыта спецыяльнае аддзяленне фетальнай хірургіі на 10 ложкаў, дзе штогод выконваецца каля 100 унутрыўлонных аперацый.
Ужо тры гады паспяхова функцыянуе новы корпус клінічнага аддзялення анестэзіялогіі, рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі для нованароджаных. На яго базе арганізаваны банк груднога малака, працуе выязная рэанімацыйна-кансультатыўная брыгада. Для правядзення кансультацый на месцах праводзяцца трэнінгі па пытаннях рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі нованароджаных дзяцей з выкарыстаннем сучаснага сімуляцыйнага абсталявання. У 2021 годзе на базе РНПЦ створаны Рэспубліканскі цэнтр па спадчынных нервова-мышачных захворваннях, падрыхтавана і працуе каманда спецыялістаў для ўвядзення геннай тэрапіі.
Як падкрэсліла Святлана Віктор, на сёння ў РНПЦ «Маці і дзіця» сканцэнтраваны найлепшыя інтэлектуальныя і матэрыяльна-тэхнічныя рэсурсы медыцынскай навукі і практыкі, накіраваныя на вырашэнне задач у галіне аховы мацярынства і дзяцінства. Дзякуючы сваёй структуры, аснашчанасці, укамплектаванасці, высокаму прафесіяналізму і ўкараненню сучасных высокаэфектыўных метадаў цэнтр можа аказаць жанчынам медыцынскую дапамогу на самым высокім сусветным узроўні ў галіне акушэрства, гінекалогіі, неанаталогіі, педыятрыі і медыцынскай генетыкі
Рознаўзроўневая сістэма — яркі прыклад эфектыўнай арганізацыі аховы здароўя. Беларусь дэманструе ўстойлівы станоўчы вынік у галіне аховы мацярынства і дзяцінства. Наша краіна займае 25-ю пазіцыю ў рэйтынгу самых камфортных для мацярынства дзяржаў, уваходзіць у 50 найлепшых краін свету па вядзенні цяжарнасці і арганізацыі родаў кваліфікаваным медыцынскім персаналам. У рэйтынгу краін шчаслівага дзяцінства Беларусь займае 35-е месца са 175.
— Жанчына — пачатак жыцця, захавальніца здароўя сям’і. Ахова яе здароўя — не проста медыцынская задача, а залог рэалізацыі яе рэпрадуктыўных планаў і нараджэння жаданых і здаровых дзяцей, а значыць, здароўя нацыі, — рэзюмавала Святлана Віктор.
Захаваць вынікі, дасягнутыя спецыялістамі РНПЦ, і не дапусціць далейшага развіцця сур’ёзных паталогій у дзяцей — задача педыятраў у дзіцячых паліклініках. Як адзначыў намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы 15-й гарадской дзіцячай паліклінікі Мінска Дзяніс ЛАПАЦІН, на прафілактыку і рэабілітацыю накіраваны асноўныя намаганні дзіцячых медыкаў. Адзін урач-педыятр абслугоўвае каля 800 — 900 дзяцей — гэта сярэдні паказчык па краіне. Неабходныя медыцынскія агляды праводзяцца ў рамках дыспансерызацыі дзіцячага насельніцтва. Адно з самых актуальных пытанняў — вакцынацыя. Сёлета ўведзены новыя прышчэпкі ў Нацыянальны каляндар — ад пнеўмакокавай інфекцыі і віруса папіломы чалавека, таксама дабаўлена дадатковая прышчэпка ад коклюшу, якая робіцца ў шэсць гадоў.