Top.Mail.Ru

Архіўныя дакументы, якія мала хто бачыў, прыадкрываюць «творчую кухню» Івана Шамякіна

Ён з пакалення пераможцаў — прайшоў Вялікую Айчынную, а гэта тая частка жыцця, што вызначала асабісты шлях і творчы лёс многіх пісьменнікаў савецкага часу. Іван Шамякін быў яго часцінкай, пра яго пісаў. А яго творы і цяпер дапамагаюць зразумець прыроду «балючых пунктаў» і характараў беларускіх людзей, а таксама нашу адметную ментальнасць, што так ці інакш выяўляе сябе ў розныя эпохі.



Таму калі мы кажам «пісьменнік свайго часу», варта мець на ўвазе — «то бок нашага, беларускага». Гэта датычыцца не толькі тых, хто родам з ХХ стагоддзя, але і іх нашчадкаў. 30 студзеня адзначаецца 105 гадоў з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі, аўтара шматлікіх кніг, якія выдаваліся мільённымі тыражамі, адпаведна, паўплывалі на свядомасць мільёнаў беларусаў. А што наконт тых, хто нарадзіўся ў ХХІ?

Творы пісьменніка ў школьнай праграме цяпер прылічаны да беларускай класікі, хоць яшчэ колькі дзесяцігоддзяў таму іх адносілі да сучаснай літаратуры. Зразумець, што сабой уяўляе спадчына Шамякіна, вельмі складана толькі па школьных уроках літаратуры — ён напісаў вельмі шмат, усё выдавалася пры жыцці аўтара і трапляла да чытача даволі хутка, ды яшчэ перакладалася на розныя мовы. 


Яго з’яўленне ў літаратуры было падобна на імклівую асабістую перамогу: першая аповесць «Помста» была надрукавана, калі Івану Шамякіну было 25 гадоў, у 28 ён ужо аўтар рамана «Глыбокая Плынь» (а праз два гады атрымаў за яго Сталінскую прэмію, што на той час азначала жыццёвы поспех і шырокую славу). І наступныя яго кнігі станавіліся «бестселерамі», як цяпер кажуць, па іх выстройваліся чэргі (але быў час, калі кніжныя крамы былі не менш запатрабаваныя, чым прадуктовыя). «Трывожнае шчасце», «Крыніцы», «Сэрца на далоні», «Снежныя зімы», «Вазьму твой боль», «Атланты і карыятыды»... Ці быў адмысловы творчы рэцэпт аўтара? Закручаныя сюжэты, заўсёды з глыбокай драмай ці інтрыгай з мінулага, сутыкненне герояў, розных характараў і прынцыпаў, маральны выбар — усё тое, пра што пішуць даследчыкі і літаратуразнаўцы. Што, дарэчы, добра чытаецца ў любыя часы. Што прыцягвала і наша кіно — творы знаходзілі адлюстраванне на вялікім экране. І не ў малой ступені таму, што нейкія такія гісторыі былі ці не ў кожнай беларускай сям’і. І вось у гэтым таксама пісьменніцкая перамога — быць зразумелым кожнаму. 

У апошнія гады жыцця формулу поспеху, якая існавала за савецкім часам, сталі пераглядаць, вакол літаратуры таго перыяду было шмат спрэчак. Шамякіну, які лічыў сябе савецкім чалавекам, гэта давалася няпроста. Нягледзячы на тое, што ён меў многа рэгалій, званняў і высокіх ацэнак (акрамя ўзнагарод за ваенныя заслугі, тры ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга, Ордэн Леніна і «Знак пашаны», быў Героем сацыялістычнай працы і лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР, іншых літаратурных прэмій), нібыта пра ўсе заслугі савецкага перыяду забыліся. Але ж заставалася ІМЯ, і яно фактычна перамагло: перажыло этап злому ды вярнула ўвагу да творчасці праз розныя выданні, у тым ліку збор твораў. 


Магчыма, ёсць нейкая пісьменніцкая таямніца — як прыадкрыць яе? Вядома, звярнуцца да першакрыніц. Гэта робяць літаратуразнаўцы, калі пераглядаюць архівы вядомых аўтараў. Свайго роду персанальнае даследаванне прапануюць зрабіць кожнаму падчас імпрэзы «Непрыдуманы Шамякін: ад дакумента да экрана», якую ладзіць у яго Дзень нараджэння Беларускі дзяржаўны музей-архіў літаратуры і мастацтва сумесна з Саюзам архівістаў Беларусі. Патрэбны абмен меркаваннямі, бо кожны чытач можа мець персанальны інтарэс і свой погляд, крыху іншы, чым у даследчыкаў творчасці Шамякіна, самымі вядомымі з якіх з’яўляюцца яго дочкі Таццяна і Алеся. Марыя Вячаславаўна Шамякіна, літаратуразнаўца і пісьменніца-фантастка (само па сабе цікава, што дзед быў прыхільнікам рэалізму, а ўнучка ўпадабала фантастыку, так што пісьменніцкія традыцыі сям’і развіваюцца) далучыцца да сустрэчы ў сталічным кінатэатры «Піянер», якая арыентаваная ў першую чаргу на моладзь. 

— Івану Шамякіну прысвечаны адзін з нашых самых вялікіх асабістых фондаў. Пісьменнік сам паклапаціўся пра гэта. Наша ўстанова была заснавана ў 1960-я гады. І ўжо пачынаючы з 1969 года, Іван Пятровіч чатыры разы прыносіў да нас свае рукапісы, дакументы, паперы, фотаздымкі... — распавядае Дзмітрый Самахвалаў, вядучы навуковы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага архіву-музея літаратуры і мастацтва. — Фонд Шамякіна адметны тым, што мы маем яго творы ў розных варыянтах, пра гэта не ўсе ведаюць. Архівы вядомых пісьменнікаў цікавыя тым, што паказваюць, як аўтары ўдумліва і пільна працавалі над рукапісамі, правілі самі сябе, а часам у іх атрымлівалася некалькі варыянтаў аднаго твору, перш чым нейкі экзэмпляр ішоў у друк. У нас якраз ёсць некалькі варыянтаў рукапісаў адных і тых жа твораў Шамякіна. Некаторыя мы будзем дэманстраваць на экране, такім чынам іх можна ўбачыць нават лепш, чым здалёк прыглядацца да арыгіналаў (іх наогул нельга вывозіць за межы архіва). Архіў прыадкрывае творчую кухню Шамякіна, які быў вельмі плённым аўтарам. Ёсць лісты чулых чытачоў, якія адлюстроўваюць эпоху, а таксама іх адчуванне беларускай мовы, таму што Іван Пятровіч пісаў толькі па-беларуску, але стаў вядомы па-за межамі радзімы. Мы імкнёмся зрабіць цікавую падборку і паказаць ход яго думак, каб пісьменнік быў больш зразумелы як чалавек. Я патлумачу, як ён працаваў над сюжэтам, правяду аналогіі з сусветнай літаратурай. Добра, калі моладзь далучаецца і спрабуе зірнуць больш свежым сучасным поглядам. Таму што гісторыя вымушае нас паглыбляцца ў яе зноў і зноў, тое ж самае можна сказаць пра беларускую культуру: калі нейкія факты не асэнсаваны альбо думка не засвоена, мы будзем вымушаны вяртацца да яе на новым этапе. 

Магчыма, прадстаўленыя дакументы дапамогуць зразумець тое, чаго не паспелі ў школе, альбо не дае ўбачыць YouTube. Паколькі фактар візуальнага ўздзеяння ніхто не адмяняў, то экранізацыі Шамякіна — у дапамогу. Для дэманстрацыі падчас імпрэзы выбралі «Вазьму твой боль» рэжысёра Міхаіла Пташука, зняты па сцэнарыі аўтара. Ён прынёс стваральнікам Дзяржаўную прэмію ў галіне кінематаграфіі ў 1982 годзе. І вось праз чатыры дзясяткі гадоў гісторыя Івана Батрака ў Беларусі ўсё яшчэ ўспрымаецца актуальнай. Наш народны розум кажа: учарашняга дня не шукаюць. Але ў ім можна затрымацца, пражываць бясконца, калі не зрабіць пэўных высноў, бо галоўная перамога — над самім сабой, яна робіць чалавека моцным у любых жыццёвых абставінах. 

Ларыса ЦІМОШЫК


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю