Top.Mail.Ru
300

Археолагі вызначылі новую дату заснавання Мінска і даведаліся, як жыў старажытны горад

Гісторыя нашай сталіцы цікавіць кожнага беларуса. Вывучаюць яе даўно і пільна, але ўсё роўна застаецца шмат нераскрытых таямніц. За 10 км ад Мінска ў вёсцы Гарадзішча ўжо некалькі гадоў вядуцца маштабныя раскопкі на рацэ Менка. Дык калі і дзе ўсё ж быў заснаваны Мінск? Якой была культура нашых продкаў? Якія яшчэ невядомыя старонкі гісторыі горада трэба будзе адкрыць? Даследаванні вяліся пад кіраўніцтвам Андрэя Вайцяховіча — загадчыка аддзела археалогіі Сярэдніх вякоў і Новага часу Інстытута гісторыі НАН, паведамляе БелТА.



Ці ўдалося знайсці старажытную царкву?

Сёлета ішлі раскопкі на вялікім гарадзішчы. «Ёсць невялікае расчараванне. Мы шукалі сляды меркаванай царквы, якая, верагодна, была драўляная, але высветлілася, што на гэтым месцы ў XVII стагоддзі знаходзілася сядзібная пабудова. І ў выніку гэтага практычна ўсе напластаванні і аб’екты старажытнарускага часу былі знішчаны. Матэрыялы гэтага часу мы знайшлі практычна ва ўсіх пластах, у перамешаным выглядзе, у тым ліку сустракаліся асобныя чалавечыя косці, што кажа пра тое, што там былі нейкія пахаванні, але іх таксама ўсе разбурылі ў XVII стагоддзі. Ад самой пабудовы захавалася частка цаглянай сцяны і вялікія ямы — асновы трох кафляных печаў», — расказаў Андрэй Вайцяховіч.

Археолагі знайшлі там досыць шмат матэрыялу ад XVI да XIX стагоддзя. «Але і старажытнарускія матэрыялы таксама даволі цікавыя. У першую чаргу дзве кніжныя зашпількі — гэта сведчыць, што дзесьці побач на гэтым месцы знаходзіліся кнігі. Кнігі ў той час былі выключна царкоўныя. Цікавая знаходка - фрагмент прычарнаморскай амфары з прадрапанай рунай. У XI стагоддзі, калі існаваў сам горад, сюды прывозілі віно або аліўкавы алей з Прычарнамор’я. Але ўладальнік гэтых амфар быў скандынаў, які адзначаў свой посуд менавіта на той мове, на якой пісаў, то-бок скандынаўскімі рунамі. Таксама знойдзены досыць нядрэнны набор ювелірных упрыгажэнняў (жаночыя завушніцы, некалькі пярсцёнкаў), керамічны посуд XI стагоддзя і іншыя бытавыя рэчы, замкі і каля 5-6 жалезных ключоў, некалькі таварных пломбаў. Увогуле нармальныя гарадскія матэрыялы на перыяд XI стагоддзя», — адзначыў кіраўнік экспедыцыі.

Пажар XI стагоддзя і ювелірныя знаходкі

Таксама раскопкі вяліся на малым гарадзішчы. «Па ўсім раскопе фіксаваліся сляды пажару, які мы выявілі летась. Згарэлыя рэчы, у прыватнасці кераміка, дазваляюць казаць, што гэты пажар адбыўся ў XI стагоддзі. Бо там сустракаюцца абгарэлыя наканечнікі стрэл, пажар адбыўся ў сувязі з ваенным нападам і можна яго звязаць з нейкімі летапіснымі падзеямі. Малое гарадзішча згарэла практычна цалкам і пасля гэтага не адраджалася», — падзяліўся высновамі Андрэй Вайцяховіч.

Самай яркай знаходкай на малым гарадзішчы ён назваў каменную ліцейную форму. «Упершыню за ўвесь час даследавання комплексу мы знайшлі такую ліцейную форму. Самае характэрнае, што там былі выразаны некалькі паглыбленняў для вырабу розных упрыгажэнняў. І сярод іх — шыракарогі амулет у форме паўмесяца. Гэта імпартнае, усходняе ўпрыгажэнне. Лічылася, што ўсе знойдзеныя на гэтым комплексе ўпрыгажэнні прывазныя. Але аказваецца, іх выраблялі тут, на месцы. Можна будзе потым параўнаць тыя асобнікі, якія ёсць у нас, і гэтую форму. Магчыма, што яны адліваліся менавіта ў такой форме. Будзем таксама рабіць мікрааналіз часціц металу, якія на гэтай форме засталіся, каб даведацца, з якога металу адліваліся ўпрыгажэнні», — адзначыў археолаг.

1.jpg

Таксама знойдзены комплекс прадметаў, звязаных з жыхарамі малога гарадзішча, у тым ліку некалькі фібул. Сярод іх фрагмент аплаўленай у пажары куршскай фібулы. «Вельмі рэдкая знаходка для нашых тэрыторый. Чалавек загінуў або страціў фібулу падчас пажару. Ён быў куршам з тэрыторыі Прусіі. Магчыма, гэта быў нейкі найміт, які ўдзельнічаў у штурме горада», — выказаў меркаванне кіраўнік экспедыцыі.

Акрамя таго, працягвалася даследаванне ювелірнай майстэрні на селішчы-пасадзе за ручаём Дунай. «Мы ўжо выйшлі досыць далёка за межы самой майстэрні. Знаходзілі фрагменты ювелірнай вытворчасці, адзін недароблены крыжык», — расказаў Андрэй Вайцяховіч.

Да якіх высноў прыйшлі археолагі за гады даследаванняў?

«Самае галоўнае — мы даказалі, што гэта месца з’яўляецца паўнавартасным горадам, росквіт якога прыпаў на XI стагоддзе. Гэта быў досыць буйны горад для XI стагоддзя з класічнай планіроўкай - дзяцінец, умацаваны кружны горад, чатыры неўмацаваныя пасады. У выніку маштабнай прарэзкі вала мы вывучылі ўсю сістэму гарадскіх умацаванняў. Гэтыя драўляныя ўмацаванні, якія дасягалі ў вышыню 7 м, захаваліся ў выглядзе зрубных падстаў вышынёй да 2 м. Мы цалкам даследавалі ўсю канструкцыю сцяны і яе далейшы лёс. І дзякуючы дэндрахраналагічнаму аналізу атрымалі дакладную дату, калі гэта сцяна пачала ўзводзіцца. Гэта быў 997 год. Пачалі секчы дубы, звозіць і будаваць гэту сцяну. Гэты год можна лічыць датай заснавання горада. Горад гэты, безумоўна, з’яўляецца летапісным Менскам на рацэ Менка», — падкрэсліў навуковец.

Сярод знойдзеных матэрыялаў XI стагоддзя - посуд, манеты, упрыгожванні, зброя, прылады, усё гэта характэрна для гарадской культуры таго перыяду. Знаходкі сведчаць аб развіцці мноства рамёстваў, у прыватнасці ювелірнага. У гэтым годзе досыць шмат знойдзена было фрагментаў апрацаванага сланцу, з якога вырабляліся прасліца, жорны. Археолагі мяркуюць, што па суседстве была майстэрня.

Знойдзены фрагменты касцярэзнай майстэрні, сляды ганчарнай вытворчасці. А таксама сляды пражывання эліты - баярства, дружыны. «Самае галоўнае — гэта два донцы з асабістым гербам князя Ізяслава Уладзіміравіча. Гэта можа сведчыць пра тое, што сам князь быў на гэтым паселішчы і для яго вырабляўся спецыяльны посуд. Відавочна, што загад аб збудаванні горада на гэтым месцы быў аддадзены князем Ізяславам, які якраз у той час займаў Полацкі княскі прастол. Мінск узнік як горад Полацкай зямлі, як цэнтр Паўднёвай Менскай воласці з багатай сельскай акругай. У выніку некалькіх нападаў (у 1067, 1074 гадах) горад быў дастаткова моцна спустошаны, гарадскія ўмацаванні пашкодзіліся і пачалі завальвацца. Іх рамантавалі, спрабавалі ўмацаваць пяском, але гэта, мабыць, не дапамагло. І калі князь Усяслаў Брачыслававіч аддаў Менскую воласць у якасці княжацкага надзелу свайму сыну Глебу, той, паглядзеўшы на ўсё гэта, зразумеў, што значна прасцей, танней і больш выгадна будзе пабудаваць новы горад на Свіслачы. Што ён, уласна кажучы, і зрабіў. А гэты горад на Менцы паступова за 20-30 гадоў сышоў цалкам на нішто. Яшчэ некаторы час ён выконваў функцыю гандлёвага перавалачнага пункта, і потым ужо дзесьці бліжэй да сярэдзіны XII стагоддзя жыццё там спынілася цалкам», — падзяліўся вынікамі аналізу начальнік экспедыцыі.

1.jpg

Ці будзе афіцыйна мяняцца дата заснавання Мінска? «Мы сваю версію выкажам афіцыйна, а далей усё залежыць ад гарадскіх улад», — адзначыў археолаг.

Археолагі будуць апрацоўваць атрыманыя на Менцы даныя, а затым рыхтаваць кнігі. «Мяркуецца, што ўсе гэтыя матэрыялы па гісторыі старажытнага Менска будуць выдадзены ў двух тамах, прысвечаных гісторыі старажытнарускага горада і часу, калі тут існавала феадальная сядзіба. Матэрыялы найбагацейшыя ў тым ліку па XVI-XIX стагоддзях, іх варта апублікаваць таксама асобна. А як кніга будзе называцца, яшчэ невядома», — пазначыў начальнік экспедыцыі.

Магчыма, у наступным годзе даследаванні працягнуцца. «Можна вывучыць яшчэ вельмі многае. Гэты археалагічны комплекс велізарны. Гэта вялікі горад з гарадзішчам, з пасадамі. Хацелася б на вялікім гарадзішчы яшчэ некалькі раскопаў закласці», — адзначыў Андрэй Вайцяховіч. Археолагі фіксуюць значнае разбурэнне старажытнарускіх пластоў у XVII-XIX стагоддзях, калі на гэтым месцы функцыянавала сядзіба. Па словах кіраўніка экспедыцыі, ім бы хацелася знайсці старажытнарускія пласты, не закранутыя работамі больш позніх эпох.
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю