Сем з дзесяці немцаў не задаволеныя работай канцлера Германіі Фрыдрыха Мерца. Пра гэта сведчаць вынікі апытання, праведзенага Інстытутам Forsa для тэлеканалаў n-tv і RTL, паведамляе БелТА.
Паводле даных апытання, 70 % немцаў негатыўна ацэньваюць работу канцлера. Адзначаецца, што толькі сярод прыхільнікаў яго блока Хрысціянска-дэмакратычнага і Хрысціянска-сацыяльнага саюзаў (ХДС/ХСС) большасць (64 %) выказвае задаволенасць яго работай, у той час як прыхільнікі ўсіх астатніх партый у асноўным ёй незадаволеныя.
Акрамя гэтага, 54 % рэспандэнтаў лічаць, што ў Германіі ўжо гэтай восенню неабходна правесці сацыяльныя рэформы. Яшчэ 24 % апытаных кажуць, што рэформы трэба ажыцьцявіць да канца наступнага лета.
Вынікі апытання таксама паказваюць, што правая партыя «Альтэрнатыва для Германіі» (АдГ) знаходзіцца на першым месцы па папулярнасці сярод немцаў з рэкордным для сябе адрывам ад ХДС/ХСС — за яе цяпер гатовыя аддаць свае галасы 27 % немцаў, а за кансерватыўны блок — 24 %.
Апытанне праводзілася 23-29 верасня. У ім прынялі ўдзел 2502 чалавекі.
6 мая Бундэстаг выбраў Мерца канцлерам толькі з другой спробы. Гэта першы выпадак у гісторыі Германіі, калі пасля выбараў і паспяховых кааліцыйных перагавораў кандыдат ад партыі, якая перамагла, не змог атрымаць неабходную колькасць галасоў адразу.