Якія новыя спецыяльнасці адкрыюцца ў каледжах Мінска, расказала загадчыца сектара прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Алена Чарных на прэс-канферэнцыі «Уступная кампанія-2025: атрыманне прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў Беларусі», паведамляе БелТА.
«Сёння 26 устаноў уваходзяць у сетку, якая знаходзіцца ў падпарадкаванні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама. Іх было 19, але з першага чэрвеня мы прынялі да сябе яшчэ 7 устаноў. План прыёму штогод павялічваецца. У параўнанні з мінулым годам ён павялічыўся на 700 чалавек. Сёлета мы прымем каля 9 тыс. навучэнцаў», — адзначыла Алена Чарных.
Паводле яе слоў, цяпер па ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў Мінску існуе 51 спецыяльнасць і 124 кваліфікацыі. Па ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі — 41 кваліфікацыя і 41 спецыяльнасць.
«За апошнія тры гады адкрыта 15 новых рабочых прафесій. Дзве з іх абсалютна новыя для Беларусі: фларыст і буфетчык. На ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі былі адкрыты такія спецыяльнасці, як фларыстычны дызайн, выхаваўчая праца, тэхнічная эксплуатацыя мехатронных сістэм электроннай вытворчасці, вымяральнік электрафізічных параметраў вырабаў электроннай тэхнікі пятага разраду. Выбар досыць шырокі. Будучым абітурыентам ёсць з чаго выбіраць», — дадала Алена Чарных.
Яна падкрэсліла, што новыя спецыяльнасці і кваліфікацыі адкрыюцца і сёлета. На ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў Мінскім дзяржаўным каледжы рамесніцтва і дызайну імя Н. А. Кедышкі будзе праводзіцца падрыхтоўка аператараў аўтаматычных ліній па вытворчасці керамічных вырабаў і ліцейшчыкаў санітарна-будаўнічых вырабаў. У Мінскім дзяржаўным каледжы тэхнікі і тэхналогій будаўніцтва адкрыецца спецыяльнасць слесара-электрыка па абслугоўванні і рамонце эскалатараў, а ў Мінскім дзяржаўным механіка-тэхналагічным каледжы — апрацоўшчыка рыбы і морапрадуктаў. «У гэтым жа каледжы на базе прафесійна-тэхнічнай адукацыі будзе адкрыта кваліфікацыя аператара персанальных электронна-вылічальных машын і наладчыка апаратнага і праграмнага забеспячэння для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Попыт заўсёды вялікі. У такіх дзяцей дастаткова абмежаваны спектр атрымання прафесіі, таму мы стараемся заўсёды прапаноўваць нешта новае і цікавае», — сказала Алена Чарных.
Па ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі будуць адкрыты такія спецыяльнасці — бібліятэчная справа, тэхнічная эксплуатацыя электронных прылад, выхаваўчая работа, а таксама будаўніцтва будынкаў і збудаванняў.