Top.Mail.Ru
372

Апісаны механізм нечаканага ўплыву сну на памяць

Сон дапамагае не толькі замацоўваць падзеі, што адбыліся з чалавекам, у ягонай памяці, але і падрыхтоўвае мозг да запамінання новых. Да такой высновы прыйшлі японскія навукоўцы, якія апублікавалі даследаванне ў Nature Communications.



У эксперыменце з мышамі спецыялісты адсочвалі актыўнасць адмысловых нейронаў — энграмных клетак, якія адказваюць за фарміраванне ўспамінаў. Як і чакалася, гэтыя клеткі актываваліся ў сне пасля запамінальных падзей, удзельнічаючы ў замацаванні памяці. Аднак даследчыкі выявілі і іншую групу нейронаў — «будучыя энграмныя клеткі». Пакуль яны не звязыныя з пэўнымі ўспамінамі, але ў сне пачынаюць актыўна ўзаемадзейнічаць з ужо задзейнічанымі клеткамі памяці. Пазней менавіта гэтыя клеткі фіксуюць новыя падзеі.

Змадэляваўшы працэс у нейрасеткавай мадэлі гіпакампа (парнай структуры, размешчанай ў скроневых аддзелах паўшар’яў; гіпакамп выконвае функцыю кароткачасовай памяці і адказвае за наступны перавод інфармацыі ў доўгатэрміновую памяць) вучоныя паказалі, што такія ўзаемадзеянні залежаць ад перабудовы сувязяў паміж нейронамі, якая адбываецца падчас сну. Гэтыя працэсы, па меркаванні даследчыкаў, не толькі спрыяюць лепшаму запамінанню мінулага, але і падрыхтоўваюць мозг да больш эфектыўнага засваення новай інфармацыі.

Аўтары падкрэсліваюць: якасць сну паміж навучальнымі падзеямі ўплывае на здольнасць да далейшага запамінання. Гэта адкрыццё можа быць карысным для сістэм адукацыі і лячэнні расстройстваў памяці.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю