Top.Mail.Ru

Аперацыя «Крэдыт»: мінчанка перавяла ашуканцам 120 тысяч рублёў

Як паведамла Група па інфармацыі і сувязі з грамадскасцю УСК па горадзе Мінску, Заводскім раённым аддзелам Следчага камітэта ўстанаўліваюцца абставіны махлярства, учыненага ў асабліва буйным памеры.


Па даных следства, у кастрычніку 30-гадовая жыхарка Мінска стала ахвярай ужо даўно вядомай махлярскай схемы. У Telegram ёй паступіла паведамленне ад асобы, якая выдавала сябе за яе кіраўніка. Ад імя начальніка жанчыне паведамілі, што ў хуткім часе з ёю звяжацца супрацоўнік КДБ для вырашэння аператыўнага пытання.

Праз некалькі хвілін жанчыне сапраўды паступіла тэлефанаванне ў месенджары ад невядомага, які назваўся супрацоўнікам органаў дзяржаўнай бяспекі. Зламыснік паведаміў ёй, што з месца яе працы адбываецца «ўцечка звестак», і на яе імя аферысты ўжо аформілі крэдыты, у сувязі з чым праводзіцца сумеснае расследаванне з Нацыянальным банкам.

Неўзабаве з мінчанкай звязалася яшчэ адна саўдзельніца, якая прадставілася супрацоўнікам банка і пацвердзіла лжывую інфармацыю аб нібы аформленых на яе імя крэдытах. Для «абароны сродкаў» мінчанцы прапанавалі звярнуцца ў банкі і аформіць пазыкі ў рамках «аператыўнай распрацоўкі».

Для канчатковага ўвядзення ў зман пацярпелай па відэасувязі патэлефанаваў ілжэправаахоўнік, прадэманстраваўшы элементы формы і службовае пасведчанне. Пад яго дыктоўку жанчына напісала заяву.

На наступны дзень ілжэсупрацоўнікі запатрабавалі ў ахвяры аформіць крэдыты яшчэ ў трох банках і перавесці іх на свой рахунак з дапамогай міжнароднай плацежнай сістэмы. Аднак на гэтым аферысты не спыніліся. Яны вымусілі жыхарку сталіцы сабраць сямейныя назапашванні і паехаць у Смаленск, дзе яна пералічыла на карт-рахунак і гэтыя грошы. Акрамя таго, пад ціскам ашуканцаў жанчына аформіла растэрміноўку на набыццё мабільнага тэлефона, затым прадала яго, а атрыманыя грошы таксама перавяла зламыснікам.

Толькі пасля таго, як «аператыўнік» выдаліў перапіску, у жыхаркі сталіцы ўзніклі падазрэнні, і яна звярнулася ў праваахоўныя органы.

Такім чынам, на рахунак зламыснікаў пацярпелая перавяла больш за 120 000 рублёў.

Цяпер Заводскім (г. Мінска) раённым аддзелам Следчага камітэта распачата крымінальная справа па ч. 4 арт. 209 (махлярства, учыненае ў асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Пправодзяцца неабходныя следчыя дзеянні і аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, накіраваныя на ўстанаўленне асоб, якія ўчынілі злачынства.

Следчыя ў чарговы раз нагадваюць: 

* Пры паступленні паведамлення або званка ад кіраўніка з падобным зместам, пераканайцеся ў правільнасці назвы акаўнта і нумары тэлефона.
* Звяжыцеся з начальнікам па гарадскім ці мабільным тэлефоне.
* Звярніце ўвагу на наяўнасць або адсутнасць на экране перапіскі апавяшчэнняў «дадаць» і «заблакаваць». Гэта сведчыць аб тым, ці ёсць гэты чалавек у вашых мабільных кантактах.
* Зрабіце паўзу ў зносінах і абмяркуйце сітуацыю, якая склалася з кімсьці са знаёмых ці блізкіх.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю