Top.Mail.Ru

Антон Смольскі паставіў прыгожую кропку ў біятлонным сезоне

Трыумф тыдня. Хакеісты мінскага «Дынама» ўпершыню ў гісторыі клуба прабіліся ў другі раўнд плэй-оф Кантынентальнай хакейнай лігі. У першым раўндзе плэй-оф сезона-2024/2025 мінчане сустракаліся з маскоўскім ЦСКА. Вынік серыі — 4:2 на карысць «зуброў». Сапернікам мінскіх хакеістаў у другім раўндзе стане чалябінскі «Трактар».


Перамога тыдня. Беларус Іван Літвіновіч заваяваў «золата» на другім этапе Кубка свету па скачках на батуце 2025 года, які прайшоў у Італіі. Выступленне двухразовага алімпійскага чэмпіёна суддзі ацанілі на 66,930 бала. На папярэднім этапе Кубка свету ў Баку Літвіновіч таксама атрымаў перамогу.

Герой тыдня. Антон Смольскі другі раз у кар’еры стаў пераможцам агульнага заліку Кубка Садружнасці па біятлоне. У гэтым сезоне лідар беларускай зборнай перамагаў сем разоў: тры разы на першым этапе Кубка Садружнасці ў Краснаярску, адзін раз на чацвёртым этапе ў Дзёміне і тры разы на дамашнім этапе ў Раўбічах. У асабістых гонках Кубка Садружнасці — 24/25 у Антона Смольскага два сярэбраныя медалі і яшчэ тры трапленні ў шасцёрку наймацнейшых.

Апошні этап Кубка Садружнасці, які прайшоў у Мурманску, для беларускіх біятланістаў выдаўся нядрэнным. У новай дысцыпліне, адзіночнай эстафеце, тандэм Антона Смольскага і Паўла Бялько заняў трэцяе месца. У жаночай частцы гэтай дысцыпліны Дзінара Смольская і Ксенія Варабей занялі другое месца. На старт жаночага спрынту выйшлі 24 біятланісткі. Дзінара Смольская да фінішу прыехала першай, Ганна Сола — трэцяй.

Каманда тыдня. Гандбалісткі «БНТУ-БелАЗа» 18-ы раз сталі ўладальніцамі Кубка Беларусі сярод жаночых каманд. У вырашальным паядынку дзяўчаты перамаглі саперніц з «Гомеля» — 32:25. У матчы за «бронзу» кубкавага розыгрышу брэсцкае «Бярэсце» адолела гродзенскую «Гараднічанку» з перавагай у два галы — 27:25.

Турнір тыдня. У Брэсце завяршыўся адкрыты чэмпіянат Беларусі па плаванні. На турніры выступілі больш за 300 плыўцоў з Беларусі і Расіі, у тым ліку ўсе лідары нашай нацыянальнай каманды. Анастасія Шкурдай заваявала пяць асабістых узнагарод: яна выйграла тры дыстанцыі на спіне (50 м, 100 м і 200 м), была наймацнейшай на паўсотні кролем і ўзяла «серабро» на 50-метроўцы батэрфляем. Чатырохразовай чэмпіёнкай краіны 2025 года стала і Аліна Змушко: яна тры разы перамагла ў брасе і на дыстанцыі 200 метраў комплексам. У мужчын абсалютным чэмпіёнам у плаванні на спіне стаў Уладзімір Мамекін, у плаванні брасам — Ілья Шымановіч.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю