Цалкам перамагчы рак немагчыма. Гэта не адна хвароба, а цэлая група захворванняў з рознай біялогіяй, механізмамі развіцця і рэакцыяй на лячэнне, адзначыў у інтэрв’ю ТАСС галоўны анколаг Міністэрства аховы здароўя Расіі, генеральны дырэктар НМДЦ радыялогіі, акадэмік РАН Андрэй Капрын.
Паводле яго слоў, лідарскія пазіцыі прадоўжаць займаць пухліны скуры. На другім і трэцім месцах застануцца рак малочнай залозы і рак прастаты. Па некаторых групах захворванняў прагназуецца прырост, які можна звязаць са зменамі ў структуры фактараў рызыкі, паляпшэннем дыягностыкі і дэмаграфічнымі зрухамі.
Фактары, якія фарміруюць гэты рост, добра вядомыя. На першы план выходзяць асаблівасці ладу жыцця: курэнне, злоўжыванне алкаголем, каларыйны рацыён з лішкам перапрацаваных прадуктаў, нізкая фізічная актыўнасць. Генетычная схільнасць таксама адыгрывае ролю, бо па шэрагу пухлін наяўнасць сямейнага анамнезу значна павялічвае рызыку развіцця раку. Але ёсць і яшчэ адзін прынцыповы момант, а менавіта — удасканаленне медыцынскіх тэхналогій. Сучасная дыягностыка дазваляе выяўляць тыя віды пухлін, якія раней часта заставаліся незаўважанымі, асабліва на ранніх стадыях. Гэта станоўчая тэндэнцыя, але статыстычна яна выглядае як рост выяўляльнасці.
Андрэй Капрын акцэнтаваў увагу на тым, што цалкам абараніцца ад раку немагчыма, але многія рызыкі можна значна зменшыць: «Самае важнае — адмовіцца ад шкодных звычак, прама цяпер. Не заўтра, не „пачну ў панядзелак“, а прыняць адказнае рашэнне зрабіць сёння — кінуць курыць, ужываць менш алкаголю, а ў ідэале адмовіцца зусім, больш рухацца, збалансавана і ўмерана харчавацца, захоўваць унутраны псіхалагічны спакой. Берагчы скуру ад сонца, своечасова праходзіць скрынінг і не адкладваць візіт да ўрача, калі нешта непакоіць. І гэта не пра строгія правілы, а пра клопат пра сябе і сваіх блізкіх. Маленькія крокі, але разам яны працуюць».