Top.Mail.Ru
202

Андрэй Кузняцоў: «Сваімі працоўнымі подзвігамі мы ствараем моцную эканоміку»

З нагоды Дня машынабудаўніка ў Рэспубліканскім палацы культуры прафсаюзаў прайшла ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання найлепшых работнікаў цэнтральнага апарату Міністэрства прамысловасці і прадпрыемстваў сістэмы Мінпрама. У мерапрыемстве, якое стала значнай і незабыўнай падзеяй, прыняў удзел міністр прамысловасці Рэспублікі Беларусь Андрэй Кузняцоў.

З рук кіраўніка ведамства атрымалі ўзнагароды каля 50 чалавек. Сярод іх — работнікі цэнтральнага апарату міністэрства і працоўных калектываў прамысловых прадпрыемстваў.

«Самай галоўнай каштоўнасцю ва ўсе часы быў чалавек працы, які імкнецца выканаць сваю справу бездакорна, — адзначыў у сваім выступленні Андрэй Кузняцоў. — Сёння мы ўшаноўваем тых, дзякуючы каму наша прамысловасць працягвае развівацца і ўмацоўваць свае пазіцыі. Мы ганарымся нашымі спецыялістамі, якія імкнуцца выканаць ускладзеныя на іх абавязкі на высокім узроўні. Сённяшняе ўзнагароджанне падкрэслівае выключную ролю кожнага супрацоўніка ў фарміраванні моцнай і канкурэнтаздольнай эканомікі нашай дзяржавы. Я глыбока перакананы, што цырымонія ўрачыстага ўзнагароджання нашых высакакласных і таленавітых работнікаў стане моцным стымулам для далейшага росту вытворчасці і павышэння ўзроўню прафесійнага майстэрства. Акрамя таго, ушанаванне працоўных подзвігаў і высокіх дасягненняў стане натхняльным прыкладам для новых пакаленняў работнікаў, стымулюючы іх да імкнення да прафесійных вышынь», — адзначыў міністр прамысловасці.

У час цырымоніі былі ўручаны ўзнагароды Міністэрства прамысловасці, Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь — Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў, Міністэрства сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, Беларускай універсальнай гандлёвай біржы, а таксама Беларускага прафсаюза работнікаў галін прамысловасці «БЕЛПРАФМАШ».

Нагрудным знакам выдатніка Міністэрства прамысловасці «За ўклад у развіццё прамысловасці Рэспублікі Беларусь» за асобыя заслугі ва ўмацаванні прамысловага патэнцыялу краіны, дасягненні ў рэалізацыі стратэгічных праектаў і развіццё ключавых кірункаў галіны ўзнагароджана трое ўдзельнікаў.

Вышэйшую ўзнагароду Міністэрства прамысловасці атрымалі першы намеснік старшыні Мінгарвыканкама Надзея Лазарэвіч, генеральны дырэктар ААТ «МАЗ — кіруючая кампанія холдынгу «БЕЛАЎТАМАЗ» Валерый Іванковіч і генеральны канструктар навукова-тэхнічнага цэнтра камбайнабудавання ААТ «Гомсельмаш» Сяргей Федаровіч, якія стаялі ля вытокаў стварэння першага беларускага збожжаўборачнага камбайна.

На сцэну выходзяць найлепшыя з лепшых, гучаць шчырыя апладысменты... Менавіта такія выдатныя кіраўнікі, шчырыя, адказныя і мэтанакіраваныя спецыялісты, з’яўляюцца гонарам для нашай краіны. Менавіта іх шматгадовыя напрацоўкі, вопыт і адказнасць — наша вялікая каштоўнасць.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю