Top.Mail.Ru

Андрэй Барбашынскі: «Я б прайшоў гэты шлях яшчэ раз з усімі складанасцямі і траўмамі»

Аб чым не шкадуе вялікі чалавек

У беларускім спорце Андрэй Барбашынскі — фігура вялікая. Ніякіх кампліментаў, толькі факты. Алімпійскі чэмпіён 1992 года. Пра тое, як Аб’яднаная каманда СНД, сабраная з гульцоў, якія лічыліся трэцімі нумарамі, катком прайшлася па грандах, ходзяць легенды. Адным з ключавых стваральнікаў таго гандбольнага цуду быў і 22-гадовы Андрэй Барбашынскі. Яго спартыўная зорка запалілася ў невялікім горадзе Ашмяны. І праз шмат гадоў вялікі чалавек малую радзіму не забывае, дапамагае мясцовай дзіцяча-юнацкай школе па гандболе, якая, дарэчы, носіць яго імя і на базе якой праходзяць дзіцячыя спаборніцтвы па гандболе на прызы Андрэя Барбашынскага. Намеснік старшыні Беларускай федэрацыі гандбола, які адказвае за рэгіёны. З нядаўняга часу — дырэктар Рэспубліканскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву — дапамагае развівацца юным талентам з усёй краіны. Пасада няпростая, патрабуе вельмі шмат увагі, адказнасці і ўключэння. Але чым складаней, тым цікавей, сцвярджае Андрэй Барбашынскі. Падтрымлівае яго ў гэтым сям’я, тут таксама ўсё атрымалася. У пачатку мая Андрэй Барбашынскі адзначыў юбілей. І гэта паслужыла найлепшай нагодай, каб пагаварыць не пра спорт, не пра работу, а пра чалавека.

— Андрэй Станіслававіч, калі б не спорт, то што?

— Мама распавядала, што я ўжо ў чатыры гады заяўляў пра жаданне гуляць у СКА-Мінск. Абвяргаць словы мамы я не маю права, але ўсё ж гэта не зусім карэктна. Каманда СКА-Мінск пачала ўзыходжанне ў 1976 годзе, калі мне было ўжо шэсць. Ды і наўрад ці я ў чатыры гады разумеў, што такое гандбол. У дзяцінстве я быў даволі лянівым малым, які не рваўся займацца спортам, мне больш падабалася вучыцца. Але вось так склалася жыццё, што мая вучоба працягвалася ў спартыўным інтэрнаце. І, як аднойчы заўважыў тата, гэта быў шчаслівы паварот. Ён тлумачыў гэта тым, што мой добры даверлівы характар мог прывесці мяне і на крывую дарожку. І яшчэ тата жартаваў: з маім ростам я б мог галінкі ў дрэў абразаць. Але калі сур’ёзна, то я вельмі ўдзячны лёсу за тое, што знайшоў сябе ў спорце. Як асоба я развіваўся ў складаны пераменлівы час, усякае магло быць у маім лёсе. Але было толькі добрае.

— Вы сталі алімпійскім чэмпіёнам у 22 гады. Наколькі складана будаваць жыццё далей, маючы такі тытул?

— У 22 гады не разумееш значнасці алімпійскага «золата». Мы ехалі на Алімпіяду, калі Савецкага Саюза ўжо не было. Разумелі, што гуляем разам апошні раз. Мы былі поўныя энтузіязму і веры ў сябе, і ніхто не думаў, што будзе далей. Я, напэўна, пасля 30 гадоў усвядоміў, што я алімпійскі чэмпіён. І зразумеў, што гэта перш за ўсё вялікая адказнасць.

— Дзе захоўваецца ваш алімпійскі медаль?

— Усе мае медалі захоўваюцца ў мамы. Таму што я ўсяго дамогся дзякуючы бацькам. Я не нашу свой медаль на розныя сустрэчы, ніколі яго не аддам у музей, пасля Алімпійскіх гульняў і сам яго бачыў некалькі разоў — для нашай сям’і гэта вельмі патаемнае.

— Відавочна, які момант у спартыўнай кар’еры вы назавяце самым шчаслівым. А які быў самым горкім?

— Наш бяздарны пройгрыш шведам на чэмпіянаце свету 1991 года. Для мяне асабіста гэта двайное засмучэнне, таму што я быў капітанам каманды. Мы вельмі недарэчна ўпусцілі свой шанц стаць чэмпіёнамі свету ў другі раз. Так, на Алімпіядзе мы шведаў абыгралі, але за той пройгрыш крыўдна дагэтуль. Цяпер разумею, што няўдачы загартоўваюць. І калі адзін раз надломваешся псіхалагічна (няважна, у якім узросце), з’яўляецца ўнутраны страх памыліцца, зрабіць нешта не так. Таму першае, чаму павінен навучыцца спартсмен, — адкідаць усе перажыванні і ісці наперад, як бы не было складана.

— Гэтаму вучылі ў СКА-Мінск?

— У тым ліку. Пра тое, што я быў у спісе найлепшых бамбардзіраў Савецкага Саюза, даведаўся ад журналіста Сяргея Лісічкіна, які падняў архівы. Ну, так, быў, таму што ў мяне былі класныя партнёры, з якімі было гонарам выходзіць на пляцоўку. Для мяне гонар быць часткай той каманды, трэніравацца пад кіраўніцтвам Спартака Пятровіча Мірановіча. Мы марылі гуляць за СКА-Мінск. І сёння я мару, каб СКА-Мінск адрадзіўся, грымеў, як раней, каб маладыя гульцы марылі гуляць у дадзенай камандзе. Таму што гэта гісторыя не толькі гандбалістаў, гэта гісторыя сотняў людзей, якія стваралі тую вялікую каманду.

— Нядаўна ў Ашмянах прайшоў чарговы турнір па гандболе на прызы Андрэя Барбашынскага. Як узнікла ідэя запусціць гэты праект?

— Гэта ідэя Мікалая Мікалаевіча Тадарашкі, былога дырэктара «Гараднічанкі». Першы турнір быў мужчынскім на чатыры каманды і праходзіў у Гродне, другі, падлеткавы, ужо на шэсць каманд. А паколькі мая малая радзіма — Ашмяны, вырашылі перанесці туды. І ўжо дзевяць гадоў гэты турнір — Ашмянская традыцыя. Мы стараемся праводзіць яго так, каб усім было цікава і займальна. Падбіраем каманды, аднолькавыя па сваім узроўні, каб была здаровая канкурэнцыя. Паколькі ўдзельнікі — 15-гадовыя хлопцы, у дзень яны гуляюць два матчы па 25 хвілін, каб «наеліся» гандболам і атрымалі ад яго задавальненне. Аддачу ад турніру адчувае і прафесійны спорт. Кожны год некалькі ўдзельнікаў турніру паступаюць у вучылішча алімпійскага рэзерву. Ігар Бяляўскі прайшоў праз наш турнір. Мацвей Барбашынскі, як і ўсе хлопцы, народжаныя ў 2000-х, пачыналі свой шлях у прафесійным гандболе з гэтага турніру.

— Вы не хаваеце, што праводзіць турнір складана, але кожны год актыўна ўключаецеся ў падрыхтоўку...

— Апошні свісток — гэта заканчэнне турніру для спартсменаў, а для нас, арганізатараў, — пачатак падрыхтоўкі да наступнага. Хочацца зрабіць нешта добрае для роднага горада. Жыхары Ашмян любяць гэты турнір, пытаюцца ў маёй мамы, ці будзе ён. Аднойчы спыніўся на запраўцы, дык у мяне і там спыталі пра турнір. Яго сапраўды ў горадзе чакаюць. Для мяне вельмі важна быць ганаровым грамадзянінам горада Ашмяны, бо гэта выбіраюць людзі. І я павінен апраўдваць іх чаканні.

— Улічваючы, што Мацвей і Захар знайшлі сябе ў спорце, спартыўнай дынастыі Барбашынскіх быць. Сыны моцна на вас падобныя?

— Ростам яны сапраўды пайшлі ў мяне. Малодшы, Захар, прыкладна 1.98 метра, можа, ужо нават 2 метры. Мацвей планку ў 2.05 метра ўжо даўно перарос. У нас траіх аднолькавая хада, ходзім, закідваючы руку назад, як і мой бацька. А вось характары розныя. Мацвей пайшоў у маму: дысцыплінаваны, арганізаваны, у яго ўсё павінна быць раскладзена па палічках. Захар, як і я, на месцы не сядзіць, увесь час у руху, увесь час яму кудысьці трэба, толькі выбраў баскетбол. Характары ў іх розныя, але класныя. Вялікі дзякуй маёй жонцы за выхаванне такіх хлопцаў. У Ірыны трое дзяцей, я, дарэчы, самы паслухмяны. Мы ўсе ставімся да яе з вялікай павагай і любоўю. І хлопцам не стамляюся паўтараць, што мама адна і яе трэба шанаваць і берагчы.

— Паколькі Мацвей гуляе ў гандбол, яго непазбежна будуць параўноўваць з вамі. Думаеце, яму гэта не перашкодзіць?

— Вышэй я казаў, што ў Мацвея характар маці. Але гэта ў жыцці. У гандболе ён мая копія: спакойны ў жыцці, але на пляцоўцы як быццам нешта ўсяляецца ў яго, і паводзіны змяняюцца кардынальна. Юрый Анатольевіч Шаўцоў аднойчы сказаў, што калі ён атрымае ў спадчыну бацькаў характар, то ў яго ўсё атрымаецца. Вядома, будуць са мной параўноўваць, гэта непазбежна. Баскетбалісту будуць казаць, што ёсць гандбольныя гены, гандбалісту будуць успамінаць, што рабіў бацька. Хлопцы ўсведамляюць, што ім жыць з гэтым прозвішчам. І я вельмі спадзяюся, што параўнанне будзе на іх карысць, і веру, што як спартсмены яны будуць лепшымі за мяне. Я ў гэтым не сумняваюся. Для мяне вельмі важна і ганарова быць алімпійскім чэмпіёнам, я ганаруся кожным сваім тытулам, разумею, што трэба ім адпавядаць. Але дома, у сям’і я не алімпійскі чэмпіён, а тата, сябар, таварыш — менавіта так будуюцца нашы адносіны з сынамі.

— Як быць «бацькам» 618 дзяцей, якія вучацца ў вучылішчы алімпійскага рэзерву?

— У першы дзень работы ў вучылішчы я папярэдзіў калектыў, што гэта нашы дзеці, і ставіцца да іх мы павінны, як да родных. А самае складанае — выхоўваць дзяцей на сваім прыкладзе, а не проста казаць ім прыгожыя словы, вучыць жыццю. Часта можна пачуць, што гэта пакаленне «сапсаванае». Не, яно проста іншае. Бо яны жывуць у шчаслівы час, у клопаце, дастатку, ім не трэба выгрызаць усё ў гэтым жыцці, як даводзілася нам. Вядома, нашы дзеці павінны жыць лепш, чым мы. Але з-за гэтага яны як быццам знаходзяцца ў лёгкай спячцы, многія не маюць выразнай мэты на жыццё. І «абудзіць» іх, запаліць агеньчык — наша задача.

— Андрэй Станіслававіч, вы адзін з нямногіх чэмпіёнаў, хто адкрыта кажа, што вялікі спорт — вельмі складаны шлях, на якім даводзіцца многае пераадольваць. Гэта таго варта?

— Адназначна варта. Для таго, каб чагосьці дасягнуць, трэба ад многага адмаўляцца, ад забаў, вольнага часу, часам нават ад здароўя. Калі ты ў спорце, пра гэта не думаеш. І я б прайшоў свой шлях яшчэ раз, з усімі траўмамі, хваробамі, складанасцямі, таму што тыя эмоцыі, той адрэналін, які ты атрымліваеш, — вартыя ўсяго.

— Вы адчуваеце сябе шчаслівым чалавекам?

— Безумоўна. Дзве пяцёркі — выдатная дата, ты ўжо не малады, але яшчэ і не надта дарослы. І, як я жартую, мне яшчэ 45 гадоў да фінішу. Вядома, я шчаслівы чалавек, у мяне цудоўная сям’я, выдатная жонка, сыны, побач мама. Я жыву ў спакойнай мірнай краіне, у мяне безліч планаў на будучыню. А калі нехта плюе ў спіну, дык гэта азначае толькі тое, што я наперадзе.

Фота handballfast.com

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю