Top.Mail.Ru

Анастасія Малашкевіч: Хачу паказваць, якая моцная, прыгожая і галасістая наша краіна

Сёння ў гасцях «Чырвонкі. Чырвонай змены» ракавая брунетка, уладальніца рэдкага голасу, артыстка Вялікага тэатра Анастасія Малашкевіч. Яе імя стала вядомым шырокаму колу гледачоў пасля праекта «Фактар.by». Сёння оперная дзіва ідзе на смелыя эксперыменты з вобразамі, яркімі шоу і новымі ролямі на сцэне. Яна ўдала сумяшчае класічныя спевы і эстрадны вакал. Яе дзень распісаны па хвілінах, але вакалістка паспявае ўсё. Як сцвярджае оперная дзіва, гэта выключна частка прафесіі, у жыцці яна зусім іншая...


«Нарадзілася ў Крыме, а жыву ў Беларусі!»

— Я нарадзілася ў горадзе Алушта. Там жылі бацькі. Дзядуля, беларус, вярнуўся на радзіму ў Гомельскую вобласць у вядомы горад Добруш. І мае бацькі прынялі рашэнне, што хочуць жыць у Беларусі. Тут я скончыла школу і, адпаведна, атрымлівала сваю прафесійную адукацыю. Музычная тэма цікавіла мяне з дзяцінства. Не проста слухала музыку, але і вывучала яе. Вялікая прага да ведаў прывяла ў музычнае вучылішча. Пачынала ў Гомелі, пасля перавялася ў Мінск і заканчвала «Глінку» па спецыяльнасці «Акадэмічны вакал».

Пачынала працаваць музычным педагогам, па сумяшчальніцтве — педагогам-арганізатарам у школе. Была кіраўніком вакальнай студыі ў цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Светач». Атрымала педагагічную катэгорыю. Паралельна вучылася ў Акадэміі музыкі (клас опернага мастацтва) у Людмілы Якаўлеўны Колас. На вялікія падмосткі трапіла не адразу. У 2017-м выкладала ў музычным вучылішчы па размеркаванні. Пасля прыйшла ў стажорскую трупу Вялікага тэатра. Узяла ўдзел у Міжнародным глядацкім конкурсе маладых выканаўцаў. Гэта дапамагло трапіць адразу ў асноўны склад.

«Ёсць ідэя пісаць красоверы»

— Я оперная спявачка, якая ўмее сумяшчаць эстрадны і акадэмічны вакал. Гэта розныя сусветы. Розныя галасы, тэхніка. Нельга сказаць, што лягчэй, а што складаней. Проста мая ўнікальнасць заключаецца ў здольнасці сумяшчаць гэтыя два кірункі. Думаю, што калі ўдаецца працаваць з рознымі жанрамі, то я буду працягваць. Ёсць ідэя пісаць красоверы ў такім фармаце, бо гэта ўнікальна. Пакуль магчымасці дазваляюць, чаму б не рабіць? А далей будзе відаць. Магчыма, мяне паглыне опернае мастацтва і я буду спяваць толькі класіку альбо, наадварот, пачну займацца канцэртнай дзейнасцю. Калі гаварыць пра опернае мастацтва, то ў мяне памежны голас — альбо моцнае драм-сапрана, альбо меца-сапрана. Мой голас дазваляе выконваць як класічныя партыі, так і меца-сапранавыя. Таму магчымасці вялікія, і рэалізацыя таксама ёсць.

«Крывавая партыя»

— У дадзены момант у нас у тэатры ідзе рымейк пастаноўкі оперы «Яўген Анегін». Але я цяпер пагружаюся ў спектакль «Макбет». Гэта будзе мая новая партыя. І вялікая работа праводзіцца ў гэтым кірунку. Дарэчы, на сёння я адзіная выканальніца партыі Турандот у Беларусі, і не толькі арыі, а ўсёй оперы. Гэта партыя лічыцца найскладанейшай з пункту гледжання вакальнага выканання. Яе фізічна і вакальна могуць выканаць толькі каля дзесяці спявачак у свеце. І ў асноўным гэту партыю бяруць сталыя, узроставыя спявачкі, якія ўжо валодаюць найвышэйшай тэхнікай выканальніцкага майстэрства і вопытам. Таму што ёсць такое паняцце «крывавая партыя» — гэта значыць вельмі небяспечная. Калі праводзіць аналогію са спортам, ёсць пэўныя трукі, якія для непадрыхтаванага спартсмена небяспечныя, тое ж і тут. Кожны раз выкананне гэтай партыі для мяне — выклік.

«Ёсць артысты, а ёсць перформеры»

— Музычнае выхаванне дае падставы меркаваць, што ўсё ж такі музычная адукацыя важная, і на сцэне павінны знаходзіцца прафесіяналы. Цяпер вельмі размыта мяжа паміж прафесіяналізмам і ўражаннем на сцэне. Калі гаварыць сучаснай мовай, ёсць артысты, а ёсць людзі для хайпу. Ёсць перформеры, якія ўражваюць і выклікаюць эмоцыі, бяруць яркасцю, эпатажам, але пры гэтым дрэнныя спевакі. Я ў першую чаргу выканальніца, а пасля ўжо развівала ў сабе навыкі артыста і працягваю гэта рабіць. Скажу пра сябе: у мяне няма дыплома па сучасным вакале — гэта маё хобі, але я развівала яго адначасова з атрыманнем класічнай адукацыі.

«Неабавязкова спажываць усё, што даюць»

У чым асаблівасць класічнага мастацтва? Туды без прафесійнай адукацыі не трапіш! Шмат маладых артыстаў без музычнай адукацыі праз агенцтва альбо лэйблы, праз аўтарскі матэрыял рэалізуюць свой патэнцыял і трапляюць на вялікія канцэртныя пляцоўкі, дасягаюць вядомасці. Калі ласка, гэта ж цудоўны шлях! Аднак важна, каб музыка і тэкст, а таксама выкананне былі на годным узроўні. Параю заўсёды займацца з вакальнымі коўчамі. Бярыце музычныя ўрокі, шукайце свайго педагога. Будзьце прагнымі, імкніцеся пазнаваць новае — тады знойдзеце сябе, свой шлях. Калі будзеце валодаць ведамі, пасля зможаце выдзеліць, што блізка. Неабавязкова спажываць усё, што даюць.

«Гатую такі боршч — ні адзін мужчына не выстаяў!»

— Сэрца вольнае. Спробы пабудовы асабістага жыцця разбураюцца аб рэальнасць. Многія ўспрымаюць мяне праз прызму маёй прафесіі. А ў мяне моцны характар. Пры гэтым я звычайная — хачу адчуваць сябе проста слабай жанчынай. Дома я не паводжу сябе як оперная дзіва. Я ўмею «зазямляцца». Калі ёсць вольны час, я стараюся быць добрай гаспадыняй. Выдатна гатую. Бабуля навучыла варыць такі боршч, што ні адзін мужчына яшчэ не выстаяў! Гэта праўда.

«Дзякуй „Фактар.by“ за новага гледача»

— Удзячна праекту «Фактар.by» за магчымасць быць пачутай усёй краінай: за новага гледача, за тое, што магла спяваць на дзяржаўным канале шматмільённай аўдыторыі, дэманстраваць сваё музычнае бачанне. Там старалася здзіўляць і вельмі ўдзячная за відэаполе, якое прадстаўляе праект, за магчымасць рэалізацыі, за наладжванне сувязяў для артыста. Удзячная, што мы працягваем сябраваць, і за тое, што мяне запрашаюць на перадачы, на розныя айчынныя пляцоўкі. Артыст існуе толькі тады, калі існуе яго глядач. Хацела б і далей жыць у Беларусі і выступаць для землякоў. Я ўдзячная сваёй краіне за ўсё і хачу прыносіць ёй карысць. Паколькі лічу, што дасягнула ўзроўню міжнароднага артыста, мару выступаць ад Беларусі на міжнародных пляцоўках вялікіх оперных тэатраў. Паказваць, якая моцная, прыгожая і галасістая наша краіна.

Фота з уласнага архіва спявачкі

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю