Top.Mail.Ru

Аналітыкі ЕАБР далі прагноз беларускай эканоміцы. Спойлер: мы прырастаем

У вераснёўскім макрааглядзе ад Еўразійскага банка развіцця даецца аналіз развіцця эканомік усёй «пяцёркі». У прыватнасці, спецыялісты звяртаюць увагу на той факт, што рост эканомікі Беларусі працягвае падтрымліваць павышаны спажывецкі попыт на фоне павелічэння даходаў насельніцтва і пашырэння крэдытавання. На высокім узроўні захоўваецца рост інвестыцый. Нацыянальны банк павысіў стаўку рэфінансавання, каб абмежаваць спажывецкі імпарт і знізіць інтэнсіўнасць інфляцыйных працэсаў. Больш падрабязна — у нашым матэрыяле.


ІТ-сфера пайшла ў рост

Эканоміка Беларусі вырасла на 1,3 % у студзені — ліпені 2025-га (у суадносінах год да года) пасля 2,1 % у студзені — чэрвені. Паводле ацэнкі спецыялістаў, дынаміку ВУП падтрымліваюць сектары, арыентаваныя на ўнутраны попыт. Так, рознічны тавараабарот вырас на 8,6 % за 7 месяцаў года, пераважна за кошт росту попыту на нехарчовыя тавары (+13,9 % у гадавым выражэнні).

Таксама захоўваюцца высокія тэмпы росту ў будаўніцтве: дабаўленая вартасць павялічылася на 10,2 %, забяспечыўшы 0,5 працэнтнага пункта прыросту ВУП.

Акрамя гэтага, аднаўляецца сектар інфармацыйных тэхналогій: дабаўленая вартасць па выглядзе дзейнасці «Інфармацыя і сувязь» вырасла на 4,2 % год да года.

Ёсць невялікае запаволенне, якое датычыцца аб’ёму выпуску ў прамысловасці, гэты паказчык знізіўся на 0,3 % за 7 месяцаў 2025-га ў суадносінах год да года. На думку спецыялістаў, ключавым фактарам стала скарачэнне паставак на знешні рынак на фоне запаволення росту попыту ў ключавога гандлёвага партнёра — Расіі. Трохі знізілася і вытворчасць у сельскай гаспадарцы (на 12,7 % у студзені — ліпені), і адбылося гэта галоўным чынам з прычыны зрушэння тэрмінаў уборкі.

— Разам з тым больш высокі ўраджай, згодна з аператыўнымі звесткамі, дазваляе чакаць вяртання да станоўчых тэмпаў росту ў сельскай гаспадарцы ў найбліжэйшыя месяцы, — даюць пазітыўны прагноз аналітыкі ЕАБР.

Інвестыцыйная актыўнасць пашыраецца

Спажывецкі попыт застаецца высокім. Яго дынаміку, паводле ацэнкі спецыялістаў, падтрымлівае ўстойлівы рост рэальных наяўных даходаў насельніцтва (+10,2 % па выніках першага паўгоддзя 2025-га ў суадносінах год да года), перш за ўсё за кошт павелічэння заработнай платы. Дадатковую падтрымку аказвае высокая крэдытная актыўнасць. Запазычанасць па спажывецкіх крэдытах расла ў сярэднім на 1,1 % у красавіку — ліпені ў месячным выражэнні (пасля 1,7 % у сярэднім у І квартале бягучага года).

Таксама працягвае пашырацца інвестыцыйная актыўнасць. Інвестыцыі ў асноўны капітал за 7 месяцаў гэтага года выраслі на 13,6 %.

— Высокія тэмпы росту інвестыцый падтрымлівае палітыка ўлад. Абнаўленне закона аб інвестыцыях у 2024 годзе прывяло да павелічэння колькасці адобраных інвестыцыйных дагавораў. Захаванне льгот на імпарт абсталявання спрыяла росту ўкладанняў у машыны і абсталяванне — на іх прыйшлося больш за 55 % агульнага прыросту інвестыцый, — звяртаюць увагу аналітыкі ЕАБР.

Беспрацоўе знізілася да гістарычнага мінімуму

Працягваецца і рост рэальнай заработнай платы, якая павялічылася за 7 месяцаў года на 10,5 % у суадносінах год да года. Дарэчы, высокія тэмпы росту захоўваюцца на фоне павышэння аплаты працы ў бюджэтным сектары (рост на 11,7 % за студзень — ліпень).

— Істотны ўплыў на рост аплаты працы аказаў попыт у працоўнай сіле з боку кампаній, які захоўваецца, — лічаць у ЕАБР і канстатуюць, што на гэтым фоне беспрацоўе знізілася да гістарычнага мінімуму — да 2,6 % у ІІ квартале 2025 года.

ЗВР — як вішанька на торце

Спецыялісты звяртаюць увагу на той факт, што Нацыянальны банк павысіў стаўку рэфінансавання на 0,25 працэнтнага пункта — да 9,75 % гадавых у канцы чэрвеня 2025 года, што адбылося ва ўмовах павышанага інфляцыйнага ціску. Для астуджэння крэдытнай актыўнасці рэгулятар таксама павысіў стаўкі па асноўных інструментах падтрымання ліквіднасці ў чэрвені бягучага года і зрабіў больш жорсткімі грашова-крэдытныя ўмовы за кошт змянення разліковых велічынь крэдытнай рызыкі ў ліпені 2025-га.

Дэфіцыт знешняга гандлю таварамі і паслугамі склаў 0,93 мільярда долараў за студзень — чэрвень 2025-га ў параўнанні са збалансаванасцю гандлю ў аналагічным перыядзе года папярэдняга.

На думку аналітыкаў, дэфіцыт сфарміраваўся з-за пашырэння адмоўнага сальда гандлю таварамі ў сувязі з ростам імпарту на 2,8 % пры скарачэнні экспарту на 3,6 % у гадавым выражэнні.

— Імпарт павялічваецца на фоне пашырэння ўнутранага попыту, што выявілася ў росце ўвозу інвестыцыйных тавараў на 12,1 % і спажывецкіх на 17,5 %. Рост станоўчага сальда замежнага гандлю паслугамі на 0,35 мільярда долараў за студзень — чэрвень 2025-га — да 1,84 мільярда долараў — часткова кампенсаваў павелічэнне дэфіцыту гандлёвага балансу, — адзначаецца ў макрааглядзе.

У дакуменце таксама акцэнтуецца ўвага на тым, што, нягледзячы на пашырэнне дэфіцыту знешняга гандлю, прапанова замежнай валюты за 7 месяцаў бягучага года перавысіла попыт на 0,8 мільярда долараў, што спрыяла стабільнасці на валютным рынку.

І на заканчэнне — вішанька на торце: золатавалютныя рэзервы Беларусі выраслі на 3,5 мільярда долараў з пачатку года і склалі 12,4 мільярда долараў на 1 верасня 2025-га, чарговым разам абнавіўшы гістарычны максімум.

— Рост шмат у чым сфарміраваны за кошт рэзервовых актываў у замежнай валюце, аб’ём якіх вырас на 2 мільярды долараў. Станоўчы ўплыў аказала і павелічэнне кошту золата ў складзе рэзерваў на 1,4 мільярда долараў на фоне росту сусветных цэн, — рэзюмуюць вераснёўскі макраагляд эканомікі нашай краіны аналітыкі Еўразійскага банка развіцця.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю