Узаконьванне самавольных пабудоў і самавольна занятых зямельных участкаў — менавіта гэта тэма стала галоўнай на чарговым пасяджэнні Мінскага абласнога Савета дэпутатаў. Гэта сапраўды сур’ёзная тэма, бо за ёй стаіць велізарная работа, пра якую кажуць лічбы. Так, пры правядзенні інвентарызацыі ў 2022 і 2023 гадах па ўсёй краіне выяўлена звыш 284 тысяч фактаў самавольнага заняцця зямель. Прычым большая частка іх — у Мінскай вобласці.
Як падкрэсліла член Савета Рэспублікі, старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля ЯКУБІЦКАЯ, мясцовыя органы ўлады праводзяць вялікую работу для таго, каб юрыдычна аформіць зямельныя ўчасткі, самавольна занятыя грамадзянамі: «У 2022 годзе ўступіла ў сілу новае заканадаўства, абноўлены Кодэкс аб зямлі. Пасля гэтага была праведзена інвентарызацыя зямельных участкаў, а таксама параўнанне (наколькі фактычныя межы, займаныя грамадзянамі, адпавядаюць юрыдычным, па дакументах), — патлумачыла Наталля Якубіцкая. — І я хачу сказаць, што сёння наша работа і дадзеная сесія нацэлены на тое, каб паглядзець, ці ўсе вычарпальныя меры прымаем для таго, каб аказаць садзейнічанне нашым людзям. У мінулым годзе Мінскім абласным Саветам дэпутатаў праводзіўся маштабны семінар, на якім старшыняў сельскіх Саветаў нацэлілі на ўзаемадзеянне з грамадзянамі па легалізацыі і афармленні зямельных участкаў».
Кіраўнік дэпутацкага корпуса Міншчыны адзначыла, што ў ходзе інвентарызацыі такіх самавольна занятых участкаў па Мінскай вобласці іх было выяўлена каля 120 тысяч: «Мы бачым, якая вялікая работа наперадзе, але заканадаўства дазваляе нам у спакойным тэмпе займацца гэтай работай. Зямельная амністыя прадугледжвае афармленне такіх участкаў да 1 студзеня 2028 года. Але мне хацелася б звярнуцца да нашых грамадзян. Усе павінны разумець, што такой унікальнай магчымасцю абавязкова трэба скарыстацца.
І гэта трэба зрабіць, каб скараціць колькасць зваротаў, спрэчак з суседзямі. Калі межы зямельных участкаў будуць узаконены, такія пытанні проста перастануць узнікаць».
Паводле яе слоў, людзі павінны таксама разумець, што гэта іх гарантыі, гэта магчымасць перадачы ў спадчыну сваёй маёмасці і сваёй зямлі: «А яшчэ ў ходзе дадзенай работы мы таксама разумеем, якія магчыма ўнесці змены ў заканадаўства. І мы абавязкова гэтым скарыстаемся. Мы абавязкова будзем працаваць, збіраць пытанні, якія сёння, можа, яшчэ не дапрацаваны, і ўносіць змены ў Кодэкс аб зямлі», — падагульніла Наталля Якубіцкая.
Фота тэлеграм-канала «Мінская вобласць і пра галоўнае».