Час сейбітаў
Першымі на Міншчыне прыступілі да сяўбы яравых культур аграрыі з ААТ «Забалоцкі», што ў Любанскім раёне.
Сяўба яравых культур у сельгасарганізацыях Любанскага раёна запланавана на плошчы 26,2 тысячы гектараў, з іх пад раннія збожжавыя і зернебабовыя культуры адведзена 2,5 тысячы гектараў. Для пасеву выкарыстоўваецца элітны сорт «Бізнес», які славіцца сваёй ураджайнасцю і стабільнасцю. Гаспадарка робіць стаўку на якасны насенны матэрыял, каб закласці трывалую аснову будучага ўраджаю.
Першы намеснік старшыні Любанскага райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Жанна Алішэвіч адзначыла, што таксама на плошчы 19 тысяч гектараў будзе пасеяна кукуруза, больш за 820 гектараў зоймуць цукровыя буракі, 500 гектараў — лён-даўгунец.
Увогуле, старт вясновым палявым работам дадзены ва ўсіх гаспадарках Любанскага раёна: вядзецца ўнясенне ўгнаенняў пад азімыя збожжавыя, азімага рапсу, шматгадовых траў, а таксама падрыхтоўка глебы пад азімую сяўбу.
«У выкананні палявых работ задзейнічана больш за 60 адзінак энерганасычаных трактароў, на ўнясенні ўгнаенняў працуюць 10 сельгасмашын «Раса», — расказала Жанна Алішэвіч.

Да сяўбы ранніх яравых збожжавых культур 18 сакавіка ў Любанскім раёне прыступілі яшчэ пяць гаспадарак.
«У раёне ў механізатараў перагледжаны рабочы графік, каб яны як мага раней змаглі выйсці ў поле і працаваць увесь светлавы дзень. Для тых, хто ўдзельнічае ў пасяўной, традыцыйна арганізавана гарачае харчаванне», — адзначыла Жанна Алішэвіч.
У гэтым сезоне аграрыям Мінскай вобласці трэба пасеяць больш за 280 тысяч гектараў кукурузы, да 100 тысяч гектараў яравых збожжавых. У актыўную фазу сяўбы ў вобласці будзе працаваць каля шасці тысяч адзінак тэхнікі.
На Гомельшчыне на вачах абуджаецца рытм і рух веснавой пасяўной. Рыхтаваліся да яе аграрыі яшчэ з восені — адрамантавалі тэхніку, закупілі ўгнаенні і насенны матэрыял. Усё вышэйпералічанае дазваляе ўпэўнена стартаваць у гэтым сельскагаспадарчым сезоне. У рэгіёне першымі пачалі веснавую сяўбу гаспадаркі Жыткавіцкага і Калінкавіцкага раёнаў.
У ААТ «Тураўшчына» на Жыткаўшчыне раннюю сяўбу традыцыйна пачалі з аўса. У поле першым выйшаў адзін з найлепшых працаўнікоў — механізатар Міхаіл Бабарыка. Міхаіл Аляксандравіч у гаспадарцы шаснаццаты год. Сёлета, расказвае працаўнік, ён за штурвалам новенькага энерганасычанага трактара, які гаспадарка набыла толькі гэтай зімой.
— За працоўную змену магу засеяць каля 30-35 гектараў. Так што з сяўбой аўса, а гэта каля 100 гектараў, павінен справіцца дні за тры, — разлічвае на вельмі добры старт механізатар.
Глеба цяпер, дадае працаўнік, — у аптымальным стане: вільготная, добра рассыпаецца. Якраз тое, што трэба для якаснай сяўбы. Стан глебы дазволіў і своечасова ўнесці ўгнаенні, закрыць вільгаць, прыступіць да сяўбы аўса, а паралельна весці падкормку азімага рапсу мінеральнымі ўгнаеннямі, месцамі ўносіць азот на пасевах пшаніцы і іншых збожжавых культурах.
— Гэтай зімой у нас было на палях вельмі вялікае снежнае покрыва, на некаторых участках да 50 сантыметраў.
І гэта добра абараніла пасевы, бо некалькі дзён былі моцныя маразы, даходзіла да 34 градусаў з мінусам, — на важныя нюансы для аграрыяў звяртае ўвагу галоўны аграном ААТ «Тураўшчына» Міхаіл Блоцкі. — І пры гэтым вясна, бачыце, прыйшла нечакана імкліва. Мы адразу ўвайшлі ў палявыя работы. Такіх ранніх тэрмінаў пачатку сяўбы даўно не было, — пераконвае галоўны аграном.
Вельмі задаволеныя ў гаспадарцы і тым, як перазімавалі азімыя культуры.

— І рапс, і збожжавыя выйшлі з зімы ў добрым стане. Таму, дзякуючы зладжанай рабоце ўсяго калектыву, разлічваем у гэту кампанію як мінімум паўтарыць вынік мінулага года, тым больш што яго старт быў тады больш складаны па ўмовах надвор’я, чым цяперашні. Галоўнае, людзі нацэлены на работу, на атрыманне якаснага выніку, — падкрэслівае дырэктар ААТ «Тураўшчына» Генадзь Варанцоў.
Сёлета ў сельгаспрадпрыемстве ацанілі свае магчымасці і рэсурсы і вырашылі дадаць у структуру пасяўных плошчаў яравы рапс. Культура, вядома, рэнтабельная, запатрабаваная. Гаспадарка ўжо прайшла працэдуру закупкі лініі па перапрацоўцы алейных культур, таму мясцовыя аграрыі плануюць вырабляць уласны рапсавы жмых для кармоў, што дазволіць знізіць сабекошт малака, а атрыманы рапсавы алей будуць рэалізоўваць.
У гаспадарцы летась істотна ўзмацнілі машынна-трактарны парк. Дзякуючы падтрымцы «Белаграпрамбанка» набылі два МАЗы, праз лізінг абнавілі зернеўборачныя камбайны, набылі высокапрадукцыйную машыну для ўнясення як вадкіх, так і цвёрдых угнаенняў. Закупілі таксама новыя агрэгаты для падрыхтоўкі глебы. Для гаспадаркі гэта вельмі важна, бо землі тут даволі «цяжкія», і для якаснай сяўбы часам патрэбна праводзіць па 3-4 аперацыі, каб падрыхтаваць глебу.
— З кадрамі сітуацыя ў нас у цэлым стабільная. Механізатарамі ўкамплектаваны, хоць некалькі вакансій застаюцца, але мы пастаянна працуем у гэтым кірунку. Шукаем людзей, супрацоўнічаем з каледжамі, прыцягваем моладзь. Для нас вельмі важна падрыхтаваць якаснага спецыяліста, бо сёння ад механізатара патрабуецца і ўніверсальнасць у рабоце, і высокая кваліфікацыя, бо тэхніка становіцца ўсё больш складанай, — адзначае аграрый.
У Калінкавіцкім раёне першымі на палі выйшлі механізатары ААТ «Ненацкае».
— Выбіраем самыя сухія і высокія ўчасткі, дзе снег ужо сышоў, — тлумачыць трактарыст Павел Жукавец, які адным з першых у раёне выйшаў на раллю ва ўрочышчы «Вугольнік». Прызнаецца, што за зіму паспеў засумаваць па працы ў полі. Цяпер галоўнае, тлумачаць аграрыі, не ўпусціць час, бо глеба хутка губляе вільгаць.
— Зараз асабліва патрэбна дакладная арганізацыя і зладжанасць дзеянняў, — падкрэслівае кіраўнік ААТ «Ненацкае» Андрэй Новік, бо на пачатку гэтага сезона ўмовы дазваляюць адначасова весці некалькі відаў работ: уносіць угнаенні пад азімыя, падкормліваць рапс, рыхтаваць глебу да сяўбы.
Вясновыя работы пачаліся і ў КСУП «Імя Кутузава».

— Стаіць задача падкарміць тысячу гектараў азімых збожжавых і больш як 300 гектараў азімага рапсу. Важна правесці гэтыя работы своечасова, каб расліны атрымалі неабходнае харчаванне на старце вегетацыі, — тлумачыць галоўны аграном КСУП «Імя Кутузава» Таццяна Некрашэвіч.
Усе гаспадаркі Калінкавіцкага раёна таксама ўключыліся ў палявыя работы.
Як падкрэсліла начальнік упраўлення інтэнсіфікацыі раслінаводства камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гомельскага аблвыканкама Алена Філіповіч, ва ўсіх раёнах Гомельшчыны аграрыі актывізавалі вясенне-палявыя работы.
— У Жыткавіцкім і Калінкавіцкім раёнах ужо пасеяна больш як 120 гектараў аўсу. У цэлым жа план яравой сяўбы збожжавых і зернебабовых культур у рэгіёне — 88,3 тысячы гектараў, без уліку грэчкі, проса і кукурузы. Гэта крыху больш, чым летась, — адзначыла Алена Філіповіч.
Яна ВАЛАСАЧ, Наталя КАПРЫЛЕНКА
Фота БелТА