Каля 100 малых прынялі ўрачы РНПЦ траўматалогіі і артапедыі. Сярод траўм ёсць цяжкія, напрыклад пераломы чэрапа і траўмы галаўнога мозга. Пра небяспеку цюбінга і правілы карыстання ім нагадалі медыкі.
Як паведаміў кіраўнік Рэспубліканскага цэнтра дзіцячай нейрахірургіі, галоўны пазаштатны спецыяліст па дзіцячай нейрахірургіі Міністэрства аховы здароўя Міхаіл ТАЛАБАЕЎ, у РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі з пачатку халоднага сезона звярнуліся 94 дзіцяці з цюбінгавымі траўмамі. Чатыры з іх трапілі ў рэанімацыю і прааперыраваны. Сярод траўм ёсць пераломы чэрапа, але больш за ўсё ў такіх выпадках медыкаў непакоіць траўма галаўнога мозгу, якая нясе рызыку для жыцця.
Асноўная небяспека цюбінга заключаецца ў тым, што ім нельга кіраваць. Высокая хуткасць і немагчымасць своечасова затармазіць пры спуску ў большасці выпадкаў прыводзіць да сур’ёзных траўм, а часам і да гібелі. Катаючыся на цюбінгах, дзеці атрымліваюць траўмы, уразаючыся ў нерухомыя прадметы — дрэвы, слупы, прыпаркаваныя аўтамабілі, а часам, з’язджаючы з горкі, збіваюць іншых дзяцей ці дарослых. Акрамя таго, пад слоем снегу могуць знаходзіцца бетонныя і металічныя канструкцыі, у якія дзеці ўразаюцца, мяркуючы, што гэта звычайны сумёт.
Пры катанні на ледзянцы і тым больш санках верагоднасць атрымання сур’ёзных траўм нашмат меншая, бо іх можна і затармазіць, і скіраваць пры неабходнасці ў іншым напрамку. Таму аматарам цюбінга рэкамендуецца катацца на спецыяльна абсталяваных трасах, напрыклад у Лагойску або Сілічах, дзе няма трамплінаў і ямак.
— Акрамя таго, перад спускам трэба пераканацца, што чалавек, які з’язджаў да вас, пакінуў маршрут. І, перш чым адпраўляць па снежнай трасе дзіця, праедзьце па ёй самі, каб ацаніць сітуацыю, — дадаў Міхаіл Талабаеў.
Урач-траўматолаг-артапед прыёмнага аддзялення РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Андрэй ЯРАШЭВІЧ таксама звярнуў увагу, што ў іх цэнтр з пачатку гэтага года звярнуліся больш за 80 дзяцей з цюбінгавай траўмай, адзначыўшы, што калі ў старэйшых дзяцей найбольш уразлівымі з’яўляюцца канечнасці, каленныя суставы, рукі, то дзеці малодшай або сярэдняй падлеткавай групы маюць вялікую верагоднасць атрымаць траўму пазваночніка. Ад працяглых рознапераменных нагрузак пакутуе некалькі пазванкоў. Спярша траўма можа не праявіць сябе, дзіця можа адчуць проста кароткачасовую затрымку дыхання. Пры гэтым траўмы, якія не дыягнастуюцца ў першыя гадзіны, могуць прывесці да сумных вынікаў.
— Галоўная непрыемнасць складаецца ў тым, што пры атрыманых траўмах узнікае працяглы перыяд лячэння. Калі простыя ўдары могуць перастаць турбаваць у найбліжэйшыя 2–4 дні, то пры траўме пазваночніка, калі пацярпелі 3-4 пазванкі, дзіця або нават дарослы будзе прыкаваны да ложка. Як правіла, гэта можа быць вымушаны месячны адпачынак у пасцельным рэжыме. Траўмы, якія ўзнікаюць пры пераломах пазваночніка, вельмі цяжкія: яны калечаць і нагадваюць аб сабе на працягу ўсяго наступнага жыцця, — адзначыў Андрэй Ярашэвіч.
Таму важна правільна выбіраць не толькі месца для катання, але і цюбінг, які мусіць быць без нейкіх бачных дэфектаў і пашкоджанняў, з пэўнымі шнуркамі ці шлейкамі, за якія дзіця магло б трымацца. Абавязкова трэба сачыць за тым, каб дзіця каталася не адно, а з кімсьці з дарослых. Пры гэтым патрэбны чалавек, які прымае дзіця знізу, і чалавек, які будзе сачыць за чарговасцю спуску зверху. Недапушчальна катацца каля магістраляў і дарог, па якіх рухаецца транспарт.
— Усё яшчэ сустракаецца забаўка «прывязаць цюбінг да аўтамабіля». Гэта не толькі парушэнне ўсіх правілаў дарожнага руху, але і проста абуральны выпадак поўнай безадказнасці, — звярнуў увагу Андрэй Ярашэвіч.
Алена КРАВЕЦ