На рэстаўрацыю Крэўскага замка сёлета выдзелена 1 млн 840 тысяч рублёў, паведаміла галоўны спецыяліст аддзела культуры Смаргонскага райвыканкама Наталля Чудакоўская, паведамляе Sputnik.
Рэстаўрацыйныя работы на сценах першага мураванага замка на беларускіх тэрыторыях у эпоху Вялікага Княства Літоўскага ідуць цягам апошніх гадоў.
«Даследаванні працягваюцца з 2017 года за кошт рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў, а таксама сродкаў з фонду прэзідэнта Беларусі па падтрымцы культуры і мастацтва», — расказалі ў сюжэце.
«Ведаеце, той факт, што Крэва змяніўся, відавочны. З кожным годам гэтыя змены становяцца ўсё больш заўважнымі. Без дзяржаўнай падтрымкі гэта было б немагчыма. Вы бачыце, паўднёва-заходняя сцяна была завершана, уведзена ў эксплуатацыю. І вось сёння вядуцца работы на паўднёва-ўсходняй сцяне. Вы можаце іх убачыць. І на сённяшні дзень сродкі выдзелены ў поўным аб’ёме, на ўвесь аб’ём будаўніцтва. Гэта 1 мільён 840 тысяч рублёў», — удакладніла Наталля Чудакоўская.
На працягу апошніх трох гадоў на сцены Крэўскага замка паглядзелі больш за 11 тысяч турыстаў. Тут працягваюцца археалагічныя даследаванні, таксама пры Смаргонскім музеі працуе сектар гісторыі замка.