Паводле даных адкрытых крыніц, на 1 чэрвеня 2026 года ў Беларусі зарэгістравана 4 506 148 транспартных сродкаў. Пры гэтым дазволаў на допуск да ўдзелу ў дарожным руху (гэта значыць, дзейных тэхаглядаў) аказалася толькі 2 126 558. Іншымі словамі, 52,9% аўтапарку — амаль 2,4 мільёна машын — або не праходзілі тэхагляд, або маюць пратэрмінаваныя дакументы. Пра гэта расказалі на прадпрыемстве «Белтэхагляд».
Разрыў паміж паказчыкамі
Для параўнання: па стане на тую ж дату аформлена 2 789 954 дзейныя дагаворы абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў. Гэта на 663 тысячы (або 23,8%) больш, чым колькасць дзейных допускаў. Атрымліваецца, многія аўтаўладальнікі клапоцяцца аб страхавой абароне ад фінансавых наступстваў ДТЗ, але грэбуюць кантролем тэхнічнага стану сваіх машын.
Не ўсе машыны ездзяць
Варта памятаць, што частка зарэгістраваных транспартных сродкаў фактычна не эксплуатуецца — стаіць на стаянках, чакае рамонту або падлягае спісанню. Аднак нават пры больш рэалістычнай ацэнцы, згодна з якой штодня на дарогі выязджае каля 3–3,5 млн аўтамабіляў, доля машын без дзейнага допуску застаецца высокай — прыкладна 30–40%.
Рызыкі і наступствы ігнаравання тэхагляду
Няспраўныя тармазы, зношаныя шыны, праблемы з рулявым кіраваннем і фары, якія не працуюць, — гэта рэальныя прычыны ДТЗ, а не тэарэтычныя небяспекі. Грэбаванне абавязковым тэхаглядам ставіць пад пагрозу бяспеку кіроўцы і астатніх удзельнікаў руху.
Напамін і больш строгі кантроль
Ва УП «Белтэхагляд» падкрэсліваюць: рэгулярнае праходжанне дзяржаўнага тэхнічнага агляду — не фармальнасць, а абавязак і базавы элемент бяспекі на дарогах. У найбліжэйшы час камеры рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі пачнуць аўтаматычна фіксаваць транспартныя сродкі без дзейнага допуску, што пацягне за сабой адміністрацыйныя штрафы і дадатковыя выдаткі для парушальнікаў.