Top.Mail.Ru
163

Аляксей Тэкслер: Пастаўкі тавараў беларускіх вытворцаў у Чалябінскую вобласць штогод павялічваюцца

Аляксей Тэкслер: Пастаўкі тавараў беларускіх вытворцаў у Чалябінскую вобласць штогод павялічваюцца


У размове з журналістамі па выніках сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам губернатар Чалябінскай вобласці Аляксей Тэкслер назваў нашу краіну для свайго рэгіёна стратэгічным партнёрам, які ўваходзіць у першую тройку па тавараабароце. «У нас ёсць гісторыя ўзаемаадносін, нашы прадпрыемствы супрацоўнічаюць яшчэ з савецкіх часоў. Наша кааперацыя толькі развіваецца, і цяпер гэта вельмі актуальна. Пастаўкі тавараў беларускіх вытворцаў у Чалябінскую вобласць растуць штогод. І мы такім чынам вырашаем нашу стратэгічную задачу — замяшчаем тавары з краін далёкага замежжа, часцей за ўсё недружалюбных краін, на прадукцыю беларускіх вытворцаў», — адзначыў губернатар, звярнуўшы ўвагу на тое, што развіваюцца пастаўкі і тавараў з Чалябінскай вобласці ў Беларусь. 

Аляксей Тэкслер расказаў, што на сустрэчы з Прэзідэнтам абмяркоўвалі новыя праекты. У прыватнасці, Чалябінская вобласць — лідар у сферы прамысловай рабатызацыі. «У нас добры патэнцыял супрацоўніцтва. Мы дамовіліся, што будзем прыцягваць партнёраў з Рэспублікі Беларусь спачатку для інтэграцыі ў вытворчасць нашых робатаў, а потым, магчыма, і для зборкі робатаў у Беларусі. Задача росту прадукцыйнасці працы агульная і датычыцца ўсіх прадпрыемстваў, і расійскіх, і беларускіх, таму гэта вельмі важна», — адзначыў ён. Таксама абмяркоўвалася супрацоўніцтва ў сельскагаспадарчай сферы. Чалябінская вобласць — моцны аграпрамысловы рэгіён, лідар па вытворчасці многіх прадуктаў харчавання. І па словах губернатара, у гэтай сферы Беларусь і Чалябінская вобласць могуць быць карысныя адна адной. 

Гаварылі і аб развіцці гуманітарнага супрацоўніцтва. Аляксей Тэкслер расказаў, што разам з дэлегацыяй яны наведалі шэраг мемарыяльных комплексаў, сярод якіх -- Хатынь і Красны Бераг. «Тое, што ў Беларусі захоўваюць гэту памяць, — вельмі важна і каштоўна. Мы дамовіліся аб абмене маладзёжнымі дэлегацыямі, каб захоўваць і перадаваць гэту памяць», — расказаў губернатар. 

Беларусь і Чалябінская вобласць развіваюць пабрацімскія сувязі, 8 гарадоў рэгіёна з’яўляюцца пабрацімамі беларускіх. Гомель — пабрацім Магнітагорска, Жлобін — пабрацім Златавуста. У пятніцу было падпісана пагадненне аб пабрацімстве Чалябінска і Магілёва. «Гэта важна для развіцця нашых адносін. Тут важная і эканоміка, і сацыяльная сфера. І самае галоўнае — кантакты паміж людзьмі. У нас ёсць прамыя авіязносіны, і я думаю, што колькасць рэйсаў будзе толькі павялічвацца. Гэта дае магчымасць людзям кантактаваць асабіста, і бізнесу супрацоўнічаць», — упэўнены Аляксей Тэкслер. 

«Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін ставіць перад намі задачу нарошчваць інтэграцыю ў рамках Саюзнай дзяржавы. Мы над гэтым працуем і будзем працаваць далей», — рэзюмаваў губернатар Чалябінскай вобласці.

Валерыя СЦЯЦКО.

Фота БелТА.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю