Top.Mail.Ru

Аляксей Кушнарэнка ацаніў гатоўнасць Дзяржынска да абласных «Дажынак»

Горад сёлета не проста прымае абласны фестываль «Дажынкі», які пройдзе 19 верасня, але і адзначае свой 880-гадовы юбілей. Падрыхтоўка да маштабных падзей ідзе строга па графіку, будаўнічая гатоўнасць ключавых аб’ектаў высокая, частка з іх здаецца ўжо ў ліпені. А ў цэлым інфраструктура горада-спадарожніка мадэрнізуецца з разлікам менавіта на будучыню. Пра гэта і іншыя дэталі ішла размова падчас чарговага пасяджэння штаба пад кіраўніцтвам старшыні Мінскага аблвыканкама Аляксея Кушнарэнкі ў аўторак, 30 чэрвеня.


Кіраўнік цэнтральнага рэгіёна акцэнтаваў увагу на тым, што падрыхтоўка да «Дажынак» — гэта не проста ўкладанне сродкаў у «святочныя дэкарацыі», а доўгатэрміновае павышэнне якасці жыцця гараджан. Што датычыцца непасрэдна Дзяржынска, будзе істотна абноўлены цэнтр горада, стадыён, аб’екты аздараўлення і гандлю. Не застануцца без увагі вулічнае асвятленне і інжынерныя сеткі, якія заменяць на працягу амаль 13 кіламетраў. Запланавана таксама асфальтаванне 12 кіламетраў гравійных дарог. Акрамя таго, будзе заменена 25 прыпыначных пунктаў. А два раёны, Крыніцы і Радужны, будуць злучаны сучаснай веладарожкай працягласцю 1700 метраў. Абновяцца ўязныя стэлы ў горад, а на будынках з’явяцца гістарычныя муралы.


«Усяго задзейнічана 114 розных суб’ектаў гаспадарання, якія займаюцца добраўпарадкаваннем Дзяржынскага раёна, — прывёў лічбы Аляксей Кушнарэнка. — Акрамя таго, мы аб’явілі абласны конкурс на лепшую малую архітэктурную форму сярод прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў цэнтральнага рэгіёна. Упэўнены: гэтыя работы таксама знойдуць сваё месца і ўпрыгожаць горад».

Разыначкай горада стануць культурныя адметнасці. Напрыклад, праект «Музей пад адкрытым небам», дзе будуць выстаўляцца розныя экспазіцыі.

«А непасрэдна каля цэнтральнай бібліятэкі адкрыем такі ўнікальны арт-аб’ект, як „Бібліятэка пад адкрытым небам“, дзе ва ўсіх ахвотных будзе магчымасць адпачыць, пачытаць кнігу і пасля пакінуць яе іншым чытачам».

Не застанецца без увагі і тэма Года беларускай жанчыны пры падрыхтоўцы да абласнога свята.

«Менавіта тут, у Дзяржынску, будзе ўстаноўлена скульптура «Імя ёй — ЖАНЧЫНА», якая падкрэсліць важную ролю прадстаўніц прыгожага полу ў нашым грамадстве, — падкрэсліў кіраўнік вобласці. — 85 гадоў таму пачалася Вялікая Айчынная вайна, і мы абавязаны захоўваць гістарычную памяць, перадаючы яе маладому пакаленню. Менавіта таму прынята рашэнне абнавіць помнік Герою Савецкага Саюза Марату Казею ў Станькаве. Будзе таксама ўстаноўлены памятны знак «Памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў».


Рэзюмуючы, Аляксей Кушнарэнка адзначыў: «Дажынкі» — гэта, у першую чаргу, гісторыя пра людзей і для людзей.

«Ідзе пастаянны творчы працэс, ідэй вельмі шмат. Я ўпэўнены, што большасць з іх мы абавязкова рэалізуем і годна сустрэнем гасцей свята, а ў жыхароў Дзяржынска будзе магчымасць доўгія гады атрымліваць асалоду ад прыгажосці любімага горада».


Яна ВАЛАСАЧ
Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю