Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын павіншаваў выхаванцаў Івянецкага дзіцячага сацыяльнага пансіяната з надыходзячымі святамі ў рамках акцыі «Нашы дзеці»
Напярэдадні Новага года, 30 снежня, Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр ТУРЧЫН наведаў Івянецкі дзіцячы сацыяльны пансіянат «Дабрыня сэрцаў». Тут цяпер пражываюць 38 дзяцей-інвалідаў, 9 з іх — інваліды-калясачнікі. Выхаванцы і дзеці, якія праходзяць у пансіянаце рэабілітацыю, для гасцей падрыхтавалі зімовую казку і паказалі яе на святочным канцэрце.
Аляксандр Турчын падчас наведвання адзначыў хвалюючы і радасны настрой: «Таму што прыязджаеш у госці да сваіх сяброў. Спадзяюся, за гэты час мы сталі сапраўднымі сябрамі. Мы многае зрабілі разам. Хачу павіншаваць вас усіх з надыходзячым Новым годам, пажадаць усяго самага добрага», — звярнуўся да прысутных Прэм’ер-міністр.
Сацыяльны пансіянат, па словах кіраўніка ўрада, прыклад таго, як дзяржава клапоціцца аб усіх дзецях. Успамінаючы свой першы візіт у пансіянат, Аляксандр Турчын расказаў, што яго ўразіў аптымізм дзяцей, якія тут знаходзяцца. «Ты зараджаешся ад іх энергіяй. Пасля сустрэчы з гэтымі дзецьмі атрымліваеш магутны пазітыўны зарад, якога надоўга хапае. І калі дзяржава дапамагае такім асаблівым дзецям, ёсць адчуванне, што мы робім усё правільна ў гэтым жыцці», — адзначыў Прэм’ер-міністр.
У ходзе мерапрыемства Аляксандр Турчын пагутарыў з бацькамі і дзецьмі, даведаўся, чым яны жывуць і што іх хвалюе, а таксама ўручыў дзеткам падарункі.
З 1 кастрычніка 2024 года на базе сацыяльнага пансіяната адкрыта аддзяленне рэабілітацыі і абілітацыі, дзе ўжо прайшлі комплексную псіхолага-педагагічную рэабілітацыю і сацыяльную адаптацыю 286 дзяцей-інвалідаў у суправаджэнні 118 бацькоў (у 2025 годзе — 223 дзіцяці-інваліда ў суправаджэнні 86 бацькоў). Заезды ў аддзяленне ажыццяўляюцца штомесяц тэрмінам на 27 дзён.
«Дзеткі пражываюць дома, але прыязджаюць да нас на рэабілітацыю, атрымліваюць як сацыяльную, так і медыцынскую дапамогу, — расказала намеснік дырэктара пансіяната Анастасія ЗЯНЬКО. — Да навагодняга выступлення дзяўчынкі і хлопчыкі сталі рыхтавацца з першага снежня. Для іх гэта, вядома, вельмі важна. Яны атрымліваюць апладысменты ад гасцей і захапленне. Гэта і дарослым прыемна, а дзеткам асабліва».
Для аказання дапамогі выхаванцам у пансіянаце ёсць неабходнае сучаснае медыцынскае абсталяванне. Медыцынскае абслугоўванне дзетак і падлеткаў ажыццяўляецца па асноўных кірунках: прафілактычныя, комплексныя паглыбленыя агляды, кансультатыўная дапамога, дыспансэрнае назіранне, арганізацыя лячэбнага працэсу, аздараўленне.
Тут функцыянуюць кабінеты масажу, крыатэрапіі, цеплалячэння, працэдурны, перавязачны, фізіялячэння, медыцынскі пост, зала лячэбнай і адаптыўнай фізкультуры, спелеапакой. Рэабілітацыя дзяцей-інвалідаў ажыццяўляецца пры дапамозе сучасных тэхналогій — эргатэрапія, рэабілітацыя з выкарыстаннем сэнсарнага пакоя, трэнажор Гроса, шарыкавы басейн і многае іншае. Для заняткаў спортам ёсць трэнажорная, спартыўная залы, вулічная спартыўная пляцоўка. Тут функцыянуюць сацыяльна-працоўныя майстэрні, праводзяцца заняткі па інтарэсах і гуртковая работа, ёсць бібліятэка з фондам мастацкай літаратуры больш за 20 тысяч экзэмпляраў. Выкарыстоўваюцца розныя тэхналогіі: арт-тэрапія, глінатэрапія, працатэрапія, казкатэрапія.
Мацвей БУРАНКОЎ пражывае ў пансіянаце з 8 гадоў, прыезду гасцей ён чакаў з нецярпеннем. «Да мерапрыемства мы падрыхтаваліся добра. Паказвалі гасцям казку. Я выконваў задачы гукарэжысёра, — расказаў хлопчык. —Напярэдадні Новага года да нас у пансіянат часта прыязджаюць госці. Дораць звычайна прысмакі. Я свята вельмі чакаю заўсёды, сёлета нават з лістапада. Настрой з’явіўся, калі святочныя атрыбуты ў пансіянаце з’явіліся».
Хлопчык па традыцыі сёлета напісаў ліст галоўнаму зімоваму чараўніку — Дзеду Марозу. Мацвей стараецца сам выконваць усё задуманае. Напрыклад, у адыходзячым годзе падпрацоўваў, захаваў грошы, а пасля набыў ёлку, якую паставілі ў пансіянаце. Алё ўсё ж такі папрасіць было што!
Яна ВАЛАСАЧ.
Фота БелТА.
г. п. Івянец