— Сёння без перабольшання можна канстатаваць, што за 15 гадоў выстава стала найважнейшай пляцоўкай для выпрацоўкі стратэгічных кірункаў развіцця прамысловай сферы на еўразійскай прасторы, — акцэнтаваў увагу Прэм’ер-міністр і прывёў красамоўныя лічбы. — Аб знакавасці мерапрыемства адназначна сведчыць геаграфія і шырата яго ўдзельнікаў. Сёння тут, у Міжнародным выставачным цэнтры, прысутнічаюць нашы глыбокапаважаныя госці і сябры з 22 краін свету. Сваю прадукцыю на выставе прэзентуе больш за 300 кампаній, а агульная колькасць удзельнікаў перавышае дзевяць тысяч.
Ён падзякаваў ураду Расійскай Федэрацыі і асабіста яго кіраўніку — Міхаілу Мішусціну — за дадзеную магчымасць прыняць такое маштабнае мерапрыемства на беларускай зямлі:
— Бо гэта магчымасць паказаць нашы найлепшыя напрацоўкі і яшчэ адзін шанц абмяняцца вопытам, выбудаваць новыя кантакты ў сферы перадавых тэхналогій і кампетэнцый, вызначыць стратэгію развіцця галін на многія гады наперад.
Аляксандр Турчын адзначыў, што Беларусь валодае сур’ёзным індустрыяльным і інтэлектуальным патэнцыялам:
- — Прамысловы комплекс краіны фарміруе амаль трэць ВУП, тры чвэрці экспарту. За 4 гады бягучай пяцігодкі прамысловасць прырасла на 14,4 працэнта. У тым ліку машынабудаванне — амаль у 1,5 раза, а вытворчасць вылічальнай, электроннай і аптычнай апаратуры — у 2,5 раза.
Ад класічнага імпартазамяшчэння — да апераджальнага развіцця
Аднак, звярнуў увагу кіраўнік Савета Міністраў, сёлета дынаміка ў прамысловасці запавольваецца:
— Што яшчэ раз гаворыць аб неабходнасці комплекснага, усебаковага падыходу ў развіцці на доўгатэрміновую перспектыву. Мы бачым уразлівыя месцы ў эканоміцы, ведаем дзе і ў чым мы прайграём.
Аляксандр Турчын канстатаваў той факт, што ва ўмовах глабальнай нестабільнасці ключавым элементам выжывальнасці становіцца забеспячэнне тэхналагічнага суверэнітэту:

— Гэта значыць, наша здольнасць самастойна распрацоўваць, укараняць і выкарыстоўваць крытычна важныя тэхналогіі і прадукты. Мы ставім задачу пераходу ад класічнага імпартазамяшчэння да апераджальнага развіцця, камерцыялізацыі навуковых распрацовак, лічбавізацыі і рабатызацыі вытворчых працэсаў.
Ён пагадзіўся, што дасягнуць тэхналагічнага суверэнітэту ў адзіноце — архіскладаная задача:
— Яе вырашыць можна толькі разам. У сувязі з гэтым важнай лічым сумесную працу па сінхранізацыі і аб’яднанні намаганняў з нашымі стратэгічнымі партнёрамі.
- Аляксандр Турчын нагадаў, што ў рамках, напрыклад, Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі рэалізавана больш за 60 праграм, у такіх напрамках як касмічныя тэхналогіі, мікраэлектроніка, інфармацыйныя тэхналогіі, машынабудаванне, медыцына і многія іншыя.
Для нівеліравання тэхналагічных прабелаў і сумеснага выкарыстання рэалізуюцца 26 інтэграцыйных праектаў па вытворчасці новай прадукцыі ў розных прамысловых галінах.
З яшчэ адным стратэгічным партнёрам — Кітаем — паслядоўна рэалізуецца новая мадэль прыкладнога супрацоўніцтва, ажыццяўляецца пераход да рэалізацыі стратэгіі сумеснага тэхналагічнага развіцця і прамысловай і інвестыцыйнай кааперацыі.
— У цяперашні час у Беларусі з удзелам кітайскіх партнёраў рэалізуецца каля 60 праектаў на агульную суму заяўленых інвестыцый каля 1,6 мільярдаў долараў ЗША, — агучыў лічбы Прэм’ер-міністр.
Паводле яго слоў, пры ўдзеле кітайскіх партнёраў сёння ў Беларусі вырабляюцца каробкі перадач, рухавікі, аўтамабільныя краны, легкавыя машыны, суперкандэнсатары для электробусаў.
Акрамя таго, на пляцоўцы Еўразійскай эканамічнай камісіі сумеснымі намаганнямі ўжо пачата рэалізацыя шэрагу кааперацыйных праектаў, напрыклад, «Еўразійскі электробус». Пачаў дзейнічаць фінансавы механізм стымулявання кааперацыйных праектаў. Па словах Прэм’ер- міністра, ужо адобрана фінансаванне першых двух. На разглядзе — яшчэ 10.
— Бачым магчымасць і неабходнасць сумеснай рэалізацыі падобных інавацыйных праграм і праектаў у рамках Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, — акцэнтаваў увагу Аляксандр Турчын.
Перспектыўныя кірункі развіцця
Ён паведаміў удзельнікам, што сёння ў Беларусі актыўна ідзе работа над новым абліччам прамысловасці краіны: у стратэгічных праграмных дакументах вызначаны шэсць перспектыўных кірункаў.
Прэм’ер-міністр больш падрабязна спыніўся над кожным з іх.
— Першы — мікраэлектроніка. Як паказвае вопыт, развіццё мікраэлектронікі — гэта свайго роду гарантыя нацыянальнай бяспекі не толькі ў галіне абароны, але і ў галінах эканомікі і прамысловасці, — патлумачыў Аляксандр Турчын.
Ён канстатаваў той факт, што ў апошняе дзесяцігоддзе мікраэлектроніка стала лідарам у галіне канвергенцыі розных навукова-тэхнічных кірункаў, з’яўляючыся тэхналагічным базісам для штучнага інтэлекту, нейраморфных вылічэнняў, нейронавых сетак, сістэм кіберзброі і кібербяспекі
— Другі — станкабудаванне. Перад станкабудаўнічымі заводамі стаіць стратэгічная задача — у самыя кароткія тэрміны асвоіць вытворчасць станкоў і апрацоўчых цэнтраў новага тыпу і тэхналагічнага ўзроўню, якія не саступаюць характарыстыкам заходніх аналагаў, — расказаў Аляксандр Турчын.
Трэцім з перспектыўных кірункаў, паводле яго слоў, з’яўляецца робататэхніка:
— Беларусь ставіць перад прамысловасцю задачу дасягнуць сярэднесусветнага ўзроўню рабатызацыі каля 150 робатаў на 10 тысяч работнікаў, пераважна айчыннай вытворчасці.
Для яе вырашэння, па словах Прэм’ера, спатрэбіцца інтэграваць у вытворчасць дзясяткі тысяч робатаў:

— А гэта ўмовы для лакалізацыі вытворчасці іх дэталяў: сервапрывадаў, сілавой электронікі, сістэм машыннага гледжання, датчыкаў і сэнсараў. Гэта яшчэ адзін — важны пункт кааперацыі нашых прамысловых комплексаў. Тым больш што ў нас ужо маюцца асобныя тэхналагічныя задзелы, фарміруецца кадравы патэнцыял.
Аляксандр Турчын паведаміў, што на прыкладзе паспяховай сумеснай дзейнасці па стварэнні «Саюзнага станка» прапануецца разгарнуць аналагічную работу па стварэнні «Саюзнага прамысловага робата».
— Чацвёрты — электратранспарт, — працягнуў пералік перспектыўных кірункаў кіраўнік беларускага ўрада. — З улікам уводу Беларускай АЭС і развіцця зараднай інфраструктуры створаны імпульс для рэалізацыі праектаў у сферы вытворчасці айчыннага электратранспарту (электробусы, электрагрузавікі, легкавыя электрамабілі і гібрыды).
- Ён паведаміў калегам, што ўжо выраблены ўзоры кар’ерных самазвалаў грузападымальнасцю 90 тон на акумулятарных батарэях і 220 тон дызель-тралейвознага тыпу, распрацаваны эксперыментальны ўзор электрагрузавіка грузападымальнасцю 10 тон і грузавы электрамабіль грузападымальнасцю да 4 тон.
Акрамя таго, створаны вопытныя ўзоры электробуса для перавозкі пасажыраў у аэрапортах, аўтамабіля-смеццявоза з аўтаномным цягавым электрычным прывадам.
— Пяты — беспілотныя сістэмы, — акцэнтаваў увагу Аляксандр Турчын і выказаў меркаванне, што ніхто не будзе спрачацца з тэзісам, што за гэтым будучыня. — І той, хто першы напрацаваў тэхналогіі, практыку прымянення, зойме гэтую нішу і будзе істотна ўплываць на развіццё сусветнай прамысловай палітыкі ў будучыні.

Што датычыцца шостага кірунку, то гэта авіябудаванне і касмічныя тэхналогіі.
— У Беларусі дастаткова развіта вытворчая база і тэхналогіі для абслугоўвання, рамонту і мадэрнізацыі авіяцыйнай тэхнікі, — падкрэсліў Прэм’ер. — Цяпер мы робім акцэнт на атрыманні новых кампетэнцый у авіябудаванні, стварэнні камплектуючых і запасных частак, мэтавай апаратуры для касмічных апаратаў.
Разам — на карысць эканомік і будучыні краін
Напрыканцы свайго выступлення на стратэгічнай сесіі Аляксандр Турчын падкрэсліў: свет знаходзіцца на парозе пераходу на новы тэхналагічны ўклад:
— Ён яшчэ не сфарміраваўся канчаткова, але тэхналагічная будучыня ўжо выяўляецца ў нашым паўсядзённым жыцці. Невыпадкова тэма сённяшняй сесіі «Саюз новых тэхналогій: ствараючы прамысловасць будучыні». Толькі тэхналагічны суверэнітэт, развітая вытворчая і навукова-тэхналагічная база дазволяць нам забяспечваць рост нацыянальных эканомік і прапаноўваць свету канкурэнтаздольную, інавацыйную прадукцыю. Аб’яднаўшы намаганні, мы зможам дасягнуць шмат на карысць нашых дзяржаў і народаў.
Кажуць удзельнікі
Міхаіл МІШУСЦІН, старшыня ўрада Расійскай Федэрацыі:
— Дадатковыя стымулы для кааперацыі мы ствараем у Еўразійскім эканамічным саюзе. Адзначу новы механізм фінансавай дапамогі для індустрыяльных кампетэнцый — субсідыі саюзнага бюджэту. Механізм быў запушчаны ў чэрвені мінулага года. Трэба, неабходна проста нам інвентарызаваць усе магчымыя варыянты такіх праектаў прамысловай кааперацыі. І мы іх разгледзім з задавальненнем на нашых пасяджэннях, каб падтрымаць у тым ліку і фінансава. У бягучым годзе ўжо адобрана два такія кааперацыйныя праекты. Разглядаецца яшчэ прыкладна дзясятак заявак. Але ўсё роўна гэтага мала. Хачу, карыстаючыся выпадкам, запрасіць бізнес дзяржаў «пяцёркі» вельмі актыўна выкарыстоўваць такую магчымасць працаваць разам. У кааперацыі мы, абсалютна ўпэўнены, здольныя нарасціць і мадэрнізаваць магутнасці, выпускаць запатрабаваную прадукцыю, дамагчыся незалежнасці ад замежных пастаўшчыкоў і, вядома, дапамагчы нашым нацыянальным эканомікам.
Расія актыўна нарошчвае ўзаемадзеянне, уключаючы двухбаковы фармат. З Беларуссю рэалізуецца адзіная прамысловая палітыка. Наладжана сур’ёзная кааперацыя ў Саюзнай дзяржаве, у прыватнасці, у галіне станкабудавання, аўтамабільнай прамысловасці, сельгасмашынабудаванні, мікраэлектроніцы. Сёння на выставе вы бачылі прыклад гэтай кааперацыі.
Алжас БЕКЦЕНАЎ, прэм’ер-міністр Казахстана:
- Сённяшняя выстава яшчэ раз прадэманстравала высокі ўзровень кампетэнцый і бязмежнасць лічбавай трансфармацыі эканомікі. У кантэксце глабальных тэндэнцый новыя тэхналогіі ўплываюць на рост канкурэнтаздольнасці галін і якасць жыцця нашых грамадзян.
У Казахстане працуюць над тым, каб паскорыць лічбавую трансфармацыю і ўкараненне штучнага інтэлекту ва ўсе сферы эканомікі. Толькі за апошні год колькасць кампаній, якія ўкараняюць новыя тэхналогіі, вырасла ў 3,5 раза. Запушчаны першы ў Цэнтральнай Азіі суперкамп'ютарны кластар з шырокім дыяпазонам магчымасцяў. Яго магутнасці будуць даступныя не толькі для дзяржаўнага сектара, але і для навуковых распрацовак, бізнесу, развіцця стартапаў.
Нам неабходна выкарыстоўваць інструмент, які дазваляе кансалідаваць рэсурсы, павышаць канкурэнтаздольнасць тавараў і тэхналогій, умацоўваць прамысловае супрацоўніцтва і эканамічную інтэграцыю. Таксама мы выбудоўваем агульныя лічбавыя платформы для абмену прамысловымі дадзенымі, спрашчаем трансгранічныя працэсы, укараняем лічбавы маніторынг ланцужкоў паставак. Такі так званы лічбавы контур даверу паскарае кааперацыю, дае эфект у лагістыцы і экспарце. Для надання імпульсу названым ініцыятывам прапануецца аб’яднаць намаганні па інтэграцыі лічбавых сэрвісаў нашых краін.