Top.Mail.Ru

Аляксандр Шыпула — аб уласных праектах у рабоце з выбаршчыкамі

Прыёмы грамадзян, прамыя тэлефонныя лініі, сустрэчы з працоўнымі калектывамі, дыялогі з моладдзю — жыццё дэпутата заўсёды насычана стасункамі з выбаршчыкамі... Яно і не дзіўна, бо, як часта адзначаюць самі дэпутаты, чужых праблем не бывае. Такога меркавання прытрымліваецца і намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўніоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыкі Аляксандр ШЫПУЛА. Ён расказаў пра галоўныя аспекты работы ў сваёй 62-й Барысаўскай гарадской акрузе.


Аляксандр Шыпула родам з Віцебшчыны, але са сваёй выбарчай акругай, у якой сёння пражывае каля 80 тысяч чалавек, уключаючы дзяцей, знаёмы не па чутках. 

У 2001 годзе будучы дэпутат звязаў сваё жыццё з Барысавам, прайшоў тут усе ступені кар’еры медыка — ад пасады ўрача-акушэра-гінеколага да галоўнага ўрача Барысаўскага радзільнага дома. Дарэчы, работа з выбаршчыкамі для Аляксандра Валер’евіча не новая. Ён з’яўляўся дэпутатам Барысаўскага райсавета дэпутатаў 27-га і 28-га скліканняў і Мінскага аблсавета дэпутатаў 28-га склікання, старшыня Пастаяннай камісіі па развіцці сацыяльнай сферы. У 2019 годзе Аляксандр Шыпула быў абраны дэпутатам Палаты прадстаўнікоў 7-га склікання. Адказнае стаўленне да справы, высокі аўтарытэт у выбаршчыкаў дазволілі дэпутату працягнуць працу ў Палаце прадстаўнікоў і ў 8-м скліканні.

Дэпутаты штомесяц актыўна працуюць у сваіх выбарчых акругах, і кастрычнік — не выключэнне. Аляксандр Шыпула расказвае аб сваёй дзейнасці ў рэжыме, можна сказаць, рэальнага часу, напрыклад, пра нядаўні прыём грамадзян у Барысаўскім райвыканкаме. «Тэматыка пытанняў, як заўсёды, самая розная: аб удасканаленні заканадаўства ў сферы прадпрымальніцкай дзейнасці, работа ЖКГ, капітальны рамонт дамоў, якасць аказання медыцынскіх паслуг, складаная канфліктная сітуацыя паміж членамі садаводчага таварыства, даванне арэнднага жылля, — адзначае дэпутат. — Шэраг пытанняў вырашаецца адразу ў ходзе прыёму, дзякуючы аператыўнай рабоце з кіраўнікамі аддзелаў Барысаўскага райвыканкама, частка пытанняў бяруцца на дэпутацкі кантроль і адпрацоўваюцца сумесна з арганізацыямі, у чыю кампетэнцыю ўваходзіць іх рашэнне».

У сваёй акрузе Аляксандр Шыпула рэалізуе праект «Адзін дзень у арганізацыі». «Ён накіраваны на паглыбленае вывучэнне сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў канкрэтнай арганізацыі праз розныя формы работы: сустрэча з кіраўніком прадпрыемства з абмеркаваннем стану спраў на прадпрыемстве і перспектыў развіцця, інфармацыйная сустрэча з працоўным калектывам, наведванне вытворчасці і стасункі з рабочымі на месцах, правядзенне выязнога прыёму для работнікаў прадпрыемства», — тлумачыць дэпутат.

У кастрычніку ў рамках работы ў акрузе ён правёў сустрэчы з прадстаўнікамі працоўных калектываў ААТ «Лесахімік» і Барысаўскага доследнага лясгаса. Паколькі ў кастрычніку шмат дат, прысвечаных сям’і, у размовах з людзьмі дэпутат асаблівую ўвагу надаў тэме захавання сямейных каштоўнасцяў і ролі сям’і ў нашым грамадстве, мерах дзяржаўнай падтрымкі сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей.

Дэпутат-урач, безумоўна, цікавіцца і арганізацыяй работы ўстаноў аховы здароўя і якасцю аказання медыцынскіх паслуг у сваёй акрузе. «На сёння на дэпутацкім кантролі стаяць пытанні правядзення капітальнага рамонту паліклінікі № 3 Барысаўскай цэнтральнай раённай бальніцы, — расказвае Аляксандр Валер’евіч. — Работы ўжо падыходзяць да завяршэння. Яшчэ адзін важны аб’ект не толькі для барысаўчан, але і Мінскай вобласці — будаўніцтва станцыі пералівання крыві на тэрыторыі нашай цэнтральнай раённай бальніцы. Гэта будзе не проста станцыя, а сучасны шматфункцыянальны цэнтр трансфузіялогіі. Будаўніцтва ідзе поўным ходам. Такі цэнтр проста неабходны рэгіёну, які ўзяў курс на стварэнне Усходне-тэрытарыяльнага цэнтра спецыялізаванай высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі».

Важнае месца ў рабоце ў акрузе Аляксандр Шыпула адводзіць моладзі. «Вось ужо на працягу пяці гадоў рэалізую праект „Дэпутацкае настаўніцтва“, — расказвае ён. — Мэта праекта — грамадзянска-патрыятычнае выхаванне моладзі, захаванне гістарычнай памяці і традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, прафесійная арыентацыя навучэнцаў старэйшых класаў. Ужо другі год я працую з навучэнцамі барысаўскай сярэдняй школы № 18. Сёлета ў кастрычніку па маёй ініцыятыве была арганізавана для школьнікаў экскурсія ў Барысаўскую ўзбуйненую друкарню. Асноўная мэта сустрэчы — пазнаёміць вучняў з вытворчасцю і прадукцыяй друкарні, прафесіямі дадзенага кірунку эканамічнай дзейнасці».

У завяршэнні тыдня работы ў акрузе разам з ідэалагічным актывам раёна, супрацоўнікамі Барысаўскага доследнага лясгаса дэпутат прыняў удзел у Рэспубліканскай добраахвотнай акцыі «Дай лесу новае жыццё!».

«Адзін з прыярытэтаў маёй дзейнасці — уважлівае стаўленне да чалавека і яго праблем, — гаворыць Аляксандр Шыпула. — Я стараюся слухаць і чуць выбаршчыкаў, дапамагаць ім у вырашэнні праблем у меру сваіх магчымасцяў. Працаваць над павышэннем якасці, жыцця, асабліва ў пяцігодку якасці, — задача першараднай важнасці для кожнага дэпутата».

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота з архіва Аляксандра ШЫПУЛЫ

Чытайце таксама: Дэпутаты прынялі важныя заканадаўчыя рашэнні

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю