Прэзідэнт зрабіў першыя ў 2026 годзе кадравыя прызначэнні. Новыя пасады атрымалі 14 чалавек.
Прэзідэнт зрабіў першыя ў 2026 годзе кадравыя прызначэнні. Новыя пасады атрымалі 14 чалавек.
У Віцебскай вобласці змяніўся губернатар, новыя кіраўнікі з’явіліся ў мясцовых выканаўчых і распарадчых органах на Магілёўшчыне. Абнавілася кіраўніцтва і ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, Нацыянальным агенцтве па турызме, Кітайска-Беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень». Адбыліся кадравыя змяненні і ў рэктарскім корпусе шэрагу рэгіянальных ВНУ. У рабочым парадку ўзгоднены прызначэнні кіраўніцтва Нацыянальнага статыстычнага камітэта, рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, консульскіх устаноў Рэспублікі Беларусь. Кожнаму з запрошаных у Палац Незалежнасці Аляксандр Лукашэнка даў асабісты наказ як кіраўніцтва да дзеянняў на карысць развіцця роднай краіны.
«Вобласць мае патрэбу ў прарыве»
Аляксандр Рагожнік, які да нядаўняга часу займаў пасаду Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі, прызначаны старшынёй Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта. Прэзідэнт заўважыў, што для Аляксандра Рагожніка гэта не стала навіной. Сустрэча кіраўніка дзяржавы з цяпер ужо экс-паслом праходзіла на мінулым тыдні, на якой у тым ліку абмяркоўвалася гэта пытанне.
«Цяжка сказаць, чым ён не павінен займацца там, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Трэба займацца ўсімі кірункамі».
Беларускі лідар звярнуў увагу на тое, што вышэйшыя службовыя асобы, якія адказваюць за Віцебскую вобласць (у тым ліку спікеры парламента Наталля Качанава і Ігар Сергяенка, якія прысутнічалі ў кабінеце Прэзідэнта пры прызначэнні новага губернатара), пасля нарады па Віцебскай вобласці, якая прайшла ў кастрычніку мінулага года, вельмі шчыльна ўзяліся за рэгіён у плане вывучэння абстаноўкі, сітуацыі ў вобласці і кантролю за тым, што адбываецца перш за ўсё ў сельскай гаспадарцы і ў прамысловасці.
«Адразу хачу сказаць для віцебскіх людзей: гэта не надзвычайшчына, — гаворачы аб змене кіраўніка рэгіёна, падкрэсліў беларускі лідар. — Але вобласць мае патрэбу ў прарыве. Вобласць знаходзіцца ў складанай сітуацыі».

Праводзячы нараду па Віцебскай вобласці, Прэзідэнт разлічваў на тое, што кадры ў рэгіёне мабілізуюцца і зробяць тое, на што кіраўнік дзяржавы і іншыя вышэйшыя службовыя асобы звярталі ўвагу.
«Яшчэ раз падкрэслю: без той прадукцыі, асабліва сельскай гаспадаркі, якую вырабляе сёння Віцебская вобласць, краіна можа абысціся проста, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка, удакладніўшы, што экс-пасол Беларусі ў Расіі гэта ведае як ніхто іншы. — Дай бог прадаць і спажыць усё тое, што мы сёння вырабляем без Віцебскай вобласці. Але Віцебская вобласць — гэта частка нашай краіны. Там жывуць добрыя людзі. Нармальныя людзі. І страціць мы яе не можам. Тым больш, там вялізныя рэсурсы засяроджаны. Проста трэба пераарыентавацца на гэтыя рэсурсы, паглядзець на людзей, якія там працуюць, вырашыць іх праблемы — тыя, якія мы павінны вырашыць, перш за ўсё на ўзроўні вобласці. І потым патрабаваць з іх. Таму мы ніяк не можам кінуць Віцебскую вобласць».
Прэзідэнт удакладніў: той факт, што з пункту гледжання вытворчасці краіна зможа абысціся без Віцебшчыны, не сведчыць аб тым, што ўлада павінна забыцца пра паўночны край. «Проста мы працавалі па-старому. Аб гэтым ужо таксама шмат гаварылася. Трэба свежым поглядам зірнуць на праблемы, якія там існуюць, і дзейнічаць», — патлумачыў кадравае прызначэнне беларускі лідар.
«Трэба ўжо з сённяшняга дня не думаць, а дзейнічаць!»
Экс-губернатар Віцебскай вобласці Аляксандр Субоцін пераводзіцца на іншую работу. «Добры чалавек (усе гавораць, і я абсалютна не супраць такога меркавання), — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Але, можа, час прайшоў (Аляксандр Субоцін знаходзіўся на пасадзе губернатара пяць гадоў. — „Зв“.) і напружанне было вельмі сур’ёзнае. Як Дзмітрый Мікалаевіч (Крутой, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. — „Зв“.) гаворыць, выгараў. Я, вядома, з такімі фармулёўкамі не згодзен. Можа быць, і выгараў. Можа быць, адчуў, што, напэўна, не яго. Усё-такі быць кіраўніком — гэта вельмі-вельмі няпроста. Усе вы — кіраўнікі, гэта ведаеце і разумееце».
Гаворачы пра Аляксандра Субоціна, Прэзідэнт заўважыў, што гэты чалавек абсалютна не страчаны для краіны. «І мы тут плануем (у бліжэйшы час даведаецеся) загрузіць яго на ўсю катушку, загрузіць яго з ног да галавы, — расказаў Аляксандр Лукашэнка. — Калі характар ёсць, то пацягне. Гэта датычыцца знешняга контуру нашай краіны, іншых кірункаў, дзе трэба сур’ёзна папрацаваць. Мы яго паспрабуем выкарыстаць па тым кірунку, якім ён добра валодае».
Што датычыцца новага кіраўніка Віцебшчыны, Прэзідэнт разумее, што для Аляксандра Рагожніка змяненне працы з’яўляецца няпростым крокам. «Таму напярэдадні сустракаўся і абмяркоўваў з ім гэтыя праблемы, — заўважыў беларускі лідар. — Але мяне ў гэтым плане вабіць яго рыса характару — гэта чалавек з жорсткім стрыжнем, дысцыплінаваны. А тое, чаго сёння не хапае ў Віцебскай вобласці, — дысцыпліна». Прэзідэнт папярэдзіў свайго памочніка ў гэтым рэгіёне і віцэ-губернатара, што і яны нясуць адказнасць за тое, што адбываецца ў вобласці і што будзе адбывацца».
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: часу на раскачку даць не можа. «Яго проста няма гэтага часу, — патлумачыў Прэзідэнт. — Вам трэба ўжо з сённяшняга дня не думаць, а дзейнічаць!»
Маючы на ўвазе моцныя снегапады, якія нядаўна абрынуліся на краіну, кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што Гасподзь правярае беларусаў на вынослівасць і стойкасць. Дадзена даручэнне разабрацца, як справіліся са снежнымі заносамі на Віцебшчыне.
«Не справіцеся — бяда»
Канкрэтная задача новаму губернатару, а таксама ўсім адказным за Віцебскую вобласць датычыцца захаванасці жывёлы, асабліва маладняку. «Крый вас божа, там у вас назірацца будзе мор маладняку», — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.
Па словах Прэзідэнта, аналагічных праблем хапае і ў іншых абласцях. Гэта ў бліжэйшы час, як анансаваў кіраўнік дзяржавы, будзе абмеркавана падчас нарады ва ўрадзе.
«Разбярэмся з усімі абласцямі, — папярэдзіў ён. — Гэтыя праблемы ўсюды сустракаюцца, але ў Віцебскай вобласці яны проста квітнеюць і пахнуць. Таму адразу вас папярэджваю: барані божа, мне даложаць або, не дай бог, я ўбачу (як бы вы ні хаваліся) гібель маладняку. Раздайце па дварах, рабіце што заўгодна, але трэба выратаваць і абараніць будучыню вашых заробкаў і даходаў. Вось вам задача. Справіцеся — прыходзьце, патрабуйце і прасіце, у тым ліку ў мяне, тое, што вы палічыце патрэбным. Не справіцеся — бяда. Адступаць далей няма куды».
Прэзідэнт удакладніў, што з-за праблем, якія склаліся ў рэгіёне, мае прэтэнзіі і да віцябчан. Але ніхто не здымае адказнасць і з кіраўніцтва, якое не арганізавала адпаведную работу ў вобласці.
«Таму вызначайцеся, з кім вы будзеце працаваць, запрашайце перш за ўсё старшыняў райвыканкамаў, закруціце работу апарату аблвыканкама (не мне вас вучыць, Аляксандр Мікалаевіч, як гэта рабіць) і пачынайце працаваць, — канкрэтызаваў Аляксандр Лукашэнка. — Задачы даведзены, вызначаны».
Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што на Віцебшчыне трэба будаваць і малочнатаварныя комплексы, і комплексы па адкорме буйной рагатай жывёлы, па аднаўленні вытворчасці свініны. «У гэтым плане мы сваё плячо падставім. Але мы павінны ведаць, куды будуць накіраваны дзяржаўныя грошы і, самае галоўнае, якая ад гэтага будзе аддача, — акцэнтаваў кіраўнік дзяржавы. — Гэта не справа, што мы комплексы пабудавалі (а па краіне іх сотні ўжо пабудавана), а яны не запоўнены добрымі жывёламі. А на некаторых комплексах, калі і запоўнены, то карова дае малака як каза. Пытаюся, навошта мы будавалі гэтыя комплексы? Таму правільна, што давялі паказчыкі: комплекс — сем і вышэй тысяч кілаграмаў малака ад каровы (у год. — «Зв.»). Інакш нельга».

«Дысцыпліна — перш за ўсё!»
Прэм’ер-міністру даручана забяспечыць Віцебшчыну ўсім неабходным для таго, каб можна было паставіць пад дах хаця б цялят. «Яны на вуліцы трымаюць гэту жывёлу ў пластмасавых гэтых скрынях, у будках. Ну што гэта такое?! — абурыўся кіраўнік дзяржавы. — Ну вы ж спецыялісты, вы ж ад вёскі прыйшлі. Мінус 30... Якое цялятка вытрымае ў гэту непагадзь? Няўжо цяжка было зрабіць нейкі хлеў (ды ў Віцебскай вобласці хламу гэтага хапае), унутр паставіць гэту хатку, і няхай бы цялятка там знаходзілася? Гэта бяздушныя, жудасныя адносіны».
Прэзідэнт даручыў перадаць новаму губернатару «гэты набор недахопаў па краіне» як кіраўніцтва да дзеянняў. «Ён як чалавек, які ў прамысловасці прапрацаваў, жахнецца, калі ўбачыць гэтыя „цуды“. Таму працаваць, працаваць і яшчэ раз працаваць!» — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, найперш маючы на ўвазе сельскую гаспадарку.
Спыніўся Прэзідэнт і на пытаннях у прамысловасці. У прыватнасці, даручана звярнуць увагу на дрэваапрацоўку, як след задзейнічаць ільнокамбінат.
«Што датычыцца дрэваапрацоўкі, мы ж у лесе ў Віцебскай вобласці жывём, — указаў на вялікае прыроднае багацце рэгіёна беларускі лідар. — У нас столькі лесу прападае». У гэтым кантэксце Прэзідэнт звярнуў увагу не толькі на вытворчасць пелет, але і на выкарыстанне іх для ўласных патрэб. «Які б танны прыродны газ ні быў з Расіі, тым не менш, ён будзе у 3-5 разоў даражэйшы, чым уласная драўніна, — заўважыў ён. — Шукайце дзе зарабляць грошы».
«Ты ўжо прыгледзеўся, міністрам працуючы, з боку на Беларусь паглядзеў з галоўнага нашага рынку (Расіі. — «Зв.») — табе і карты ў рукі, — звяртаючыся да Аляксандра Рагожніка, сказаў Прэзідэнт. — Раю табе: дысцыпліна — перш за ўсё!»
Па словах кіраўніка дзяржавы, новаму губернатару будуць дапамагаць кіраўнікі палат Парламента, якія добра ведаюць Віцебскую вобласць. «Садзіцеся ўтрох, вызначайцеся — і наперад. Ніякага ціску. Я яму (новаму старшыні аблвыканкама. — «Зв.») абяцаў, што перашкаджаць не будзем. Камітэт дзяржкантролю, абласны і яго падраздзяленні, — у яго распараджэнні. Няхай там шукаюць разам вузкія месцы і ліквідуюць іх. Ваеннае становішча. Дзейнічай! Усё ў тваіх руках», — сказаў Прэзідэнт.
«Трэба своечасова развярнуцца»
Шэраг кадравых прызначэнняў датычыцца Магілёўскай вобласці. У трох раёнах (Касцюковіцкім, Слаўгарадскім і Чавускім) — новыя старшыні райвыканкамаў. У Магілёўскім аблвыканкаме — новы намеснік старшыні. На гэту пасаду ўзгоднены Ігар Клішо, які будзе курыраваць пытанні будаўніцтва і ЖКГ. Да гэтага часу ён працаваў на пасадзе старшыні камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Магілёўскага аблвыканкама.
Наталля Асмалоўская прызначана старшынёй Касцюковіцкага райвыканкама. Раней яна была намеснікам старшыні Крычаўскага райвыканкама, дзе курыравала пытанні эканомікі. На пасаду старшыні Слаўгарадскага райвыканкама ўзгоднены Максім Патапенка (дагэтуль — старшыня Горацкага раённага Савета дэпутатаў). Сяргей Дарожкін узначаліць Чавускі райвыканкам. Раней ён працаваў у Кіраўскім райвыканкаме на пасадзе першага намесніка старшыні — начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні.
Звяртаючыся да кіраўніцтва мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў Магілёўшчыны, Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз нагадаў нараду па Віцебскай вобласці, высновы з якой павінны стаць арыенцірам для ўсіх мясцовых органаў улады, і адзначыў, што на месцах ад іх усё залежыць.
«Вы — людзі зусім маладыя, але памятаеце, як яшчэ было ў Савецкім Саюзе, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Раён быў нармальнай адзінкай. Былі свае абслуговыя прадпрыемствы — і будаўнічая ПМК, і дарожная. Яны цяпер у пэўным элеменце захаваліся. Сельгастэхнікі не ўсюды засталіся, як гэта было раней. Райаграсэрвісы ёсць, мы іх цяпер аднаўляем. Старшыня райвыканкама павінен пад рукой мець усё — ад будаўніцтва да вытворчасці і ў прамысловасці, і ў сельскай гаспадарцы».
Кіраўнік дзяржавы лічыць, што раён трэба рабіць асобнай адзінкай, каб людзі, якія жывуць там, маглі атрымліваць адпаведнае абслугоўванне і паслугі. «Я не гавару аб школах, дзіцячых садах (у нас іх хапае), аб ахове здароўя — тут сістэма выбудавана, трэба толькі, каб парадак быў, — удакладніў ён. — Я гавару аб тым, што нам трэба яшчэ развіваць далей».
У якасці станоўчага прыкладу развіцця раёнаў Прэзідэнт прывёў праграму «Адзін раён — адзін праект». «Удалая ідэя, трэба працягваць, — перакананы Аляксандр Лукашэнка. — Вызначыцца, дзе што трэба. Добра, што няма беспрацоўя. Але ёсць іншая праблема: дзесьці не хапае людзей».
Хаця з апошнім беларускі лідар не зусім згодны. Па яго словах, людзей у краіне хапае. Толькі іх трэба належным чынам арганізаваць. Асабліва гэта датычыцца сельскай гаспадаркі.
«Райаграсэрвісы трэба аднаўляць, — даручыў кіраўнік дзяржавы. — Бачыць кожную гаспадарку. Іх стала значна менш, бо аб’яднанне адбылося. Гэта буйныя таварныя вытворчасці, калектывы. Іх разбураць не трэба. З жыллём мы вам будзем дапамагаць будаваць арэнднае. Бясплатна нічога не будзе. Нават не абяцайце».
Асобна Прэзідэнт закрануў пытанне забеспячэння насельніцтва ацяпленнем. «Добра, што нас зіма праверыла, — удакладніў ён. — У нас ёсць катлы на пелетах, не трэба дровы падкідваць, усё на аўтаматыцы. Але гэта ўсё трэба адбудоўваць, прыводзіць у парадак. Каб гэта не выглядала з майго боку нейкай казкай, якую вы паслухалі, пайшлі і забыліся. Будзем у гэтым кірунку рухацца. У нас 5 гадоў для таго, каб вырашыць тыя задачы і тыя праблемы, якія мы павінны вырашыць. Гэта ваша задача».
Па словах беларускага лідара, работу ў Магілёўскай вобласці і губернатар, і яго намеснікі павінны арганізаваць такім чынам, каб не давесці Магілёўшчыну да стану Віцебскай вобласці. «Хаця, давайце шчыра, недалёка яна па асобных кірунках, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Там трэба працаваць і працаваць, укладвацца, асабліва ў вашых раёнах. Я ўсе гэтыя раёны добра ведаю. І не толькі як Прэзідэнт. Яшчэ да прэзідэнцтва я іх добра асвоіў і засвоіў. У вас там работы будзе звышдастаткова. І ў Слаўгарадзе, і ў Чавусах, і ў Касцюковічах. Таму дзейнічайце!»
«Трэба, каб быў вынік»
Андрэй Лабовіч, які дагэтуль з’яўляўся намеснікам старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю, прызначаны міністрам працы і сацыяльнай абароны. Да гэтага часу на гэтай пасадзе працавала Наталля Паўлючэнка.
Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, куды накіроўваецца ранейшы міністр працы і сацыяльнай абароны. Дзмітрый Крутой далажыў, што Наталля Паўлючэнка прапаноўваецца ў парламент — старшынёй Пастаяннай камісіі па сацыяльных пытаннях.
«Год жанчыны. Жанчын крыўдзіць ні ў якім разе нельга», — звярнуў увагу Прэзідэнт.
Звяртаючыся да новага міністра працы і сацыяльнай абароны Андрэя Лабовіча, беларускі лідар падкрэсліў, што прыярытэты дзяржавы накіраваны на тое, што ў чалавечы капітал трэба ўкладвацца. «А праца, сацыяльная абарона насельніцтва — гэта твой прыярытэт, — удакладніў Прэзідэнт. — Трэба, каб міністэрства гэта было відаць. Я не хачу папракнуць нашых жанчын, якія працавалі міністрамі да гэтага часу, але яны неяк сціпла выглядалі. Можа, гэта і добра. Трэба, каб міністэрства гэта гучала. Трэба, каб быў вынік».

«Вялікая справа — калі ў краіну прыязджаюць турысты»
Кірыл Машарскі, які з’яўляўся намеснікам міністра эканомікі, прызначаны дырэктарам Нацыянальнага агенцтва па турызме. Наконт гэтай пасады, як заўважыў кіраўнік дзяржавы, доўга ішлі дэбаты.
«Я ўвогуле вельмі акуратна стаўлюся да перастановак, пературбацый, перападпарадкаванняў, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Лічу, што ў любой сітуацыі ў краіне, дзе ёсць парадак і дысцыпліна (а ўсё ж пэўныя парадак і дысцыпліна ў нас ёсць), можна было працаваць і ў старой сістэме каардынат. (Да нядаўняга часу было адзінае Міністэрства спорту і турызму. — "Зв."). Але мяне падкупіла тое, што за пяцігодку яны дададуць, ажно ў два разы павялічаць. Калі з 2 % да 4,5 % ВУП турызм дадасць, гэта будзе выдатна. Але гэта і для цябе цяжка будзе. Я ўсё гэта памятаю і спытаю за вынік. Вядома, з урада. І „рабочы конь“ — гэта ваша агенцтва. Таму вы павінны разумець гэта».
Гаворачы ў цэлым аб магчымасцях турыстычнай сферы, Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што, калі б у нас было больш магутнасцяў па турызме цяпер, краіна б ужо добрыя грошы зарабляла. «І гэтыя 4-5 % ВУП дакладна б давалі, — лічыць ён. — Але ў нас гэтых магутнасцяў не хапае. Трэба базу, якая існуе, прыводзіць у парадак і нарошчваць яе. Гэта ўжо ведамства разумее. Вам трэба гэта скаардынаваць і пракантраляваць. Калі што — неадкладная інфармацыя ва ўрад. Калі трэба, дакладвайце на ўзроўні Прэзідэнта. Будзем прымаць меры і спытаем».
Па словах беларускага лідара, вялікая справа — калі ў краіну прыязджаюць турысты. «Я часта гавару: не трэба вазіць, прадукцыю прадаваць нейкую, — удакладніў кіраўнік дзяржавы. — Мы маніторым: яны з задавальненнем купляюць нашы прадукты харчавання, адзенне, абутак, касметыку. Усё купляюць. Чаму купляюць? Бо прымальнай якасці яна і цана больш-менш нармальная. Едуць людзі багатыя, якія маюць грошы і могуць іх патраціць. Ну і добра. Няхай трацяць, купляюць прадукцыю і самі вывозяць. Нам менш цэнтралізавана будзе работы. Таму турызм — гэта здорава».

Прэзідэнт нагадаў, што нядаўна быў у Амане, дзе ў тым ліку адбылася размова з людзьмі, якія адказваюць за сферу турызму. «Яны (у Амане. — „Зв“.) вельмі моцна развіваюць цяпер турызм, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — У Эміратах гэта ўвогуле першы артыкул даходаў. Не нафта, не газ (у Эміратах гэтага дабра хапае), а турызм ужо на першым месцы... Людзі прыязджаюць, трацяць вялізныя грошы. Я не хачу сказаць, што ў нас будзе так, як у Эміратах. Але паціху трэба ў гэтым кірунку рухацца. У нас ёсць што паказаць і прапанаваць людзям».
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што Еўропа, што б там ні казалі, з-за забруджанасці не карыстаецца тым жа попытам у турыстаў, як гэта было раней. «Засталіся Беларусь і Расія, куды можна прыйсці, падыхаць свежым паветрам, а ў нас яшчэ і набыць добрыя тавары, — канстатаваў Прэзідэнт. — Таму турызм трэба развіваць». І Нацыянальнае агенцтва па турызме, па словах кіраўніка дзяржавы, павінна даць пэўны вынік.
«Да людзей па-чалавечы трэба адносіцца, асабліва да навукоўцаў»
Новыя кіраўнікі — і ў дзвюх рэгіянальных ВНУ. Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт узначаліць Андрэй Парфіевіч, які ў гэтай жа ВНУ займаў пасаду прарэктара па вучэбнай рабоце. Ірына Назаранка ўзгоднена на пасаду рэктара Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Дагэтуль яна з’яўлялася дэканам медыка-дыягнастычнага факультэта гэтага ўніверсітэта.
Гаворачы аб Гомельскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце, Прэзідэнт назваў ВНУ сваім родным дзіцем і ўзгадаў, як раней яму прапаноўвалі закрыць гэту ВНУ. «У прынцыпе, матывацыя была зразумелая: мы маглі на існуючых базах у Мінску, Віцебску, Гродне дастаткова падрыхтаваць спецыялістаў, — заўважыў беларускі лідар. — Але мне шкада было гомельскага ўніверсітэта. Разумею, што гэта рэгіянальная ВНУ, дзе для рэгіёна, паўднёвага ўсходу, Магілёўшчыны і іншых (рыхтуюць спецыялістаў. — „Зв“.). Хлопцы і дзяўчаты прасцейшыя, можна сказаць, у добрым сэнсе слова, яны і будуць у асноўным працаваць у рэгіёне. Мне неяк стала шкада медыкаў, гэтага ўніверсітэта. Я добра з ім знаёмы быў да прэзідэнцтва, бываў там не аднойчы, будучы дэпутатам. Таму я сказаў: „Не, у мяне рука не паднімаецца ліквідаваць гэты ўніверсітэт“. І цяпер я пераканаўся ў тым, што гэты ўніверсітэт можа жыць і развівацца».
За гэта цяперашні рэктар Ірына Назаранка выказала кіраўніку дзяржавы ўдзячнасць. «Удзячнасць — гэта добра, Ірына, але ты ж ужо рэктар, з цябе спытаем асабліва строга, — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. — Таму трэба ўмець працаваць з усімі. Вы ж усе разумныя навукоўцы, ледзь не акадэмікі або будучыя акадэмікі. Трэба ўмець працаваць з усімі і знаходзіць лепшае ў людзях. І не дапускай тых памылак, якія вы часам дапускалі там ва ўніверсітэце. Да людзей па-чалавечы трэба адносіцца, асабліва да навукоўцаў».
Прэзідэнт пацікавіўся перспектывамі далейшага працаўладкавання папярэдняга рэктара Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Ігара Стомы, які пакінуў гэту пасаду па пагадненні бакоў. Па словах Ірыны Назаранка, ён выказаў жаданне прадоўжыць работу ў гэтай жа ВНУ, але ўжо на іншай пасадзе.
«Мы яму можам паглядзець і іншую працу, — прапанаваў Аляксандр Лукашэнка. — Стома — чалавек не страчаны. Малады, перспектыўны чалавек. Калі ў яго ёсць пэўныя недахопы, я не думаю, што ў яго там катастрафічныя недахопы. Стому нельга страціць. Гэта адназначна. Калі ён ужо вельмі жадае працаваць ва ўніверсітэце... Проста, напэўна, ён не разглядаў іншыя варыянты з улікам пэўных нюансаў. Ён перспектыўны чалавек, на яго яшчэ можна грузіць, і ён павінен везці. І яшчэ і нямала вывезе. Я яго асабіста ведаю. Адукаваны, граматны чалавек. А недахопы, у нас у кожнага яны ёсць. Трэба навучыцца іх зжываць, як раней гаварылі».
Звяртаючыся да новага рэктара Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, Прэзідэнт праінфармаваў, што разглядаецца варыянт стварэння ў краіне адукацыйнага цэнтра (універсітэта) з мэтай сабраць у ім па перспектыўных кірунках самых талковых хлопцаў і дзяўчат. «Можа, іх тысяча будзе з часам, калі поўнасцю будзе ўкамплектаваны, — удакладніў беларускі лідар. — Там ёсць тэхнічны адзін кірунак, чыста тэхнічны. Вядома, рэктары, я разумею, з нейкай рэўнасцю гэта ўспрымаюць. Тады я вырашыў проста рэктарам гэта даручыць стварыць. Па 20-30 чалавек мы будзем набіраць за год. І вось няхай тэхнары па краіне паездзяць. Вопыт ужо ёсць».
Па словах кіраўніка дзяржавы, ён судакранаўся з гэтым пытаннем, бо для навучання ў Пекінскім універсітэце, дзе вучыцца малодшы сын беларускага лідара, па краіне шукалі пяць чалавек. «Ну я яшчэ 20 дабавіў, — расказаў Аляксандр Лукашэнка. — Ён гаворыць, што вельмі моцныя рабяты. Яны самі хочуць нечага, іх не трэба прымушаць. Яны ведаюць, куды яны трапілі».
Кіраўнік дзяржавы ўдакладніў, што ў цэнтр, дзе будзе весціся навучанне па самых перспектыўных, запатрабаваных кірунках, сярод якіх — касмічныя апараты, праектаванне, будаўніцтва, біятэхналогіі на грані з медыцынай, будуць адбіраць найлепшых. Магчыма, па яго словах, давядзецца прыехаць у гэты цэнтр і Андрэю Парфіевічу, каб прачытаць лекцыю або правесці практычныя заняткі.
«Да гэтага трэба быць гатовым, — удакладніў Прэзідэнт. — І без рэўнасці, а, наадварот, судакрануцца і паўдзельнічаць у гэтым. Вядома, мы ва ўсе ВНУ такіх (таленавітых маладых людзей, якія будуць вучыцца. — „Зв“.) не знойдзем, мы ж гэта разумеем, але вычленіць з грамадства вось гэтыя зярняткі. Найлепшых. Шмат іх не трэба. Часам адзін можа цэлы напрамак, школу стварыць і пацягнуць за сабой тысячы добрых спецыялістаў. Таму мы хочам стварыць такі цэнтр. Пакуль прапрацоўваем. У бліжэйшы час збяромся, яшчэ раз абмазгуем, падумаем. Тым больш што мы пабудавалі гэты цэнтр, яго трэба проста цяпер загрузіць».
Аляксандр Лукашэнка патлумачыў, чаму так шмат гаворыць аб рэктарах. «Гэта любімая мая пасада, — адзначыў ён. — Я рэктарам ніколі не працаваў, але, мне здаецца, калі б я быў рэктарам, я б ні на якую пасаду іншую не пайшоў. Гэта самае цікавае. Людзі адукаваныя. Няпростыя, зразумела. Ну і мы ж таксама не лыкам шытыя... Цікавая праца. Няпыльная, як у нас у народзе кажуць, хаця сваіх нюансаў хапае».

«Парк сваё развіццё павінен атрымаць»
Таццяна Харлап прызначана кіраўніком дзяржаўнай установы «Адміністрацыя Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень». Да гэтага часу працавала на пасадзе генеральнага консула ў Спецыяльным адміністрацыйным раёне Ганконг (Кітайская Народная Рэспубліка).
«Там не проста будзе. Там ужо аснова ёсць, але кожны год трэба дабаўляць», — звяртаючыся да новага кіраўніка, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой удакладніў, што Таццяна Харлап была акурат сярод тых, хто першапачаткова ствараў гэты праект. Таццяна Харлап, у сваю чаргу, запэўніла, што і на новым месцы работы прыменіць напрацаваны вопыт.
«Галоўнае, што ты Кітай ведаеш, судакранулася з кітайцамі, — звярнуў увагу беларускі лідар. — Парк сваё развіццё павінен атрымаць. Вынік давядзецца даваць».
Акрамя таго, Прэзідэнт узгадніў прызначэнні ў кіраўніцтве Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання і Нацыянальнага статыстычнага камітэта. Віталь Кулак заняў пасаду першага намесніка міністра сельскай гаспадаркі і харчавання. Раней ён працаваў на пасадзе намесніка міністра ў гэтым жа ведамстве. Пасаду намесніка міністра заняў Ігар Дарафейчык, які дагэтуль з’яўляўся намеснікам дырэктара Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарча.
Намеснікам старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта прызначана Ала Біленка. Раней яна з’яўлялася начальнікам галоўнага ўпраўлення каардынацыі і развіцця статыстычнай сістэмы ведамства.
Генеральным консулам Рэспублікі Беларусь у горадзе Уфа (Расійская Федэрацыя) узгоднены Аляксандр Кавалёў, які ў 2023—2025 гадах быў гендырэктарам ААТ «Белшына».
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА
Даслоўна
«Любая задача заўсёды мае рашэнне»
Новы старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Рагожнік у размове з журналістамі адзначыў, што не лічыць Віцебскую вобласць асабліва праблемным рэгіёнам. Паводле яго слоў, сёння ў любой вобласці ёсць свае пытанні як на прадпрыемствах, так і ў арганізацыях. «І любая задача заўсёды мае рашэнне. Як у медыцыне вызначаюць дыягназ, лячэнне і потым прыходзяць да выздараўлення, так і тут невырашальнай задачы не існуе. Для вырашэння патрэбен пэўны час, адказнасць і настойлівасць у дасягненні выніку. Усё гэта прыводзіць да поспеху», — падкрэсліў Аляксандр Рагожнік.
Губернатар Віцебшчыны нагадаў, што яшчэ некалькі гадоў таму кіраўнік дзяржавы даручаў заняцца Аршанскім рэгіёнам. «І тады гэта сапраўды быў такі праблемны пункт у нашай краіне, — прывёў прыклад старшыня Віцебскага аблвыканкама. — Але, як мы бачым, па сканчэнні пэўнага часу прадпрыемствы працуюць, людзі атрымліваюць годныя зарплаты. І гэта на першы погляд невырашальная праблема вырашылася».
Журналісты таксама пацікавіліся ў Аляксандра Рагожніка, як яму дапаможа шматгадовы досвед работы ў прамысловасці на пасадзе старшыні Віцебскага аблвыканкама. «Прамысловыя прадпрыемствы — гэта такая ж арганізацыя, як і любая іншая. Падыходы ў вырашэнні любых праблем, па сутнасці, падобныя, — адказаў ён. — Прэзідэнт звярнуў асаблівую ўвагу на такую галіну, як сельская гаспадарка. Наша справа — усе рашэнні і даручэнні ажыццявіць».
Што датычыцца кадравай работы, Аляксандр Рагожнік адзначыў, што для пачатку трэба зразумець на месцы «хто чаго варты з тых, хто працуе».
«У новы раён — з баявым настроем»
Новы старшыня Чавускага райвыканкама Сяргей Дарожкін да прызначэння займаў пасаду першага намесніка старшыні — начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Кіраўскага райвыканкама. Таму са спецыфікай работы сельскай гаспадаркі знаёмы не па чутках. Пры гэтым, паводле яго слоў, падыход да работы, вытворчасць у двух раёнах каласальна адрозніваюцца. «Таму ідзём у новы раён з баявым настроем, каб адрадзіць вёску, зрабіць усё для таго, каб зрушыць гэты раён з месца, асабліва па сельскай гаспадарцы, — канкрэтызаваў ён. — Ёсць над чым працаваць як у жывёлагадоўлі, так і ў раслінаводстве. Ну і, вядома, іншыя вытворчыя пытанні там таксама ёсць. Таму ідзём, каб вырашаць гэтыя пытанні».
Сяргей Дарожкін перакананы, што перайсці да больш магутнай вытворчасці цалкам рэальна. Але рабіць гэта неабходна паступова. «Ёсць задумкі, якія трэба ўвасабляць у жыццё», — падзяліўся ён.
«Працаваць зладжана і разумець, як неабходна рухацца»
Дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме, а ім стаў Кірыл Машарскі, у размове з журналістамі нагадаў, што летась кіраўніком дзяржавы быў прыняты ўказ аб стварэнні гэтага агенцтва, якое сёння падпарадкоўваецца Савету Міністраў і надзелена адпаведнымі паўнамоцтвамі па рэгуляванні ўсёй сферы турызму ў краіне. «Гэта значыць, арганізавана і ўзаемадзеянне рэспубліканскіх органаў, і выканаўчых органаў, і мясцовых органаў улады. Таму зараз неабходна як мага хутчэй запусціць дзяржпраграму па развіцці турызму, якая разлічана на 2026—2030 гады, і тыя мерапрыемствы, якія запланаваны на 2026 год», — праінфармаваў кіраўнік агенцтва. Задачы, якія стаяць перад агенцтвам, паводле слоў Кірыла Машарскага, вельмі сур’ёзныя — па выніках 2030 года неабходная доля турызму павінна скласці 4,5 працэнта ВУП.
Журналісты пацікавіліся, ці будзе агенцтва «падцягваць» тых, хто па тых ці іншых прычынах адстае ў турыстычным плане. «Вядома, гэта задача ёсць, — адказаў Кірыл Машарскі. — Перш за ўсё, трэба выбудаваць выразную вертыкаль у самім агенцтве і наладзіць узаемадзеянне з абласнымі і раённымі выканкамамі. І, вядома ж, гэта будуць не толькі нашы ключавыя турыстычныя пункты, асноўныя магніты прыцяжэння турыстычных патокаў, але і іншыя напрамкі. Таму мы зараз праводзім свайго роду інвентарызацыю. У цэлым, ужо ўсё прадугледжана ў дзяржаўнай праграме, таму неабходна як мага хутчэй пачаць рэалізоўваць усе мерапрыемствы», — рэзюмаваў ён.
«Сацыяльная накіраванасць развіцця нашай дзяржавы ў прыярытэце»
Новы міністр працы і сацыяльнай абароны Андрэй Лабовіч са спецыфікай работы ўжо знаёмы, паколькі ў 2015—2021 гадах займаў пасаду першага намесніка кіраўніка ведамства. «І той перапынак, які я прысвяціў працы ў Камітэце дзяржаўнага кантролю, сапраўды дазволіў зірнуць на развіццё сацыяльнай сферы трошкі з іншага боку — з боку кантралёра. Пэўныя рэзервы ў развіцці галіны ёсць, але пры гэтым сацыяльная накіраванасць развіцця нашай дзяржавы застаецца ў прыярытэце і будзе далей удасканальвацца, — адзначыў Андрэй Лабовіч. — Гэта, у першую чаргу, прыярытэт у падтрымцы сем’яў з дзецьмі, падтрымцы сацыяльна неабароненых слаёў насельніцтва, прыняцце мер для павышэння дабрабыту нашага насельніцтва, перш за ўсё бюджэтнікаў. Гэта і заработная плата, і пытанні занятасці. Усе тыя прыярытэты, якія вызначаны ў Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця датычна развіцця сацыяльнай сферы, будуць выконвацца. І я на пасадзе міністра прыкладу для гэтага ўсе намаганні».
Кіраўнік ведамства падкрэсліў, што сацыяльная падтрымка з боку дзяржавы павінна ісці дакладна, адрасна, сапраўды тым грамадзянам, якія ў ёй маюць патрэбу. «І гэта асноўная задача, каб не спараджаць утрыманства ў нашым грамадстве. Грошы сапраўды павінны ісці адрасным парадкам, тым людзям, якія ў гэтай дапамозе маюць патрэбу», — перакананы міністр. Ён таксама звярнуў увагу на эфектыўнасць выкарыстання сродкаў на ўтрыманне бюджэтных устаноў, на пытанні аптымізацыі, якія дзесьці застаюцца надзённымі: «Каб выдаткі бюджэту, а гэта велізарныя грошы, мільярды рублёў, сапраўды прыносілі карысць, працавалі эфектыўна».
Каб хутчэй праекты прыносілі аддачу
Паводле слоў кіраўніка адміністрацыі Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень» Таццяны Харлап, індустрыяльны парк — гэта міжнародны праект. «Сёння ў ім зарэгістраваны 171 рэзідэнт. Пры гэтым летась была прыцягнута рэкордная колькасць рэзідэнтаў — 34, — канкрэтызавала яна. — На сённяшні дзень у парка прыкладна роўная колькасць кампаній з беларускімі і кітайскімі інвестыцыямі, а астатнія — гэта 14 іншых краін блізкага і далёкага замежжа. Сёння ў парку ўжо асвоена больш за мільярд долараў інвестыцый з розных крыніц фінансавання і, самае галоўнае, што яны працуюць. У парку ўжо пабудавана сучасная першакласная інфраструктура. Функцыя адміністрацыі парка, які я з сённяшняга дня ўзначальваю, заключаецца менавіта ў забеспячэнні комплекснага якаснага абслугоўвання гэтых рэзідэнтаў для таго, каб яны хутчэй рэалізавалі свае праекты і хутчэй наша эканоміка атрымала ад іх аддачу».
Рыхтаваць спецыялістаў і патрыётаў
Рэктар Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Ірына Назаранка ў размове з журналістамі прызналася, што ўзначаліць універсітэт для яе велізарная адказнасць, і падзякавала Прэзідэнту за падтрымку гэтай ВНУ.
Гаворачы аб тым, наколькі актыўна моладзь імкнецца звязаць сваё жыццё з медыцынай, Ірына Назаранка адзначыла, што цікавасць да медыцыны з кожным годам усё ўзрастае. «Мы набіраем сапраўды высокапатэнцыяльных абітурыентаў, якія могуць дапамагчы краіне сваімі ведамі, ідэямі, запалам унутранай энергіі, — пераканана рэктар. — Да нас прыходзяць глыбока патрыятычныя студэнты. Акрамя таго, яны вельмі практыкаарыентаваныя, таму што наша ВНУ заўсёды надае вялікую ўвагу гэтаму, пачынаючы з першага курса».
Паводле слоў рэктара, універсітэт актыўна развівае інавацыйныя формы і метады навучання. «Таксама мы клапоцімся аб нашым навуковым і кадравым патэнцыяле і будзем гэта прымнажаць, — падкрэсліла Ірына Назаранка. — І самая галоўная задача — рыхтаваць высакакласных запатрабаваных спецыялістаў і сапраўдных патрыётаў нашай краіны».
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА