Top.Mail.Ru

Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў прыярытэты навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці на 2026-2030 гады

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 1 красавіка падпісаў указ № 135, якім зацверджаны прыярытэтныя кірункі навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці ў краіне на 2026–2030 гады, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.


У якасці такіх кірункаў вызначаны найбольш перспектыўныя і запатрабаваныя для дзяржавы сферы дзейнасці, якія даюць магчымасць у сярэднетэрміновай перспектыве забяспечыць актуальныя вынікі ў навукаёмістых і высокатэхналагічных сектарах эканомікі, канкурэнтныя перавагі і тэхналагічную бяспеку краіны. Гэта лічбавыя тэхналогіі і штучны інтэлект, інавацыйныя тэхналогіі ў прамысловасці, біялагічныя і медыцынскія тэхналогіі, інавацыйныя тэхналогіі ў аграпрамысловым комплексе і харчовай прамысловасці, навуковае і навукова-тэхнічнае забеспячэнне бяспекі чалавека, грамадства і дзяржавы.

Указам устанаўліваецца, што першачарговай рэалізацыі будуць падлягаць скразныя кірункі міжгаліновага характару, вынікі якіх аказваюць істотны ўплыў на развіццё некалькіх галін эканомікі і сацыяльнай сферы.

У адпаведнасці з прыярытэтамі будуць сфарміраваны і зацверджаны дзяржаўныя праграмы навуковых даследаванняў, навукова-тэхнічныя праграмы, Дзяржаўная праграма інавацыйнага развіцця Беларусі на 2026–2030 гады. Пры гэтым узмоцнена роля кіраўнікоў дзяржаўных заказчыкаў праграм. На іх ускладзена персанальная адказнасць за эфектыўнае выкарыстанне сродкаў, своечасовае выкананне заданняў і дасягненне запланаваных вынікаў.

Указ накіраваны на кансалідацыю навуковага, адукацыйнага і вытворчага патэнцыялу, канцэнтрацыю матэрыяльных і інтэлектуальных рэсурсаў на рэалізацыі найбольш значных для забеспячэння тэхналагічнага суверэнітэту краіны кірункаў навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці.

Указ, падпісаны кіраўніком дзяржавы, вельмі важны ў трох сферах дзейнасці — навуковых даследаванняў, распрацовак і рэалізацыі інавацыйных праектаў, адзначыў, каментуючы гэты дакумент, старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, кандыдат ваенных навук, дацэнт Сяргей Шлычкоў.

— Указ з’яўляецца базавым дакументам, які дазваляе забяспечваць комплексны падбор праектаў і прымаць рашэнні па бюджэтным фінансаванні перш за ўсё найбольш актуальных тэм навуковых даследаванняў і распрацовак, — сказаў кіраўнік ДКНТ. Распрацоўваўся ўказ з 2023 года, зазначыў ён.

— У 2023–2024 гадах мы распрацоўвалі комплексны прагноз навукова-тэхнічнага прагрэсу на наступныя пяць гадоў. Распрацаваны ён як даведнік праектных ідэй, што найбольш актуальныя і эфектыўныя для рэалізацыі ў наступнай пяцігодцы. Пералік прыярытэтаў быў сфарміраваны зыходзячы з вынікаў комплекснага прагнозу, — падкрэсліў Сяргей Шлычкоў.

Прыярытэтнымі кірункамі навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці Рэспублікі Беларусь указам вызначаны штучны інтэлект і лічбавыя тэхналогіі; інавацыйныя тэхналогіі і тэхніка ў прамысловасці; біялагічныя, хіміка-фармацэўтычныя і медыцынскія тэхналогіі і прадукты; інавацыйныя тэхналогіі ў аграпрамысловым комплексе і харчовай прамысловасці; навуковае і навукова-тэхнічнае забеспячэнне бяспекі чалавека, грамадства і дзяржавы.

— Як і ў гэтай пяцігодцы, першы прыярытэт — усё, што звязана з «лічбай», — пракаментаваў старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях.

Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі сёння стварылі асобную галіну, якая аб’ядноўвае ўсё, што называецца чалавекападобнымі і прыродападобнымі тэхналогіямі, — то-бок штучны інтэлект, растлумачыў эксперт.

— Чаму гэты кірунак у ліку прыярытэтаў? Таму што праекты, звязаныя з даследаваннямі і распрацоўкамі ў гэтай галіне, маюць, як паказвае практыка, найбольшы эканамічны эфект. Прыносяць эфект не толькі ў эканоміцы, але і ў розных сферах жыцця грамадства, чалавека і дзяржавы, — падкрэсліў Сяргей Шлычкоў.

Яшчэ адзін найважнейшы прыярытэт — усё, што звязана з прамысловасцю: тэхналогіі машынабудавання, прыборабудавання, мікра- і нанаэлектроніка, адзначыў эксперт.

— Хачу нагадаць, што ўжо некалькі гадоў запар апрацоўчая прамысловасць уваходзіць у топ нумар адзін па ўнёску ў ВУП нашай краіны, — сказаў ён. — Таму другім прыярытэтам з’яўляецца развіццё нашага прамысловага комплексу. Гэта не толькі сістэма Міністэрства прамысловасці, гэта ўся прамысловасць, якая існуе ў краіне, — рэзюмаваў старшыня ДКНТ.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю