Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 5 лютага падпісаў указ № 49, якім зацверджана Дзяржаўная інвестыцыйная праграма на 2025 год. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
На фінансаванне аб’ектаў, уключаных у праграму, сёлета прадугледжана Br2 млрд 207 млн. З іх больш за 80% — на рэалізацыю дзяржаўных праграм «Дарогі Беларусі», «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека», «Адукацыя і маладзёжная палітыка», «Будаўніцтва жылля», «Аграрны бізнес», «Пагранічная бяспека» і іншых.
Дзяржаўныя капітальныя ўкладанні і сродкі фонду нацыянальнага развіцця размеркаваны на сацыяльныя аб’екты, уключаючы аб’екты аховы здароўя, адукацыі, культуры, спорту, станцыі абезжалезвання вады, арэнднае жыллё, у тым ліку для спецыялістаў найбольш запатрабаваных пасад і прафесій.
За кошт сродкаў праграмы ў 2025 годзе ў тым ліку будуць будавацца і рэканструявацца:
- аўтамабільныя дарогі М10 (Гомель — Кобрын), М3 (Мінск — Віцебск), Р46 (Лепель — Полацк), Р53 (Слабада — Навасады);
- масты праз раку Прыпяць (у Мазыры) і праз раку Сож (на аўтадарозе Р30 Гомель — Ветка — Чэрыкаў);
- тэхнапаркі ў Брэсце, Пінску, Баранавічах, індустрыяльны парк у Гродне;
- бальніца ў Паставах, абласны анкалагічны дыспансер у Гродне, новыя карпусы абласной бальніцы ў Брэсце і РНПЦ дзіцячай анкалогіі ў Бараўлянах, рэабілітацыйны цэнтр у Аксакаўшчыне;
- школа ў Астраўцы, лабараторны і навучальны карпусы Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, фізкультурна-аздараўленчы цэнтр Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, спартыўны комплекс БФСТ «Дынама»;
- комплекс будынкаў Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра, храм Аляксандра Неўскага на мемарыяльных вайсковых могілках у Мінску.
Усяго ў рамках Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы ў 2025 годзе прадугледжваецца фінансаванне 82 аб’ектаў, з іх 40 плануецца ўвесці ў эксплуатацыю.