Старшыня Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Уладзімір Кухараў далажыў Прэзідэнту аб сітуацыі ў сталіцы, якая склалася на фоне пагаршэння ўмоў надвор’я. Ключавымі тэмамі размовы кіраўніка дзяржавы з міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання Юрыем Горлавым сталі захаванасць жывёлы і аднаўленне райаграсэрвісаў, райсельгасхімій і будаўнічых арганізацый у раёнах. З генеральным дырэктарам ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі» Уладзімірам Лук’янавым беларускі лідар абмеркаваў дзейнасць і перспектывы развіцця прадпрыемства. З кожным з дакладчыкаў у кабінеце Першага адбылася сур’ёзная і прадметная размова.
«Галоўнае пытанне — сітуацыя ў Мінску»
Першым Прэзідэнту дакладваў старшыня Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Уладзімір Кухараў. Найперш кіраўніка дзяржавы хвалявала сітуацыя ў горадзе — на фоне ўмоў надвор’я. Акрамя таго, закраналася ў кабінеце кіраўніка дзяржавы і патэнцыяльнае кадравае пытанне ў дачыненні да мэра беларускай сталіцы.
«Галоўнае пытанне — сітуацыя ў Мінску, — канкрэтызаваў Аляксандр Лукашэнка. — Аб’ектыўна, шчыра. Мяне больш хвалююць праблемы. Прама хачу сказаць, што я вялікіх праблем не бачу ў Мінску. Але вы як кіраўнік нашага горада, сталіцы пастаянна ў гэтым коле круціцеся і ведаеце больш, чым я. Мяне больш за ўсё хвалююць праблемы, якія ў нас існуюць у кіраванні мегаполісам. Акурат гэта вельмі важна ў сувязі з той сітуацыяй, якая складваецца ў Мінску ў выніку ўмоў надвор’я. Таму гэта галоўнае пытанне».
Асобна ў размове са старшынёй Мінгарвыканкама Аляксандр Лукашэнка закрануў патэнцыяльнае кадравае пытанне. «Мне тут многія дакладваюць наконт ці то вашага жадання, ці то чыйгосьці жадання перайсці працаваць ва ўрад, — канкрэтызаваў кіраўнік дзяржавы. — Таксама абмяркуем гэту праблему. Так па-мужчынску, па-чалавечы. Яшчэ раз падкрэсліваю: дзе б вы ні працавалі, вы ведаеце, што работы заўсёды хапае. Тым больш у вашым узросце яшчэ трэба і трэба ўпірацца і даказваць і мінчанам, і народу, што вы нямала гатовы зрабіць і зробіце».
Прэзідэнт заклікаў да адкрытай і мужчынскай размовы на гэту тэму, нягледзячы на пэўныя пажаданні і прапановы шэрагу службовых асоб.
«Тым больш што тыя, хто рабіў заключэнне ці то па вашым жаданні, ці то па іх прапанове, папярэджаны мною, што я з вамі буду гаварыць шчыра, — удакладніў беларускі лідар. — Бо пасада гэтая няпростая. Гэта, яшчэ раз падкрэсліваю, сталіца. Таму яны павінны ведаць, што ў нас адбудзецца шчырая размова».
Пры гэтым кіраўнік дзяржавы заўважыў, што другая частка размовы з мэрам Мінска не звязана з дрэннай сітуацыяй у сталіцы. «Недахопаў хапае, як усюды, — удакладніў Прэзідэнт. — Яны і будуць, пажадана, каб паменш. І ў мяне няма вялікіх прэтэнзій да цяперашняга кіраўніка Мінска».
Даслоўна
«Мы павінны зрабіць усё для таго, каб пражыванне жыхароў у горадзе Мінску было камфортным»
У размове з журналістамі старшыня Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Уладзімір КУХАРАЎ адзначыў, што Прэзідэнту было даложана аб сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў горадзе. «Сітуацыя стабільная, забяспечваецца выкананне многіх паказчыкаў, якія з’яўляюцца базавымі, ключавымі, — канкрэтызаваў ён. — Эканоміка працуе стабільна. Мы працуем на перспектыву».
Па словах мэра сталіцы, тэмамі даклада кіраўніку дзяржавы таксама сталі работа тэхнапаркаў, стан будаўнічага комплексу Мінска. «Сёлета стаяць вельмі сур’ёзныя задачы, — канстатаваў Уладзімір Кухараў. — Мы будзем працаваць па рэалізацыі развіцця новых тэрыторый. „Зялёны бор“ — вялікая тэрыторыя, якая будзе асвойвацца. Будуецца жыллё для тых, хто мае патрэбу: больш за 4 мільёны квадратных метраў (плануецца пабудаваць. — „Зв.“). Мы прыступаем да асваення гэтых тэрыторый».
Па словах старшыні Мінгарвыканкама, аб’ёмы будаўніцтва жылля ў сталіцы будуць скарачацца. Будаваць у Мінску будуць толькі для тых, хто мае патрэбу, удакладніў ён: «Бо горад практычна ўжо забудаваны. Мы павінны зрабіць усё для таго, каб пражыванне жыхароў у горадзе Мінску было камфортным».
Падчас даклада Прэзідэнту гучалі і пытанні аб стане жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў сталіцы, рабоце камунальных службаў у перыяд моцнага снегападу. Мэр Мінска даў станоўчую ацэнку рабоце камунальнікаў, якія ў гэты перыяд працавалі зладжана.
«Горад быў у найкарацейшыя тэрміны забяспечаны ачысткай снегу, — удакладніў Уладзімір Кухараў. — Вельмі шмат жыхароў горада папрацавалі на дваровых тэрыторыях. Аказвалі дапамогу прадпрыемствы, арганізацыі на замацаваных тэрыторыях. Удалося гэта зрабіць хуткімі тэмпамі».
Старшыня Мінгарвыканкама далажыў Прэзідэнту і аб падрыхтоўцы энергасістэмы горада да чарговага пахаладання, мадэрнізацыі і капітальным рамонце пуцеправодаў. «З 39 пуцеправодаў рэканструкцыя 28 завершана, — расказаў ён. — Работа ў гэтым кірунку будзе скончана ў бліжэйшыя два гады».
Асобна падчас даклада прагучала пытанне работы Мінгарвыканкама ў сацыяльнай сферы. У прыватнасці, размова ішла аб прафесійнай адукацыі моладзі. «Мы працуем па ўкараненні новых запатрабаваных спецыяльнасцяў, каб маладыя людзі, якія заканчваюць 9 класаў, маглі мець магчымасць атрымаць сярэднюю спецыяльную адукацыю, — удакладніў Уладзімір Кухараў. — Сёння каледжы замацаваныя за профільнымі прадпрыемствамі, якія аказваюць ім дапамогу ў развіцці матэрыяльна-тэхнічнай базы, распрацоўцы новых праграм».
«Гасподзь нас сур’ёзна праверыў»
Звяртаючыся да міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Юрыя Горлава, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што з кіраўніком ведамства яны сустракаюцца і размаўляюць часта. Асабліва гэта датычыцца сёлетняй зімы.
«Як бачыш, недарэмна напружваў я і вобласці, і краіну, і вас, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Асабліва з зімоўкай жывёлы. І Гасподзь нас сур’ёзна праверыў. Таму першае пытанне — якая сітуацыя цяпер у сельскай гаспадарцы? Асабліва з захаванасцю жывёлы. Што насцярожвае? Гэта самае важнае пытанне. Якія рэгіёны ў нас наперадзе, а якія адстаюць? І самае галоўнае — прычына таго, што мы дзесьці не спрацоўваем?»
Акрамя таго, беларускі лідар удакладніў, як вырашаюцца задачы, пастаўленыя ім па аднаўленні райаграсэрвісаў, сельгасхімій, будаўнічых арганізацый у кожным раёне.
«Каб у старшыні райвыканкама (ты працаваў старшынёй райвыканкама, ведаеш, што гэта такое) у руках быў пэўны інструмент для таго, каб не проста сядзець у кабінеце і «рукамі вадзіць» — кіраваць кімсьці, — патлумачыў важнасць гэтага пытання Прэзідэнт. — А каб у яго быў інструмент, каб на нешта ўплываць і аказваць дапамогу, падтрымку».
Па словах кіраўніка дзяржавы, шэраг раёнаў гэтыя задачы вырашылі. «І па вясне, вядома, мы паедзем туды і запросім адпаведных службовых асоб, каб яны разумелі, як трэба зрабіць, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Краіну, дзе патрэбна, трэба аднавіць. Гэта датычыцца прадпрыемстваў. А дзе трэба — наноў стварыць. Якая абстаноўка ў гэтым плане?»
Даслоўна
«Захаваць жывёлу мы абавязаны»
У размове з журналістамі міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый ГОРЛАЎ звярнуў увагу на тое, што такая зіма, як сёлета, павінна быць у Беларусі кожны год. Па яго словах, марознае снежнае надвор’е вельмі пазітыўна ўплывае на захаванасць пасеваў.
«Вядома, мы павінны быць гатовы ў любы час і да захаванасці жывёлы, — дадаў кіраўнік ведамства. — Па выніках 2025 года мы знізілі падзеж буйной рагатай жывёлы. Няхай нязначна, але ідзе тэндэнцыя да зніжэння. Бягучыя замаразкі ўнеслі невялікую карэктыву, але мы зрабілі высновы з першых моцных маразоў. Цяпер зноў чакаецца паніжэнне тэмпературы. Ва ўсіх рэгіёнах, ва ўсіх абласцях краіны мы правялі работу над памылкамі».
Па словах міністра, адносна да ўзроўню мінулага года адзначаецца павелічэнне падзяжу жывёлы ў Мінскай, Віцебскай і Гродзенскай абласцях, у іншых абласцях таксама гэта праблема існуе. «Упэўнены, што на працягу года мы дадзеную сітуацыю выправім, — падкрэсліў Юрый Горлаў. — Але на гэта патрэбен час. Патрэбен час, каб уся краіна перайшла на новы метад утрымання цялят».
Новы метад, па словах кіраўніка Мінсельгасхарча, заключаецца ў стварэнні камфортных умоў знаходжання для маладняку. «Калі восенню 70 тысяч цялят знаходзіліся ў індывідуальных хатках па метадзе халоднага вырошчвання, то цяпер амаль уся жывёла пераведзена ў будынкі, як таго патрабаваў кіраўнік дзяржавы, — канкрэтызаваў ён. —Засталася невялікая частка маладняку, якую немагчыма было перавесці ў памяшканні. Мы ўцяплілі гэтыя домікі, стварылі камфортныя ўмовы».
Адпаведныя ўмовы, па яго словах, былі створаны і для працы людзей. «Мы бачым, што ў гэты перыяд нагрузка на аднаго аператара па абслугоўванні цялят высокая, — канстатаваў Юрый Горлаў. — Таму мы дадаткова прыцягваем работнікаў менавіта на паенне цялят, каб у такіх суровых зімовых умовах мінімізаваць усялякія негатыўныя наступствы. Кожны чалавек разумее, якую адказнасць ён нясе і якога выніку неабходна дасягнуць. Няхай мы, магчыма, менш атрымаем сярэднясутачнай прывагі, але захаваць жывёлу мы абавязаны».
Пры гэтым, як заўважыў міністр, ёсць і пэўныя парушэнні. «Але на тое ёсць спецыялісты, і Мінсельгасхарча ў тым ліку, — удакладніў ён. — Мы кожны тыдзень маніторым гэтыя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы і аператыўна ўносім тыя ці іншыя змяненні».
«Найлепш сродкі ўкладваць у справу»
Падрабязнасці даклада Прэзідэнту генеральнага дырэктара ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі»
Размова ў кабінеце беларускага лідара датычылася дзейнасці і перспектыў развіцця прадпрыемства («махіны», як заўважыў Аляксандр Лукашэнка), якім кіруе Уладзімір Лук’янаў.
Гендырэктар агракамбіната «Дзяржынскі» далажыў Прэзідэнту аб тым, што землі і вытворчасці прадпрыемства размешчаны на тэрыторыі дзевяці раёнаў Мінскай вобласці. Ён праінфармаваў, што ў цяперашні час разглядаецца пытанне аб далучэнні да агракамбіната Аршанскага мясакамбіната, у склад якога ўваходзіць яшчэ 4 прадпрыемствы, што размяшчаюцца ў Талачынскім і Аршанскім раёнах.
«Трэба вам сур’ёзна над гэтым падумаць, — парэкамендаваў Прэзідэнт. — Самае галоўнае, каб вам не ўпіхнулі дадаткова нешта. Бо прадпрыемства ў вас вялізнае. Усяго колькі земляў?»
«130 тысяч (гектараў. — „Зв.“)», — удакладніў Уладзімір Лук’янаў.
«У нас нават раёна такога, напэўна, у краіне няма, а ў вас столькі земляў і вытворчасць, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Я так разумею, у мінулым годзе вы спрацавалі паспяхова, не стратна».Кіраўнік прадпрыемства пацвердзіў, што спрацавалі паспяхова. Ён расказаў, што, акрамя вырошчвання птушкі і буйной рагатай жывёлы, у агракамбінаце займаюцца глыбокай перапрацоўкай, рэалізацыяй прадукцыі, а таксама вытворчасцю камбікармоў.
Прэзідэнт лічыць вельмі важным, што такое буйное прадпрыемства забяспечвае сябе кармамі.
«Таму мы паціхеньку далучаем землі, павялічваем выручку, прыбытак за кошт гэтай выручкі, далучаем гэтыя прадпрыемствы», — патлумачыў Уладзімір Лук’янаў. Ён дадаў, што ў лютым да прадпрыемства далучыцца яшчэ і Слуцкі мясакамбінат. Даўгі, якія маюцца за гэтым прадпрыемствам, агракамбінат «Дзяржынскі» бярэ на сябе.
«Але ты глядзі, калі ты Слуцкі мясакамбінат забіраеш сабе (так, ты свае аб’ёмы будзеш перапрацоўваць), каб сыравінная зона, якая ў яго ёсць, не выпадала, — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы. — Так, яна табе і патрэбна будзе, каб загрузіць гэты камбінат. Гэта па-першае. Па-другое, важна, каб у гаспадара быў пэўны запас грошай, загашнік пэўны або заначка. Гэта зразумела. Але назапашваць грошы цяпер, каб яны мёртвым грузам ляжалі, нават на рахунках у банку, не трэба».
Па словах Прэзідэнта, найлепш сродкі ўкладаць у справу. «Мы будзем вас да гэтага стымуляваць, — удакладніў ён. — Тым больш дзяржаўных людзей і дзяржаўныя прадпрыемствы. Ды і прыватныя. Яны ж да нас таксама звяртаюцца па падтрымку, дапамогу. Ну дык давайце вырашайце дзяржаўныя пытанні. Таму трэба ўкладвацца. А куды ўкладвацца?»
У якасці варыянту, куды ўкладваць сродкі, беларускі лідар прапанаваў прадпрыемствы, калгасы, саўгасы. «Бо адтуль кармы і адтуль збожжа, якое для тваёй птушкі трэба будзе, — патлумачыў Аляксандр Лукашэнка. — Ну калі там свініна будзе і яшчэ нешта... Гэта ж збожжа. Ты ж не накорміш свіней і асабліва птушку там сенам, саломай або сіласам, сенажом. Трэба будзе збожжа. Таму трэба ўкладвацца».
Прэзідэнт даў высокую ацэнку агракамбінату «Дзяржынскі» за тое, што ён развіваецца. «Махіна вядома, рэнтабельна працуеш», — адзначыў кіраўнік дзяржавы і дадаў, што трэба вельмі асцярожна ісці на далучэнні да прадпрыемства іншых вытворчасцяў.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што з далучэннем стратных прадпрыемстваў Уладзімір Лук’янаў дапаможа ім у развіцці. «Арганізацыйна, я ўпэўнены, ты прымусіш і Аршанскі, і Талачынскі раёны працаваць так, як трэба, — лічыць кіраўнік дзяржавы. — Можа, нават і не трэба разбураць гэту інтэграцыйную структуру. Што тут дрэннага? Пэўны мясакамбінат, вакол яго прадпрыемства. Так, яны слабыя, гэтыя прадпрыемствы. Дык трэба прымусіць, каб яны працавалі і былі моцнымі».
Прэзідэнт парэкамендаваў, каб Уладзімір Лук’янаў узяў пад кантроль пэўную інтэграцыйную структуру, у прыватнасці, на захадзе Віцебскай вобласці. Падобны вопыт, па словах кіраўніка дзяржавы, ёсць.
Гаворачы аб патэнцыяльнай кандыдатуры гендырэктара агракамбіната «Дзяржынскі» для работы ва ўрадзе, Прэзідэнт адзначыў, што перашкаджаць не будзе, бо Уладзімір Лук’янаў гэтага заслужыў. «Калі ён не хоча, то мы настойваць маглі б толькі тады, калі б ён не цягнуў гэту структуру, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Было б няшчыра і несправядліва, калі я прызначу чалавека супраць яго жадання. Ён, вядома, пагодзіцца. Але я не хачу так дзейнічаць, бо ў вас яшчэ ёсць патэнцыял і вы можаце быць карыснымі на канкрэтнай вытворчасці. Гэта добра, калі душа ляжыць у чалавека да яго работы».
«Усе застаюцца на сваіх месцах і пасадах»
Кандыдатуры ўсіх дакладчыкаў, з якімі Прэзідэнт па шырокім спектры пытанняў правёў сур’ёзную размову, прапаноўваліся для кадравых прызначэнняў. Адпаведныя прапановы Аляксандрам Лукашэнкам не былі падтрыманы. Аб гэтым журналістам расказала прэс-сакратар беларускага лідара Наталля ЭЙСМАНТ.
Па словах прэс-сакратара, гэта адзін з самых важных фінальных момантаў працоўнага дня Прэзідэнта. «Па ўсіх запрошаных сёння на гутарку да кіраўніка дзяржавы былі просьбы ўрада і прапановы Адміністрацыі Прэзідэнта аб перамяшчэнні іх на іншую работу, — удакладніла Наталля Эйсмант. — Па выніках праведзеных размоў Прэзідэнтам гэтыя прапановы былі адхілены. З іх (запрошаных у Палац Незалежнасці 29 студзеня. — „Зв.“) згоды ўсе застаюцца на сваіх месцах і пасадах».
Прэс-сакратар Прэзідэнта звярнула ўвагу на тое, што з кожным з дакладчыкаў кіраўнік дзяржавы правёў мужчынскую размову. «Плюс, вядома, у абавязковым парадку ўлічваў і тое, што кожны з запрошаных на гутарку дастаткова добра спраўляецца са сваімі абавязкамі па цяперашнім месцы працы», — удакладніла Наталля Эйсмант.
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА