Top.Mail.Ru

Аляксандр Лукашэнка: «Я шчаслівы, што мы захавалі нашу краіну як машынабудаўнічую»

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка неаднаразова казаў, што такія прадпрыемствы, як МАЗ, МТЗ, БелАЗ, Мотавелазавод, Гомсельмаш і іншыя прамысловыя гіганты — гэта брэнд краіны. Больш за тое, на што таксама часта звяртае ўвагу кіраўнік дзяржавы, гэта ўнікальныя школы, найважнейшыя кампетэнцыі, якія беларусы захавалі яшчэ з савецкіх часоў і якія ўносяць вялікі ўклад у эканоміку. Таму яны пастаянна знаходзяцца ў цэнтры ўвагі. І дзяржава не шкадуе сродкаў на іх мадэрнізацыю і ўдасканаленне, з галоўным патрабаваннем — даць вынік.


На мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка наведваў Мотавелазавод, які са стварэннем на яго тэрыторыі Мінскага гарадскога тэхнапарка набыў новае дыханне. А ў аўторак Прэзідэнт прыехаў на Мінскі аўтамабільны завод, у гісторыі якога сёлета таксама пачалася новая старонка. На МАЗе створана новая аўтобусная вытворчасць. Але толькі гэтай тэмай візіт Прэзідэнта не абмежаваўся. 

Гэта рэклама не толькі аўтазаводу, але і ўсёй краіне

Найперш кіраўнік дзяржавы сустрэўся з тымі, хто робіць брэнд МАЗ знакамітым на ўвесь свет — з камандай «МАЗ-СПОРТаўта». З моманту свайго стварэння ў 2010 годзе, каманда ўдзельнічала ў 54 міжнародных і рэспубліканскіх гонках, у 34 з іх станавілася прызёрам ці пераможцам. У 2023 годзе «МАЗ-СПОРТаўта» выйграла ўсе гонкі, у якіх удзельнічала. Як адзначыў кіраўнік каманды Сяргей Вязовіч, гэта быў пік іх формы. У 2024 годзе каманда крыху здала свае пазіцыі — у асноўным займала другія ці трэція месцы. «Калі будзеце перамагаць? Чым больш увагі, тым меншы вынік», — заўважыў Прэзідэнт. Сяргей Вязовіч адказаў, што ў спорце заставацца на піку пастаянна вельмі складана. «Мы моцна перааснасцілі нашу тэхнічную базу. Гэта таксама немалаважна», — заўважыў ён. Сяргей Вязовіч адзначыў, што зараз распрацоўваюцца новыя стратэгіі падрыхтоўкі, бо пад старыя сапернікі ўжо падстроіліся.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў свой час па яго даручэнні звярнулі ўвагу на каманду і на тое, што было неабходна для яе развіцця. Адпаведнае даручэнне было дадзена міністру прамысловасці. «Я яму сказаў: «Будзеш капітанам гэтай каманды. Што хочаш рабі, але дапамагай хлопцам!» — расказаў Прэзідэнт. Зараз мінпрам узначальвае Аляксандр Яфімаў, якому кіраўнік дзяржавы даручыў курыраваць гэта пытанне. «Малады хлопец, беларус сапраўдны. Вось табе новы капітан. Павінен дапамагаць. Нам трэба ўдзяліць неабходную ўвагу. Калі нешта трэба, скажы», — сказаў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да начальніка каманды.  

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, з чым звязана такая ўвага да спартыўнай каманды: «Калі на міжнародных экранах ва ўсім свеце МАЗ — усе пачынаюць думаць, а што гэта за завод, які „забівае“ ўсіх на трасе. Гэта — наш МАЗ, наш гонар. Гэта рэклама. І рэклама не толькі аўтазаводу, але і ўсёй краіне, і ўсёй аўтамабілебудаўнічай галіне Беларусі. Вось у чым мой інтарэс». Прэзідэнт таксама звярнуў увагу, што каманда павінна падрыхтаваць сабе годную замену. Аляксандр Яфімаў падкрэсліў, што такая задача стаіць і ў бліжэйшыя тры гады будуць падрыхтаваныя два-тры экіпажы, якія будуць дыхаць у спіну «МАЗ-СПОРТ-аўта».   

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што змена пакаленняў часта становіцца вялікай праблемай для многіх відаў спорту. «Таму трэба рыхтаваць змену, — упэўнены Аляксандр Лукашэнка. — Я зараз увесь кажу пра змену пакаленняў. Наступная наша з вамі пяцігодка — каб нашых дзяцей падняць, каб яны краіну ўзялі і панеслі далей. Вось наша з вамі задача». Па словах кіраўніка дзяржавы, важна, каб сыходзячае пакаленне не сапсавала жыццё будучаму.   

Прэзідэнту паказалі імправізаваны бівак — месца размяшчэння каманды ў пустыні падчас гонак. МАЗ вырабляе аўтадамы, у якіх жывуць экіпажы. У такіх машынах створаны ўсе ўмовы, каб экіпажу і камандзе было зручна: каюты, душ, кухня, гарачая вада. Не курорт, але ў пустыні камфортна. Аляксандр Лукашэнка агледзеў размяшчэнне каманды і азнаёміўся з тэхнікай. Сяргей Вязовіч і члены каманды падрабязна расказалі пра нюансы камплектацыі і абслугоўвання гоначных аўтамабіляў — усё прадумана да дробязяў. У камандзе працуе шэсць канструктараў, якія прыслухоўваюцца да досведу членаў экіпажа і ўлічваюць іх пры праектаванні новых мадэляў. Важны момант — у гоначных грузавіках выкарыстоўваецца шмат дэталяў і вузлоў, якія ёсць і на штатных серыйных аўтамабілях. Умовы, праз якія праходзяць аўтамабілі, перагрузкі, якія яны вытрымліваюць, паказваюць усе перавагі і недахопы дэталяў і вузлоў, што вельмі важна для вытворчасці. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што члены экіпажа, якія правяралі машыны ў самых розных умовах павінны актыўна супрацоўнічаць з канструктарамі завода, падказваць ім, даваць парады. Генеральны дырэктар МАЗ Валерый Іванковіч адзначыў, што такое ўзаемадзеянне наладжана, члены каманда «МАЗ-СПОРТаўта» задзейнічаны ва ўсіх вытворчых працэсах, удзельнічаюць у розных сацыяльных і масавых мерапрыемствах. 

Аляксандр Лукашэнка настолькі зацікавіўся, што захацеў асабіста правесці тэст-драйв спартыўнага МАЗа: «Я гляджу на ваш аўтамабіль. Цікава было б праехаць дзе-небудзь у кар’еры». «Як толькі будзем гатовы, дадзім знаць», — адказаў Сяргей Вязовіч.

Прэзідэнт паабяцаў, што камандзе «МАЗ-СПОРТ-аўта» будзе аказана ўсялякая падтрымка, будуць створаны ўсе ўмовы. Пры адной умове — калі будзе вынік і перамогі. У час наведвання размяшчэння каманды «МАЗ-СПОРТаўта» Прэзідэнту таксама падарылі камандную форму. І папрасілі пакінуць аўтограф на камандных фотаздымках, адзін з якіх застанецца на памяць камандзе, а другі стане экспанатам у музеі Палаца Незалежнасці. 

«Нядрэнна ж пабудавалі. Умеюць»

У 2023 годзе МАЗ пачаў рэалізацыю інавацыйнага праекта па рэканструкцыі аўтобуснага завода з будаўніцтвам новага вытворчага корпуса і павелічэннем вытворчых магутнасцей да трох тысяч адзінак тэхнікі за год. Праектам прадугледжана стварэнне трох аўтаномных ліній па вытворчасці пасажырскай тэхнікі, будаўніцтва боксаў для дыягностыкі, наладкі і здачы аўтобусаў, арганізацыя спецыялізаванага зварачна-нарыхтоўча-механічнага цэха, стварэнне складской гаспадаркі. Увесці ў эксплуатацыю аўтобусны завод плануецца да красавіка 2025 года. Чакаецца, што гэта дасць магчымасць удвая павялічыць магутнасці МАЗа па вытворчасці пасажырскай тэхнікі, забяспечыць развіццё новага сямейства пасажырскай тэхнікі, нарасціць экспартны патэнцыял да 1,5 тысяч адзінак у год і стварыць 331 новае высокатэхналагічнае і высокапрадукцыйнае працоўнае месца.

З новай вытворчасцю Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся асабіста. «Гэту пляцоўку мы пабудавалі з нуля за паўтара года. Усё абсталяванне ўстаноўлена, працуе, персанал набраны. Тут павінны працаваць 1223 чалавекі. Сёння 431 чалавека пераводзім з дзеючай вытворчасці, далей мы склалі графік: да канца года (1 студзеня 2026 года мы павінны будзем выйсці на стопрацэнтную загрузку дадзенага вытворчага комплексу) штат будзе ўкамплектаваны», — далажыў генеральны дырэктар МАЗа Валерый Іванковіч.

«Нядрэнна ж пабудавалі. Умеюць», — ацаніў вытворчую пляцоўку Прэзідэнт. Як расказаў Валерый Іванковіч, на гэтай пляцоўцы знаходзіцца ўвесь тэхналагічны працэс — ад першага элемента да гатовага аўтобуса. Да гэтага у адным месцы рэзалі, у другім — зварвалі, у трэцім — збіралі. Пры нейкім форс-мажоры, збоі з камплектуючымі вырабы выцягвалі на вуліцу, незалежна ад умоў надвор’я і зацягвалі назад. Не заўсёды гэта было зручна. «А зараз мы будзем працаваць так, як усе сусветныя кампаніі. Гэта пляцоўка сусветнага ўзроўню. У нас тры падрыхтоўчыя лініі, і па іх мы можам весці адразу тры тыпы аўтобусаў. Тое, што ў нас тэхналагічна не атрымлівалася ў сённяшніх умовах», — адзначыў дырэктар МАЗ.

«Ва ўсім свеце так, ці робаты працуюць?» — спытаў кіраўнік дзяржавы. Валерый Іванковіч растлумачыў, што робаты працуюць, калі ёсць дзве асноўныя ўмовы: аднатыпнасць і аб’ём. «Мы гэта пытанне прадумвалі. Калі мы выйдзем у вузкую прафілізацыю, то ўсталюем робатаў. Магчымасці дазваляюць», — дадаў ён. 

Ідэі для інвестпраграмы

Асобную ўвагу Прэзідэнт звярнуў на вытворчасць нарыхтоўчых матэрыялаў. Напрыклад, профільныя трубы на прадпрыемствы, пастаўляе Маладзечанскі трубапракатны завод, дзе хутка будуць асвойваць і новыя віды прадукцыі. Па меркаванні кіраўнік дзяржавы, гэты праект мог бы ўвайсці ў дзяржаўную інвестыцыйную праграму. «Падобная прадукцыя з металу нам патрэбна будзе, гэта дэфіцыт нейкі ўжо. Таму вось яшчэ адзін праект. І не трэба выдумляць для дзяржінвестпраграмы нейкія праекты — вось ён. Ім трэба паглыбляцца. І як толькі мы прыйдзем да таго, што нам трэба будзе жалезная руда, вось тады мы будзем за межамі краіны шукаць радовішчы, укладваць грошы і сумесна адліваць зыходныя нарыхтоўкі. Я не хачу называць краіны, але такія ўжо ёсць. Але мы да гэтага яшчэ не прыйшлі. Вось як мы ўпромся ў гэта, так я вам падкажу, дзе мы будзем нешта ствараць. Вось так трэба паглыбляцца, а не прыдумваць нейкія завоблачныя тэхналогіі і вырабы», — адзначыў ён. 

Яшчэ адна тэма, якую закрануў Прэзідэнт, — вытворчасць электратранспарту. Ён падкрэсліў, што ў Беларусі ўжо ёсць электратранспарт ад легкавога да пасажырскага і грузавога. Зарадныя станцыі таксама ёсць. Але, арыентуе Аляксандр Лукашэнка, трэба пашырацца і паглыбляцца. Усе тралейбусы ў нас аснашчаны магілёўскімі электрарухавікамі. Мы ўжо тры гады з імі працуем«, — адзначыў Валерый Іванковіч.

«Вось яшчэ для інвестпраграмы адна тэма — вытворчасць электрарухавікоў. Ужо ёсць школа, ужо ёсць людзі, якія гэта разумеюць. Трэба ў гэтым плане паглыбляцца, і гэта сёння трэба, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Будзе попыт, будзе патрабаванне — зробім добры рухавік і ячэйкі для акумулятарнай батарэі зробім, не будзем купляць і збіраць у сябе».

«Калі дзве тысячы дадасце, тады не будзе праблем» 

Пасля агляду цэхаў Прэзідэнт сустрэўся з людзьмі, для якіх яны і ствараліся. Аляксандр Лукашэнка прызнаўся завадчанам, што ўзгадаў сваё папярэдняе наведванне прадпрыемства. «Вы тады працавалі хоць і ў цяпле, але ў нейкіх жудасных умовах», — сказаў ён. Прэзідэнт нагадаў аб сваім абяцанні пабудаваць новы завод, калі будзе попыт на прадукцыю. Мазаўцы не падвялі — сталі ствараць і актыўна прадаваць аўтобусы не толькі на знешніх, але і на ўнутраных рынках. «Я падумаў, што вы малайцы, і вы заслужылі свой завод па вытворчасці аўтобусаў», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. У 2025 годзе плануецца вырабіць і прадаць 2300 аўтобусаў, грузавікоў каля 15 тысяч. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што гэта нядрэнна і параіў дабаўляць у вытворчасці аўтобусаў. «Калі дзве тысячы дадасце, тады не будзе праблем ні ў нас, ні ў вас, ні ў вашых дзяцей. У вашых дзяцей не будзе праблем з работай гэта дакладна», — адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што будзе вельмі рады, калі яго прэзідэнцкі жыццёвы праект,— захаванне прамысловых гігантаў будзе рэалізаваны. Ён расказаў, што на пачатку сваёй прэзідэнцкай кар’еры паабяцаў сабе захаваць усё тое, што было напрацавана папярэднімі пакаленнямі. МАЗ, БелАЗ, Магілёўліфтмаш і шэраг іншых прадпрыемстваў, на прадукцыю якіх сёння ёсць попыт, былі захаваны дзякуючы таму абяцанню. 

«Калі я бачу аўтамабіль МАЗ, аўтобус, тралейбус — гэта гонар. І я шчаслівы, што мы захавалі нашу краіну як машынабудаўнічую, — прызнаўся Прэзідэнт. І адзначыў, што сёння ў нас толькі адно пытанне — як рухацца далей. 

«Мы павінны ўдасканальваць тое, што мы ўмеем і ўкладваць грошы ў гэта»

Аляксандр Лукашэнка успомніў нядаўнюю нараду аб дзяржаўнай інвестыцыйнай праграме, на якой абмяркоўвалася пытанне, куды ўкладваць грошы. На ёй кіраўнік дзяржавы падкрэсліваў, што офісаў, сацыяльных аб’ектаў у краіне пабудавана больш чым дастаткова. І агучыў галоўнае патрабаванне — празмернасцяў быць не павінна. «А чаго мы мудрым, што мы там выдумляем? Бачым, што ў вас тэндэнцыя добрая па вытворчасці аўтобусаў —, наце вам завод. За паўтара года выдалі. І заўтра-паслязаўтра, вобразна кажучы, тут павінны працаваць людзі, — адзначыў беларускі лідар. — Гэта значыць, мы ўмеем рабіць усё. Патрэбна пэўная дысцыпліна, каб была якасць. І трэба эканоміць». 

Вяртаючыся да інвестыцыйнай праграмы, кіраўнік дзяржавы заявіў, што не трэба нічога прыдумляць. Трэба рабіць тое, што мы ўжо ўмеем рабіць на пэўным узроўні. Бо калі база ўжо ёсць, то лягчэй паднімацца да вышынь. «Мы павінны паглыбляцца. Мы павінны ўдасканальваць тое, што мы ўмеем і ўкладваць грошы ў гэта», — заявіў кіраўнік дзяржавы. Ён заўважыў, што ў Беларусі ёсць добрыя спецыялісты, зборшчыкі, канструктары і іншыя, якія могуць сабраць усё аж да касмічнага апарата і атамнай бомбы. Пытанне ў часе і ў грошах. І галоўнае пытанне, ці сапраўды гэта патрэбна краіне і яе народу. Таму, перакананы Аляксандр Лукашэнка, трэба ўкладвацца ў прадукцыю, патрэбную людзям і ў тое, што беларусы ўжо ўмеюць. У прыклад ён прывёў прадукты харчавання, у вытворчасці якіх беларусы атрымалі поспех настолькі, што якасць нашых прадуктаў шануюць ва ўсім свеце.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што попыт на знешніх рынках непасрэдна залежыць ад якасці і забываць аб гэтым нельга, таму што якасць робіць прадукцыю канкурэнтнаасаблівай. МАЗа гэта таксама тычыцца. Прэзідэнт заўважыў, што такую прадукцыю робяць у дзясятках краін, таму трэба пастаянна канкурыраваць. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэна адзначыў, што больш увагі трэба ўдзяляць электрычнаму транспарту. Напрацоўкі ў гэтым плане ўжо ёсць. Дзякуючы рабоце атамнай электрастанцыі хапае і электраэнергіі. «У нас сёння нават невялікі лішак электраэнергіі. Але ў будучыні гэтага можа не хапіць. Таму мы ў бліжэйшы час абмяркуем з Прэзідэнтам Расіі пытанне будаўніцтва другой атамнай станцыі на тэрыторыі Беларусі. Ці пашыраць будзем тую ў Астраўцы, ці ў нас ёсць іншая міжнародна прызнаная пляцоўка на поўдзень ад Магілёва, дзе можна пабудаваць гэтую станцыю», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу, што ў Беларусі будуюцца жылыя дамы з электрычным падагрэвам, жыхары такіх дамоў вельмі задаволеныя. «Калі мы пабудуем другую станцыю, мы поўнасцю забяспечым людзей і па транспарце, і па жыллі. Таму на гэта будзем арыентавацца», — заявіў беларускі лідар.

«Кожны з нас павінен рабіць сваю справу»

Прэзідэнт падзяліўся сваімі ўражаннямі ад знаёмства з прыватнымі прадпрыемствамі-рэзідэнтамі Мінскага гарадскога тэхнапарка, які наведваў на мінулым тыдні. Ён заявіў, што дзяржава будзе дапамагаць іх тыражаваць, калі на прадукцыю будзе попыт. Акрамя таго, у рамках даручэння «Адзін раён — адзін праект» актыўна ствараюцца новыя прадпрыемствы, ствараюцца новыя працоўныя месцы. «Трэба ўдасканальвацца», — арыентуе ўсіх кіраўнік дзяржавы. «Такім чынам, зыходзячы з досведу нашай з вамі працы, мы стоячы на плячах нашых гігантаў, працягваем выбудоўваць нашу эканоміку. Ніякай ломкі не павінна быць. Усё з нечага вырастае», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Зрэшты, падкрэсліў ён, часам і трэба зламаць нешта старое, каб на яго месцы пабудаваць нешта новае. Добры прыклад — старыя фермы, на месцы якіх з’яўляюся сучасныя малочнатаварныя комплексы. «Будзем паціху рухацца. Але што для гэтага трэба, банальна паўтару ў чарговы раз, — кожны з нас павінен рабіць сваю справу. Вы на сваім працоўным месцы робіце тое, што належыць, я — на сваім. Калі мы будзем рабіць, і не проста рабіць, а спраўляцца з гэтай работай, мы будзем жыць нармальна, без вайны», — заявіў Прэзідэнт. Усім, хто любіць вінаваціць іншых у няўдачах, ён параіў устаць перад люстэркам і спытаць сябе: што ты зрабіў? «На сябе паглядзі — мая вам парада. Непапулярна ў прэзідэнцкую кампанію, але, тым не менш, без папулізму. Заўсёды трэба паглядзець на сябе. Гэта таксама мой прынцып», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Забароны заўсёды не на карысць. Трэба перамагчы»

Адзін з супрацоўнікаў завода падзяліўся сваімі апасеннямі наконт таго, што сёння моладзь стараецца стаць блогерамі, айцішнікамі і зусім не цікавіцца рабочымі спецыяльнасцямі, што ў будучым можа прывесці да дэфіцыту кадраў. 

Прэзідэнт прызнаўся, што насцярожанасць такая ёсць. Але ў той жа час, паводле яго слоў, у Беларусі гэтая праблема стаіць не так востра, як у іншых краінах.«Вось гэтыя „інтэрнэт-сядзячыя“, блогеры і іншыя — яны займаюцца гэтай справай, пакуль на іх ёсць попыт. Вы думаеце, кожны дзень блогеры растуць і растуць? Не. Дзясятак сышоў — двое прыйшло. На іх ёсць попыт, яны штосьці пішуць, малююць, што цікавіць нас — мы зазірнулі, у іх прагляды павялічыліся, яны з рэкламы атрымліваюць. Калі іх не чытаць, яны сыходзяць», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. 

Ён адзначыў, што зараз краіне найперш патрэбныя людзі, якія ствараюць рэальны прадукт, задзейнічаныя ў рэальным сектары эканомікі. І тут праблема куды больш сур’ёзная, чым блогеры. Напрыклад, па словах Прэзідэнта, трэба разабрацца з тымі, хто не працуе. А такіх людзей нямала, нават у сталіцы. Трэба вырашыць пытанне працаўладкавання мігрантаў. Але, паставіў задачу беларускі лідар — кіраўнікі на прадпрыемствах павінны вельмі ўважліва ставіцца да такіх кадраў, разглядаючы кожнага. І браць на працу толькі тых, хто сапраўды зможа і будзе працаваць, а не ствараць праблемы. Такім людзям у Беларусі рады. 

Што тычыцца блогераў, то Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што гэта невялікая праблема. Зараз яны актыўна ўдзельнічаюць у мерапрыемствах «Марафону адзінства», адкрываюць для сябе і сваіх падпісчыкаў Беларусь. Таму, па словах Прэзідэнта, зараз не варта прымаць нейкія жорсткія меры ў гэтым плане. Забароны заўсёды не на карысць. «Трэба перамагчы. Трэба даказаць, што мы лепшыя. Калі пра нас дрэнна пішуць, нам трэба паказваць сваё, добрае, як мы робім на „Марафоне адзінства“. Гэта цяжэй, але важней. Гэта будзе ў сэрцы і ў мазгах кожнага чалавека», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Разам з тым, заявіў ён, калі нешта трэба будзе забараніць дзеля бяспекі, захавання краіны, гэта будзе зроблена. Але зараз у гэтым няма неабходнасці. 

«Многія, я чытаю, папісваюць, асабліва нашы гэтыя ачмурэлыя за мяжой: «Вось, ён тут перад выбарамі, у выбары хоча закрыць інтэрнэт». Я пачынаю абтэлефаноўваць адказных, членаў урада: «Хлопцы, вы, можа, дзесьці штосьці языком ляпнулі?» — «Не. Мы не маем права». Я гавару: «Глядзіце, без майго ведама гэтага не рабіце», — расказаў Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, улада ніколі не думала аб закрыцці інтэрнету. Тым больш, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, там ёсць і шмат чаго карыснага. 

«Мы больш жартаваць са сваёй дзяржавай, а я з вамі не маем намеру»

Тэма выкарыстання інтэрнету працягнулася і ў наступным пытанні. У Прэзідэнта спыталі, ці можна неяк разабрацца з хлуснёй і дэзінфармацыяй у інтэрнеце і спыніць гэта. «Можам спыніць усё што заўгодна. Мы больш жартаваць са сваёй дзяржавай, а я з вамі не маю намеру. Таму што гэта можа прывесці да цяжкіх узрушэнняў. Ну хто ў нас у Беларусі ў гэтым не пераканаўся пасля 2020 года? Я казаў тады: не спяшайцеся, пройдзе час — ён расставіць усё на свае месцы», — адказаў Прэзідэнт. Ён нагадаў, што былі моманты, калі прыходзілася нешта спыняць і на гадзіну-другую адключаць «ашалелых блогераў». Але па словах, кіраўніка дзяржавы, тады была такая неабходнасць. «Гэта былі мае функцыі, я прымаў гэтыя рашэнні. Часам разумеючы, што вы гэтага не зразумееце. Думаю, міне час, — вы ў гэтым пераканаецеся, — адзначыў ён. — Прышчэпку атрымалі. Ну а што цяпер? Цяпер вы дакладна разумееце: вось гэта (тая ці іншая інфармацыя ў інтэрнеце) — хлусня, у нас гэтага няма». 

Як заўважыў Прэзідэнт, палова з тых, хто з’ехаў, сёння хоча вярнуцца назад. «Калі ласка. Гэта ваша зямля. Можа, вы адурэлі, ачумелі ў свой час, занялі такую пазіцыю. Чалавеку трэба заўсёды даваць шанц. Калі ласка — вяртайцеся. Але да Шведа — генеральны пракурор. Створана камісія з прадстаўнікоў рабочых, сялян, СМІ, якія бачылі, што тварылі ў 2020 годзе», — сказаў ён. Кіраўнік дзяржавы зрабіў акцэнт на тым, што кожны павінен адказваць па закону, асабліва, калі «ламаў, крышыў, наперадзе бег і за сабой клікаў, з сякерай кідаўся». «Трэба ўмець дараваць. Але тым, каму можна дараваць. І прытым не я павінен дараваць, хаця я па Канстытуцыі маю права памілаваць любога чалавека. Але я за гэта не ўзяўся. Таму што яны вам стваралі нязручнасці, яны ваша ламалі, яны вас спрабавалі зганьбіць. Ну дык вы прыміце рашэнне і мне даложыце. Будзе станоўчае рашэнне — я падпішу ўказ. Не — значыць не. Таму мы акуратна ставімся да гэтых людзей», — адзначыў беларускі лідар. 

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што не ўсё ідэальна, хапае і праблем. Ён заклікаў глядзець на рэчы рэальна, а не верыць укідам у інтэрнеце, тым больш ад тых, хто з’ехаў за мяжу. «Тыя, хто чытае гэтыя опусы збеглых і радуецца, — гэта значыць чалавек не перавыхаваўся. Ён якім быў да 2020 года, такім і застаўся. Але гэтыя людзі ёсць у любым грамадстве», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што з гэтым трэба не змагацца, а перамагаць. «І калі мы змагаемся не іх жа, дапусцім, метадамі, а на іх полі і перамагаем — гэта самае каштоўнае. А закрыць рот можам. Але толькі заўсёды трэба задаваць пытанне: ці трэба сёння і навошта гэта? Пакуль не трэба», — рэзюмаваў Прэзідэнт. 

«Для мяне будзе найважнейшым напрамкам работы свабода чалавека»

«Я вам павінен сказаць, калі мне яшчэ давядзецца працаваць Прэзідэнтам, адным з асноўных маіх напрамкаў будзе тое, каб людзям не закрывалі рот. Каб не было гэтай лішняй заарганізаванасці, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Для мяне будзе найважнейшым напрамкам работы свабода чалавека. Але свабода, як мяне калісьці вучылі: вось ты — асоба, ты свабодны. Але побач плячо аднаго, тут плячо другога. Не штурхай яго. Вось гэта твая свабода, а гэта — яго. І ты яму не перашкаджай». Прэзідэнт адзначыў, што чалавек вольны жыць у сваёй краіне свабодна. Але не перашкаджаючы іншым. «Вось маё патрабаванне. І вы нікому не верце, калі нехта вам прыйшоў, тут рот закрывае, сказаць не дае. Калі ласка. Але адна справа, калі ты сам-насам размаўляеш, іншая справа, калі ты ў калектыве — 5 чалавек — размаўляеш. Трэцяя справа, калі ў цябе калектыў у некалькі тысяч. І чацвёртая справа, калі ты ў тэлевізары ці як блогер вяшчаеш. Ты павінен несці адказнасць, ты сваю інфармацыю выдаеш на мільёны людзей», — заявіў беларускі лідар. Ён падкрэсліў, што адказвае за свае словы, і так павінен кожны. «Гэта называецца ў народзе „жыві свабодна, але не перашкаджай жыць іншаму“. Гэта будзе адзін з напрамкаў. Гэта суразмерна таму, што я заўсёды гавару аб тым, што мы павінны сваё жыццё будаваць без вайны. Гэта — самы прыярытэт», — дадаў Прэзідэнт. Па яго словах, наша краіна павінна быць бяспечнай, таму пытанні бяспекі, абароны — гэта першаступенныя пытанні. Каму патрэбна краіна, дзе бацькі баяцца дзіця выпусціць на вуліцу? — такое рытарычнае пытанне задаў кіраўнік дзяржавы. Ён нагадаў, што такі перыяд быў 90-я гады і прыйшлося прыкласці максімум намаганняў, каб гэта скончыць. Цяпер не тая сітуацыя. Сёння, па словах Аляксандра Лукашэнкі, асноўныя пагрозы на граніцы. І ён папрасіў грамадзян дапамагаць у вырашэнні гэтых праблем: «Калі вы ўбачылі нешта неардынарнае, нешта не тое, праінфармуйце нас, мы праверым». 

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што паблізу нашых граніц прысутнічаюць узброеныя банды, якія не адмовіліся ад ідэі захапіць кавалак беларускай зямлі і ставіць на ім умовы. «Гэтага нельга дапусціць. Таму калі нешта не так, падкажыце нам. Міліцыі, яшчэ камусьці набярыце, падкажыце. У нас рухомая дзяржава. Вы таксама павінны берагчы мір і бяспеку. У гэтых адносінах мы будзем старацца працаваць, але з вашай дапамогай», — адзначыў беларускі лідар.   

«Заўсёды трэба быць шчырым у зносінах з людзьмі і гаварыць праўду»

Безумоўна, пагаварылі і пра выбарчую кампанію. Аляксандр Лукашэнка не раз адзначаў, што ўважліва з ёй не сочыць з-за недахопу часу. Але некаторымі назіраннямі падзяліўся. «Забяспечыць спакой цяпер — мая галоўная задача, — сказаў ён. — Думаю, не, трэба ўсё ж паслухаць альтэрнатыўных кандыдатаў. І неяк выпадкова я ўключаю тэлевізар, — кандыдаты. Я вытрымаў паўтара чалавека, шчыра скажу. Мне спадабаўся Сярожа Сыранкоў. Ну нармальна. Ён гаворыць: вы ведаеце, мы не супраць, мы за, мы разам, і мы будзем жадаць перамогі дзеючаму Прэзідэнту. Таму што тое, што ён робіць, не разыходзіцца з нашай праграмай. Сумленна і шчыра». 

Адзін з кандыдатаў агучыў пытанне нібыта з народа аб аплаце настаўнікам за праверку сшыткаў. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што яму пра гэта не трэба расказваць, і ўвогуле гэта глупства. «Сшытак — гэта зваротная сувязь настаўніка з вучнем. Ці вучня з настаўнікам. Ты даў яму заданне, ён робіць, — ты павінен праверыць, як ты яму даў гэтыя веды, ці здолеў ён. Ці дыктант, ці сачыненне напісаў — што гэта за чалавек, ён засвоіў веды ці не? Калі ў цябе ёсць нейкі іншы метад — калі ласка, карыстайся», — сказаў ён. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што не трэба прымушаць настаўніка рабіць тое, што ён не лічыць патрэбным. Галоўнае — каб дзеці засвоілі веды. Менавіта па гэтым крытэрыі ацэньваюць настаўнікаў. 

«Заўсёды трэба быць шчырым у зносінах з людзьмі і гаварыць праўду — тое, што думаеш. І не хлусіць. А сёння не гаварыць трэба, сёння трэба рабіць. Сёння нам трэба будаваць прадпрыемствы і забяспечваць людзей не проста працай — добрай працай, каб яны менш крыўдзіліся, што ў іх слабая заработная плата. У тых, хто працуе і хто варты большага», — сказаў Прэзідэнт. 

«Калі ты міратворац, працуй на тое, каб войнаў не было. Гэта ты можаш»

Не абмінулі ўвагай і яшчэ адну электаральную кампанію. Праўда, у ЗША. Як вядома, у панядзелак прайшла інагурацыя Дональда Трампа. У Аляксандра Лукашэнкі спыталі меркавання наконт планаў Трампа падпісаць сотню указаў за адзін дзень. Па словах беларускага лідара, у нашай краіне ўсё ідзе ад жыцця. А Трампу давядзецца падпісваць указы, якія адмяняюць указы яго папярэдніка Джо Байдэна. " Калі сёння адзін прэзідэнт прымае ўказы, а другі адмяняе, гэта характарызуе краіну. Не толькі яго самога, але краіну. Значыць, у вас сур’ёзная нестабільнасць. У вас няма галоўнага — пераемнасці«, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён заўважыў, што ў свеце палітыкаў ацэньваюць з пункту гледжання пераемнасці. Зараз гэта асабліва актуальна і для Беларусі, як неаднаразова падкрэсліваў Прэзідэнт, зараз у нашай краіне праходзіць змена пакаленняў. «Жыццё ідзе, яго спыняць нельга. І нават калі будзе іншы Прэзідэнт, ён не павінен у мяне камяні кідаць. Мы павінны пасля сябе прывесці нармальных моцных людзей, каб гэта палітыка, якая вамі падтрымліваецца, працягвалася», — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка ўзгадаў яшчэ адно абяцанне Дональда Трампа — разабрацца з канфліктам ва Украіне. Па яго словах, гэта звязана яшчэ і з любоў амерыканскага лідара да эпатажу.«Калі ты міратворац, працуй на тое, каб войнаў не было. Гэта ты можаш. Таму што амерыканцы заўсёды развязвалі гэтыя войны. Ці падштурхоўвалі да войнаў. Калі ты гэта зробіш — ну, хочаш быць нобелеўскім лаўрэатам — мы таксама цябе падтрымаем, прадставім. Хоць там ужо Нобелеўская прэмія нічога не значыць», — заявіў беларускі лідар. Ён нагадаў і пра абяцанне Трампа ашчаслівіць амерыканскі народ. Але, па словах Аляксандра Лукашэнкі, ашчаслівіць толькі адзін народ, немагчыма, трэба нармальна ўзаемадзейнічаць і з іншымі краінамі. «Трамп жа не хлапчук, ён ужо адпрацаваў тэрмін. Яму ўжо трэба нейкія высновы рабіць. І трэба разумець, што, акрамя амерыканцаў, у свеце яшчэ больш за 200 народаў і народнасцей. І дзяржаў, якія хочуць, каб гэтыя народы добра жылі », - звярнуў увагу ён. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, ЗША ўжо не змогуць у адзіночку дамінаваць у свеце. «Ніякі Кітай яны не зламаюць і не пераламаюць», — упэўнены ён. 

Беларускі лідар таксама ўспомніў заявы Трампа наконт прэтэнзій на Грэландыю, жадання зрабіць Канаду 51-м амерыканскім штатам і перайменаваць Мексіканскі заліў у Амерыканскі. «Слухайце, свет змяніўся. Таму я думаю, што гэта такія фэйкавыя заявы, якія ніколі не будуць рэалізаваны. Гэта ўсё для СМІ — помпа. А заўтра выйдзе, скажа: „Я ядзерную бомбу на Канаду скіну, калі яна не стане 51-м штатам“. Яшчэ штосьці. Зробіць ён гэта? Не, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Гэтыя фэйкі аўтарытэту краіне не дабаўляюць: штат чарговы будзе Канада або Мексіка... Ну тады якія прэтэнзіі да Расіі? Разумееце, як адразу гэта ўсё можна праецыраваць. Таму палітыка — гэта вельмі сур’ёзна. Асабліва для кіраўнікоў буйных краін», — дадаў кіраўнік дзяржавы. 

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што глядзеў выступленне Трампа ў прамым эфіры. Ён расказаў, што ён вельмі негатыўна ўспрыняў тое, як у сваёй прамове Дональд Трамп крытыкаваў свайго папярэдніка Джо Байдэна. «Так нельга. Нельга крыўдзіць, абражаць тых, хто быў да цябе. Ну, былі. Дрэнна рабілі — выпраўляй гэтыя памылкі, народ убачыць — скажа дзякуй. У гэтым сутнасць нашай прэзідэнцкай работы», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. 

«Я вельмі рады, што ты зрабіў выснову»

На памяць аб наведванні прадпрыемства Прэзідэнту падарылі аўтобус МАЗ умяшчальнасцю 60 чалавек. Ён будзе перададзены сацыяльна-педагагічнаму цэнтру Заводскага раёна Мінска. У складзе гэтага цэнтра ёсць чатыры структурныя падраздзяленні, у тым ліку дзіцячы сацыяльны прытулак. Аляксандр Лукашэнка пагадзіўся, што там аўтобус больш патрэбны. 

«Я вельмі рады, што ты зрабіў выснову з таго, што мне дарылі раней. Прыеду — мне такую мадэльку маленькую падораць... Я кажу: „Слухайце, хлопцы, столькі для вас зрабіў, а вы мне падарылі нейкую мадэль!“ Цэлы аўтобус цяпер падарылі», — з гумарам падзякаваў Прэзідэнт дырэктару МАЗа Валерыю Іванковічу. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што з задавальненнем прыедзе на урачыстае адкрыццё новага аўтобуснага завода МАЗа, якое запланавана на пачатак мая і будзе прымеркавана да 80-годдзя Перамогі. Аляксандр Лукашэнка запэўніў завадчан, што дзяржава і надалей будзе падтрымліваць МАЗ. Але пры адной умове — калі будзе вынік. 

Аднак з пустымі рукамі з прадпрыемства Прэзідэнт не з’ехаў. Навучэнцы сталічнага каледжа аўтамабілебудавання выканалі яго даручэнне наконт распрацоўкі айчынных сякер, арганізавалі на тэрыторыі каледжа майстэрні і калун, выраблены там, падарылі кіраўніку дзяржавы. «Спадзяёмся, што гэты выраб стане вашым самым любімым, таму што зроблены рукамі нашага падрастаючага пакалення», — сказаў кіраўнік адміністрацыі Заводскага раёна Мінска Уладзімір Шыбека. Аляксандр Лукашэнка падзякаваў за такі нечаканы падарунак і паабяцаў праверыць яго ў справе яшчэ да выбараў, а таксама пры неабходнасці забяспечыць дровамі «з-пад гэтай сякеры».

Фота БелТА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю