Правядзенне выбараў і шэраг надзённых пытанняў Прэзідэнт таксама абмеркаваў са старшынямі аблвыканкамаў і старшынёй Мінскага гарвыканкама.
Як заўважыў Аляксандр Лукашэнка, снежань і студзень традыцыйна складаныя месяцы для ўлады. Сёлета, як адзначыў Прэзідэнт, навагоднія святы прайшлі без эксцэсаў. Але гэты студзень няпросты асабліва — краіна праходзіць праз выбары Прэзідэнта. З 1 студзеня пачалася актыўная фаза, агітацыя. «Я ўжо казаў давераным асобам, час няпросты. Мы павінны прайсці гэты час годна, не парушаючы заканадаўства», — сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што запрасіў губернатараў і мэра Мінска, каб абмеркаваць арганізацыю выбараў. «Я ведаю, што вы людзі вопытныя, губернатары, Адміністрацыя Прэзідэнта ведаеце, як праводзіць гэтыя выбары, што трэба рабіць. Але ні ў якім разе нельга парушаць заканадаўства па выбарах. Шчыра кажучы, нам гэта не трэба ўвогуле. Трэба гэты час годна прайсці, каб на нас не валілася ўсякая дрэнь з-за мяжы перш за ўсё, ды і каб унутры людзям не сапсаваць настрой», — сказаў ён. Прэзідэнт паўтарыў тое, што казаў і давераным асобам: «У мяне часу ня будзе на арганізацыю, кантроль перадвыбарнай кампаніі. Я вас вельмі прашу, каб мы годна ўсё арганізавалі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт падкрэсліў, што асноўную работу па арганізацыі выбараў выконвае Цэнтральная выбарчая камісія. «Але прываднымі рамянямі заўсёды была Адміністрацыя Прэзідэнта і губернатары. Таму я папрашу гэтак жа годна, як навагоднія святы, арганізаваць гэтыя дні перадвыбарчай агітацыі», — сказаў ён. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што пры гэтым нельга перашкаджаць рабоце прадпрыемстваў. «Студзень — вельмі важны месяц для эканомікі. Калі мы страцім студзень, мы тады на працягу года нічога не навярстаем. Таму ні ў якім разе не перашкаджаць працы. Каб нашы кандыдаты маглі сустрэцца там, дзе яны захочуць, і вы ім акажаце падтрымку», — сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу: правесці выбары, як свята, але не як шоу. «Нам амерыканскае шоу, дзе страляюць у вуха ці ў галаву не трэба. Нам трэба, каб гэтыя выбары годна прайшлі і мы не падстаўляліся лішні раз пад крытыку», — растлумачыў ён. Прэзідэнт звярнуў увагу, што ўпершыню выбары праходзяць зімой, таму мясцовым уладам неабходна прадугледзець усё, каб людзі змаглі дабрацца да ўчасткаў для галасавання, калі трэба — пад’ехаць да выбаршчыкаў.
«Дапамажыце выбарчым камісіям на ўчастках. Ясна, што гэтыя нягоднікі (апаненты з-за мяжы — Зв.) ужо падціскаюць нашых членаў камісій, асабліва кіраўніцтва, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Я вельмі рады, што ніхто не баіцца іх. Людзі адкрыта заяўляюць: „Так, мы члены камісій і мы будзем праводзіць і арганізоўваць выбары!“ Але падключыцца трэба. Дзе трэба, міліцыю, дзе трэба, ваенных смела падключайце. Так, каб быў парадак».
Эканоміка перш за ўсё
Аляксандр Лукашэнка параіў губернатарам не забывацца і аб галоўным. Выбары — хоць і вельмі важны этап у жыцці краіны, але і акрамя іх турбот нямала. Ды і пасля выбараў пачнуцца будні. «Трэба падрыхтавацца да пасяўной кампаніі, пасеяць як належыць, каб у людзей быў кавалак хлеба на стале. Тады не будуць страшныя нам ніякія выбары. Гэта значыць, эканоміка перш за ўсё. І тыя задачы, якія былі пастаўлены да гэтага дня, яны актуальныя для нас, пачынаючы ад сельскай гаспадаркі, прамысловасці, транспарту і гэтак далей», — сказаў Прэзідэнт. Ён прапанаваў удзельнікам сустрэчы акрэсліць пытанні, калі недзе патрэбна нейкая дапамога па вузкіх праблемах. «Мы вызначымся разам з вамі для таго, каб адрэагаваць у тым ліку на крытыку і звароты нашых людзей», — сказаў ён, маючы на ўвазе звароты падчас збору подпісаў.
У тэму
Задача ўлады — стварыць умовы. Выбар павінны зрабіць людзі
Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін расказаў журналістам, што ў яго рэгіёне абстаноўка ў перыяд электаральнай кампаніі застаецца рабочай. Дробныя праблемы, як звычайна ёсць, але яны спакойна ў рабочым парадку вырашаецца на ўсіх узроўнях. «Электаральны цыкл — гэта экзамен для ўсіх органаў улады, ён агаляе найбольш востра наспелыя праблемы. Гэта, як правіла, ЖКГ, дарогі, транспартныя зносіны. Гэта нагода для органаў улады больш інтэнсіўна вырашаць і наладжваць усе працэсы, дзе выяўляюцца праблемы», — сказаў старшыня Віцебскага аблвыканкама. Аляксандр Субоцін заўважыў, што мясцовыя органы ўлады не першы раз здаюць такі экзамен і ў цэлым сістэма адпрацаваная. «Галоўнае — арганізаваць усё якасна, паводле закона і каб выбары сталі святам для тых, хто прыходзіць галасаваць. Каб можна было прыйсці з дзецьмі, каб было бяспечна, прыгожа, утульна», — сказаў ён. Старшыня Віцебскага аблвыканкама падкрэсліў, што ў вобласці зрабілі работу над памылкамі пасля папярэдніх выбараў, таму пры правядзенні сёлетняй электаральнай кампаніі глабальных праблем няма.
Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік зрабіў акцэнт на тым, што падчас сёлетняй выбарчай кампаніі для ўсіх відавочная кансалідацыя грамадства. «Мы бачым, што этап тэхнічнай падрыхтоўкі прайшоў паспяхова і ў цэлым сістэма гатова забяспечыць магчымасць людзям скарыстацца сваім электаральным правам у камфортных, бяспечных умовах. Гэта асноўная задача ўлады — стварыць умовы. Выбар павінны зрабіць людзі», — адзначыў ён.
Уладзімір Каранік расказаў, што на нарадзе ў Прэзідэнта абмяркоўвалася і ў тое, як далейшым палепшыць, актывізаваць працу па добраўпарадкаванні тэрыторый, па ўдасканаленні вулічнай, дарожнай сеткі, па спрашчэнні афармлення дакументаў для юрыдычных асоб у галіне зямельных адносін. «Гэта была рабочая нарада для таго, каб абмеркаваць, якім чынам без разварушвання, не спачываючы на лаўрах паспяховага 2024 года, плаўна ўкаціцца ў студзень, люты і сакавік, каб першы квартал захаваў пазітыўную дынаміку развіцця краіны і каб мы і далей стваралі трывалы фундамент, на які будзе абапірацца наступная пяцігодка», — адзначыў губернатар.
Фота БелТА