Новы рабочы тыдзень у Палацы Незалежнасці пачаўся прыгожа і радасна — з уручэння дзяржаўных узнагарод жанчынам. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. расказаў, што было некалькі варыянтаў правядзення гэтай традыцыйнай цырымоніі, але было вырашана працягнуць жаночае свята і ўручыць заслужаныя ўзнагароды пасля яго. «Я думаў, як вас назваць, пачынаючы свой зварот да вас. І абсалютна перакананы, што я зрабіў правільны выбар. Дарагія прыгажуні, сёння ў Палацы Незалежнасці пануе дзівосная атмасфера вясны, прыгажосці і радасці, таму што ў гасцях вы», — прывітаў ён гераінь дня.
«Вы ўвасабляеце сабой любімую Беларусь. Прыгожую, таленавітую, разумную, накіраваную ў светлую будучыню. Дзе непахісныя нармальныя, традыцыйныя каштоўнасці. Асабліва сямейныя. А дзеці — наогул святое, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Таму сёння ў зале пераважная большасць жанчын узнагароджаны, не пабаюся гэтага слова, галоўнай узнагародай — Ордэнам Маці. Вы падарылі жыццё і годна выхавалі пяцёра і больш дзетак. Схіляюся перад вамі, бо ведаю, што такое выхоўваць дзіця».
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што выхаванне дзіцяці — гэта сапраўдны штодзённы подзвіг. «Бяссонныя ночы. Бясконцыя трывогі, з нагоды і без. Велізарны гонар, калі сыны прыносяць вайсковую прысягу. І бязмерная радасць, калі вы бачыце сваіх дачок у вясельных сукенках. А потым у ваша жыццё прыходзяць унукі і аказваецца, што матчына сэрца не скончылася, а проста выйшла на новае, бясконцае кола любові, клопату і пяшчоты. І за гэта, мы, мужыкі, перш за ўсё, удзячныя вам, — адзначыў беларускі лідар. — Думаю, сёння мужыкі мне прабачаць, калі скажу, што на жаночых далікатных плячах шмат у чым трымаецца гэты шалёны свет. Бо без надзейнага тылу нават армія добра ваяваць не зможа».
Аднак, як заўважыў Прэзідэнт, беларускія жанчыны моцныя не толькі ў сямейным тыле. Беларускія жанчыны — сапраўдныя працаўніцы. «Вам скараюцца любыя прафесійныя вяршыні. Вы выдатныя настаўнікі і ўрачы. Чулыя, душэўныя, якія літаральна вядуць за руку нашых дзяцей і моладзь, ну і часам нас, мужыкоў. Якія даюць ім правільныя жыццёвыя арыенціры. Гэта асаблівая адказнасць. Вы вельмі таленавітыя ў творчых прафесіях, дабіваецеся высокіх вынікаў у спорце. Аднолькава паспяхова можаце пабудаваць дом і выбудаваць адносіны паміж людзьмі розных прафесій і ўспрымання. У калектывах, дзе кіраўнік — жанчына (а такія таксама ёсць сёння ў зале), звычайна і дысцыпліна выконваецца, і паказчыкі растуць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка пажадаў жанчымам ніколі не спыняцца на дасягнутым. "Смялей. Стаўце перад сабой самыя амбіцыйныя мэты. Прыгажосць, прафесіяналізм і добрае сэрца — найлепшая дапамога на любым абраным шляху«,- дадаў ён. Прэзідэнт яшчэ раз павіншаваў жанчын з добрымі, цёплымі, вясновымі святамі і заслужанымі ўзнагродамі. «У вашай асобе я ад душы дзякую ўсёй цудоўнай палове Беларусі за тое, што вы робіце для сваіх блізкіх і ўсёй краіны. Мы, беларускія мужчыны, заўсёды памятаем, вы — найлепшае, што ў нас ёсць. Самае блізкае і роднае. Мы захапляемся, шануем вас. І калі мы нават гэта свету не паказваем — не верце, што мы не даражым вамі. Мы проста гэта паказваць не хочам. Усё хочам быць вышэй, першымі, забываючы аб тым, што мы даўно ўжо страцілі гэта першынства», — прызнаўся Аляксандр Лукашэнка. Ён пажадаў жанчынам моцнага здароўя, міру і дабрабыту. «А яшчэ — будзьце заўсёды шчаслівыя, а мы чым зможам — дапаможам! Але самае галоўнае, каб вы не перажывалі за сваіх дзяцей. Галоўнае, што мы абавязкова зробім (пакуль я жаночы Прэзідэнт), — мы створым роўныя ўмовы для ўсіх дзяцей, дзе яны павінны быць. Астатняе — за вамі. Калі будзе зусім цяжка — кажыце», — дадаў беларускі лідар.
«Гэта самае вялікае шчасце...»
Дзяржаўныя ўзнагароды знайшлі больш за 30 сваіх гераінь. Гэта жанчыны, якія пабудавалі выдатныя кар’еры ў розных сферах дзейнасць. І тыя, хто больш чым паспяхова выканаў сваё галоўнае прызначэнне, — сталі шчаслівымі маці. Многія з гэтых жанчын паспяхова сумяшчаюць прафесійнае развіццё і выхаванне дзяцей.
Святлана Дарожка з Гродна працуе кандытарам і выхоўвае пяцёра дзяцей, старэйшаму 15 гадоў, а малодшым двайнятам — усяго паўтара года. «Вялікая сям’я — гэта мая мара яшчэ з часоў вучобы ў школе. Я адразу сказала бацькам, што хачу, каб у мяне быў вялікі дом і ў ім жыла вялікая сям’я. Мы з мужам маю мару спраўдзілі. І сёння, калі гэтыя маленькія ручкі абдымаюць цябе за шыю, па некалькі разоў на дзень кажуць „мама, я цябе люблю“ — гэта самае вялікае шчасце ў жыцці», — прызналася яна. Па словах Святланы, дзеці і клопат аб іх патрабуюць шмат сіл і часу, у шмат чым прыходзіцца сабе адмаўляць, але ўсе магчыма паспяваць, калі ёсць падтрымка сям’і, мужа, бабуль і дзядуль. «Калі ў сям’і ёсць любоў, падтрымка, тады і дзеці растуць, і ўсе цяжкасці па плячы», — падзялілася сваім сакрэтам Святлана.
Валянціна Гур’янава — урач-афтальмолаг і маці пяцярых дзяцей, жыве ў Мінску. «Мацярынства для жанчыны — гэта галоўная каштоўнасць. І мы вельмі шчаслівыя, што ў нашай сям’і столькі дзяцей. Мы з мужам стараемся іх выхоўваць добрымі людзьмі. І мы вельмі ўдзячныя нашай дзяржаве за падтрымку, за тое, што ў нашай краіне створаны ўсе ўмовы, каб можна было нараджаць і выхоўваць дзяцей.- падзялілася яна. — Ордэн Маці — гэта вялікі гонар для мяне і вялікая адказнасць».
Ала Барчук усё жыццё выхоўвала дзяцей, працуючы настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. За гэту плённую працу настаўніцы Старасельскай сярэдняй школы прысвоена ганаровае званне «Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь». «Я марыла стаць настаўніцай з дзяцінства. Я прысвяціла педагагічнай дзейнасці 45 гадоў і ні дня не шкадавала аб сваім выбары. І хоць я ўжо даўно на заслужаным адпачынку, усё роўна кожны дзень прыходжу ў клас да дзяцей, вучу іх, бо не ўяўляю, як можна інакш. Прафесія настаўніка вельмі адказная, і складаная. Настаўнік выконвае асаблівую місію, ён не толькі навучае, але і выхоўвае, і менавіта ад яго залежыць, якім будзе наша маладое пакаленне. Бедны той, у каго няма жыццёвай мудрасці, жыццёвага скарбу, які ніхто не можа адняць, — гэта любоў да сваёй зямлі, да свайго народа, да роднай мовы. І я стараюся даць сваім дзеткам гэтыя скарбы», — расказала Ала Барчук.
Фота БелТА