У 2024 годзе Беларусь і М’янма адзначылі 25-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін. За чвэрць стагоддзя для ўмацавання адносін паміж краінамі, якія далёкія толькі геаграфічна, зроблена нямала. Наладжаны рэгулярныя міжведамасныя кантакты, развіваецца дагаворна-прававая база. Наладжаны дыялог і на найвышэйшым узроўні, пацверджаннем чаго сталі перагаворы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Прэм’ер-міністрам, Старшынёй Дзяржаўнага адміністрацыйнага савета Рэспублікі Саюз М’янма Мін Аун Хлайнам.
Сустрэча ў Палацы Незалежнасці пачалася з традыцыйнай для такіх візітаў афіцыйнай цырымоніі з удзелам роты ганаровай варты. Аляксандр Лукашэнка асабіста сустрэў высокага госця. І яшчэ адна важная традыцыя такіх сустрэч — сумеснае фота. Пасля цырыманіяльных працэдур лідары краін пачалі перагаворы, якія праходзілі не для пратаколу, а для канкрэтных дамоўленасцей.
«Мы выбудавалі падмурак нашых будучых адносін»
На перагаворах у вузкім складзе Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што вельмі рады сустрэцца з Мін Аунам Хлайнам і выказаў шкадаванне, што так і не пабываў у М’янме. «Я добра ведаю гісторыю М’янмы. Нашы людзі вельмі працавітыя, у гэтым мы падобныя адзін да аднаго. Але ваша краіна мае неймаверна больш магчымасцей для развіцця і росквіту. Вы практычна знаходзіцеся на беразе Індыйскага акіяна, і гэта вельмі важна», — сказаў беларускі лідар.
Мін Аун Хлайн наведваў Беларусь у 2014 годзе. Аляксандр Лукашэнка ўспомніў, што ў той візіт бакі аб многім дамовіліся і былі задаволеныя гэтымі дамоўленасцямі. Але час хутка бяжыць, у свеце адбыліся грандыёзныя, глабальныя змены. «Павінен вам сказаць, што на фоне негатыўных тэндэнцый у свеце і канфліктаў і войнаў мы маем станоўчую дынаміку для нашых краін, для Беларусі і М’янмы. Аналізуючы дынаміку нашага супрацоўніцтва, я прыходжу да высновы, што мы ўсё ж выбудавалі падмурак нашых будучых адносін. І сёння нам трэба рухацца наперад, далей», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што закрытых тэм паміж Беларуссю і М’янмай на сёння няма.
Беларускі лідар прапанаваў абмеркаваць асноўныя напрамкі супрацоўніцтва. «Для таго, каб замацаваць гэтыя кірункі, вызначыць нашую стратэгію, нам трэба мець некалькі праектаў фундаментальных з М’янмай для таго, каб рухацца наперад. Няхай гэта будзе няшмат для пачатку праектаў. Але гэта павінны быць глабальныя фундаментальныя праекты, якія пацягнуць за сабой і іншыя кірункі супрацоўніцтва», — сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі вельмі вялікі інтарэс да М’янмы. «Вы маеце шмат чаго, у чым мы маем патрэбу. Я думаю, і мы будзем вам карысныя. Таму я прапаную вам сур’ёзна вывучыць Беларусь у плане напрамкаў развіцця нашай краіны — прамысловасці, сельскай гаспадаркі, лагістыкі. І калі нешта ўбачыце карыснае для вас, ведайце, што мы заўсёды гатовыя рэалізаваць вашыя інтарэсы», — удакладніў ён.
Мін Аун Хлайн падзяліўся сваімі назіраннямі аб тым, як паспяхова развіваецца Беларусь з моманту яго папярэдняга візіту ў нашу краіну. Ён падзякаваў Прэзідэнту за гасціннасць. «Беларусь развіваецца, і гэта доказ таго, што ў Беларусі добры лідар, пад вашым кіраўніцтвам краіна развіваецца. Я хацеў бы павіншаваць вас з перамогай на прэзідэнцкіх выбарах. Гэта сведчанне таго, што народ вам давярае», — адзначыў лідар М’янмы.
Мін Аун Хлайн удакладніў, што М’янма знаходзіцца ў Паўднёва-Усходняй Азіі, паміж магутнымі дзяржавамі. Таму вельмі сур’ёзна ставіцца да бяспекі. У час папярэдняга візіту ў Беларусь ён займаў пасаду Галоўнакамандуючага Узброеных Сіл М’янмы і тады абмяркоўвалася ў асноўным ваенна-тэхналагічнае супрацоўніцтва. «Я ўпэўнены, што Беларусь мае патэнцыял супрацоўніцтва з нашай краінай і ў іншых сферах. Мэта майго візіту на гэты раз — пашырэнне супрацоўніцтва, асабліва галіновага, паміж нашымі краінамі», — адзначыў Мін Аун Хлайн.
«У Беларусі і М’янмы значны нерэалізаваны патэнцыял»
Абмеркаванне найважнейшых пытанняў супрацоўніцтва кіраўнікі дзяржаў прадоўжылі ў пашыраным складзе. Да іх далучыліся члены ўрадаў, якія курыруюць профільныя напрамкі — навуку і адукацыю, сельскую гаспадарку, прамысловасць, ахову здароўя, ваенна-прамысловы комплекс. «Толькі што ў вузкім складзе мы ўжо абмеркавалі шэраг напрамкаў і прыйшлі да высновы: у Беларусі і М’янмы значны нерэалізаваны патэнцыял. — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — За 25 гадоў з моманту ўсталявання дыпламатычных адносін зроблена нямала, але, размаўляючы ў вузкім складзе, мы канстатавалі, што гэтага недастаткова. І дамовіліся аб тым, што выпрацуем канкрэтны план далейшага нашага супрацоўніцтва, зацвердзім яго і рэалізуем».
Прэзідэнт падкрэсліў, што вітае рашэнне аб павышэнні ўзроўню дыпламатычнага прадстаўніцтва М’янмы ў Беларусі. Беларускі бок таксама ў гэтым накірунку будзе рухацца. «Я падтрымліваю вас у тым, што лакаматывам нашага супрацоўніцтва павінны стаць канкрэтныя эканамічныя праекты ў найбольш перспектыўных галінах», — адзначыў беларускі лідар. Па яго словах, такія сферы, як абарона інфармацыі, юстыцыя, сельская гаспадарка, у якіх юрыдычна замацаваныя дамоўленасці, — гэта далёка не вычарпальны пералік напрамкаў, у якіх варта развіваць супрацоўніцтва. «Калі Вас зацікавіць у нашай краіне нешта яшчэ, — скажыце. Мы абавязкова разгледзім вашы прапановы і будзем старацца зрабіць усё. Для вас няма закрытых тэм», — запэўніў кіраўнік дзяржавы.
У чацвер, напярэдадні перагавораў лідараў дзвюх краін, у Мінску прайшоў Беларуска-М’янманскі бізнэс-форум, у рамках якога былі падпісаныя кантракты па розных галінах. Напрыклад, кантракты на пастаўку беларускага сухога малака, трактарнай тэхнікі ў М’янму, падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне вытворчасці шын і вытворчасці малочных прадуктаў і дзіцячага харчавання. Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Мін Ауну Хлайну за тое, што ён асабіста падтрымаў гэтаеважнае мерапрыемства. Падчас форуму бакі змаглі шмат чаго абмеркаваць у сферы прамысловай кааперацыі, лагістыкі, паставак тэхнікі, медыкаментаў і прадуктаў харчавання. Прэзідэнт звярнуў увагу, што у М’янмы вялікую цікавасць выклікаюць беларускія трактары. «Мы гатовы арганізаваць у вас, па вашым жаданні, зборачныя вытворчасці. І зробім гэта вельмі аператыўна», — паабяцаў ён.
Кіраўнік беларускай дзяржавы падкрэсліў, што таксама вітае рашэнне аб аднаўленні дзейнасці Сумеснага Беларуска-М’янманскага камітэту па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве.. «Думаю, мы павінны гэта зрабіць. І нам трэба на ім абмяркоўваць перспектывы нашага супрацоўніцтва і рэалізацыю таго плану, які мы з вамі ў бліжэйшы час зробім», — адзначыў беларускі лідар.
Беларусь, як вядома, з’яўляецца членам ЕАЭС, ШАС. «Вы павінны быць упэўненыя, што, калі ў вас з’явіцца цікавасць да гэтых арганізацый, мы абавязкова акажам вам адпаведную дапамогу і падтрымку», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён запэўніў, што Беларусь гатова павышаць і гуманітарнае супрацоўніцтва з М’янмай. Гэта тычыцца прамых кантактаў ВНУ, навучання м’янманскіх грамадзян у нашай краіне.
Беларускі лідар прапанаваў вярнуцца да пытання падпісання міжурадавага пагаднення аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве. Праект яго знаходзіцца ў М’янме. «Мы таксама выступаем за стварэнне Сумеснай Беларуска-М’янманскай камісіі па навукова-тэхнічным і інавацыйным узаемадзеянні», — дадаў ён.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў Беларусі кожны год адпачываюць дзеці з іншых краін. «Я пацвярджаю гатоўнасць прыняць групу дзяцей з М’янмы на адпачынак і аздараўленне летам 2025 года», — сказаў ён.
Дэлегацыя М’янмы прымала ўдзел ў назіранні за выбарамі Прэзідэнта Беларусі ў студзені гэтага года. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што беларускі бок таксама гатовы накіраваць беларускіх назіральнікаў на выбары ў М’янме.
«У нас наперадзе вялікія магчымасці. Але час ідзе хутка. Давайце не ўпусцім яго і скарыстаемся нашымі магчымасцямі, каб паглыбіць і пашырыць нашы адносіны. Мы да гэтага гатовы», — падсумаваў Аляксандр Лукашэнка.
Мін Аун Хлайн падкрэсліў, што адлегласць паміж краінамі вялікая, але адносіны ў сферах дыпламатыі, ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва развітыя вельмі добра, што дазваляе ўмацаваць дружбу паміж Беларуссю і М’янмай. «Мой візіт мае мэтай паляпшэнне ўзроўню адносін паміж нашымі краінамі», — сказаў лідар М’янмы. Прэм’ер-міністр М’янмы падкрэсліў, што яго краіна зацікаўлена ў пашырэнні эканамічных адносін з Беларуссю.
М’янма — сельскагаспадарчая краіна, і, па словах яе лідара, мае патрэбу ў тэхналогіях, каб палепшыць узровень сельскагаспадарчай дзейнасці. Гэта краіна зацікаўлена ў сельскагаспадарчых тэхналогіях, якімі валодае Беларусь. Таксама М’янме неабходныя калійныя, азотныя ўгнаенні, якія вырабляюцца ў Беларусі. Мін Аун Хлайн прапанаваў беларускім партнёрам інвеставаць у выраб угнаенняў, бетону ў і іншыя вытворчасці М’янме.
Усе дамоўленасці будуць аформлены ў дарожнай карце
Пра вынікі перагавораў і дасягнутыя дамоўленасці кіраўнікі дзяржаў расказалі журналістам. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што разглядае візіт прэм’ер-міністра М’янмы ў Беларусь як вялікую падзею ў развіцці адносін дзвюх краін. Ён расказаў, што падчас перагавораў яны абмеркавалі канкрэтныя напрамкі супрацоўніцтва, найпадрабязнейшым чынам спыніліся на гандлёва-эканамічным і гуманітарным партнёрстве. «Дамовіліся, што ўсе нашы пажаданні і дамоўленасці будуць аформлены ў сур’ёзным дакуменце — дарожнай карце, плане нашага далейшага супрацоўніцтва. — адзначыў беларускі лідар. — Мы гатовы зрабіць усё для таго, каб М’янма магла забяспечваць сваю харчовую і тэхналагічную бяспеку. Мы дакументальна замацавалі нашы намеры сумесна рухацца наперад у прамысловай кааперацыі, сельскай гаспадарцы, фармацэўтыцы і навуцы. Гэта тыя галіны, дзе Беларусь мае вельмі высокія кампетэнцыі. І гэта пацвердзілася на бізнес-форуме, які прайшоў напярэдадні».
Прэзідэнт расказаў, што ў бліжэйшы час будзе створана сумесная камісія па інавацыйным і навукова-тэхнічным узаемадзеянні. Бакі дамовіліся актывізаваць гуманітарнае супрацоўніцтва. «Мы будзем больш прыцягваць у Беларусь больш м’янманскіх студэнтаў. Мы дамовіліся, што сёлета на аздараўленне ў Нацыянальны дзіцячы цэнтр „Зубраня“ запрошана першая група дзяцей з М’янмы», — удакладніў кіраўнік дзяржавы.
У бліжэйшы час беларускія спецыялісты наведаюць М’янму і спецыялісты з М’янмы пабудуць у Беларусі для таго, каб глыбока і ўсебакова вывучыць магчымасці і пашырыць ўзаемадзеянне. «Мы з прэм’ер-міністрам адзін на адзін абмяняліся пэўнымі дамоўленасцямі. І я прыйшоў да высновы, што закрытых тэм для супрацоўніцтва няма. Мы па прапанове прэм’ер-міністра М’янмы гатовы працаваць ва ўсіх сектарах эканомікі. Беларусь таксама гатова да працы са спецыялістамі з М’янмы тут», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Лідары Беларусі і М’янмы зацвердзілі Мемарандум аб намерах, які прадугледжвае канкрэтныя практычныя крокі ў мэтах паступальнага і дынамічнага развіцця далейшага супрацоўніцтва па ўсіх напрамках, якія былі абмеркаваны падчас гэтага візіту і па якіх ужо дасягнуты канкрэтныя дамоўленасці на палях бізнес-форуму.
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў за запрашэнне наведаць М’янму і выказаў упэўненасць, што хутка яны сустрэнуцца там з Мін Аун Хлайнам, каб пракантраляваць, як выконваюцца дасягнутыя дамоўленасці і акрэсліць новыя перспектыўныя напрамкі для супрацоўніцтва.
Мін Аун Хлайн прапанаваў беларускаму боку накіраваць сваю дэлегацыю назіральнікаў за выбарамі, якія пройдуць у М’янме сёлета. Аляксандр Лукашэнка прапанову прыняў і даў каштоўную параду: «Рабіце ўсё, што выгадна для вашай краіны. Натуральна, усё, што вы будзеце рабіць, будзе камусьці не падабацца. Будуць і санкцыі, якія ёсць у нас і ў вас. Але санкцыі — гэта час магчымасцей. Таму мы дамовіліся з вамі скарыстацца гэтымі магчымасцямі і ўзмацніць, паглыбіць адносіны паміж дзяржавамі. І мы гэта зробім». Мін Аун Хлайн пагадзіўся з беларускім лідарам: «Гэта праўда, санкцыі — гэта магчымасці. Краіны аб’ядноўваюцца і могуць магутна супрацьстаяць тым краінам, якія ўвялі санкцыі. Яны думаюць, што калі выкарыстоўваюць ціск у выглядзе санкцый, то атрымаюць вынік, але гэта не так. Гэта прыводзіць толькі да канфліктаў».
Свой візіт у Беларусь прэм’ер-міністр М’янмы назваў паспяховым. Ён асабліва падкрэсліў магчымасць адкрыта абмеркаваць шырокі спектр пытанняў з беларускім лідарам і падзякаваў Беларусі за пастаянную падтрымку М’янмы на міжнароднай арэне.
Па выніках перагавораў бакі падпісалі пакет дакументаў, мэта якіх — умацаванне супрацоўніцтва і павышэнне ўзроўню адносін Беларусі і М’янмы. У прыватнасці, падпісана пагадненне аб узаемнай абароне сакрэтнай інфармацыі. Бакі падпісалі Мемарандум аб намерах у адносінах сумесных дзеянняў па развіццю беларуска-м’янманскага супрацоўніцтва. Паміж Міністэрствам спорту і турызму Рэспублікі Беларусь і Міністэрства спорту і моладзі Рэспублікі Саюз М’янма падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы спорту. Пагадненне аб супрацоўніцтве падпісалі Міністэрства юстыцый Рэспублікі Беларусь і Міністэрства прававых пытанняў Рэспублікі Саюз М’янма. Пагаданне аб супрацоўніцтве ў сферы сельскай гаспадарцы і харчовай бяспекі падпісалі адпаведныя ведамствы дзвюх краін.
А скончыліся перагаворы ў Палацы Незалежнасці на вельмі прыгожай ноце. Мін Аун Хлайн узнагародзіў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку Ордэнам Саюза М’янмы I ступені. Гэта найвышэйшая грамадзянская ўзнагарода краіны, якая прысуджаецца ўрадам. Аляксандр Лукашэнка быў удастоены яго за ўклад у развіццё дружалюбнага двухбаковага супрацоўніцтва ў розных сферах. «Гэта аванс, я разумею. Буду рабіць усё для таго, каб апраўдаць яго», — адзначыў Прэзідэнт.
Фота БелТА